17 снежня ў Беластоку пройдзе асаблівы вечар – сустрэча з фестывалем беларускіх фільмаў „Bulbamovie“.
Удзельнікі паглядзяць 2 новыя фільмы маладога пакалення кінатворцаў з Беларусі, а пасля сеансаў будзе магчымасць пагаварыць пра тое, што такое беларускае кіно – і ці існуе яно наогул?
Размова з удзелам творцаў, кінакрытыкаў і куратараў: Юры Сямашка (рэжысёр фільма „Лебядзіная песня Фёдара Озерава”), Максім Жбанкоў (культуролаг), Мікалай Лаўранюк (музыка, раней каардынатар беларускага конкурсу на фестывалі „Лістапад“) і Януш Гаўрылюк (стваральнік і арганізатар фестывалю беларускіх фільмаў „Bulbamovie“).
Размова пра тое, што адбываецца з беларускім кіно, дзе сёння ягоныя аўтары, ці магчыма яго адраджэнне і якую ролю ва ўсім гэтым адыграў „Bulbamovie“.
⚫ 17.30: „Лебядзіная песня Фёдара Озерава“ (рэж. Юры Сямашка, Літва, Нямеччына, 2025 / 78’)
Фёдар Озераў мае 25 гадоў і адну мэту – стаць геніяльным музыкам. Аднак замест таго, каб ствараць, ён бясконца гартае Tinder і сочыць за вынікамі пошуку свайго альбома „Мінскі сіндром“. Калі свет, здаецца, рухаецца да вайны, ён уцякае ў мастацкую ізаляцыю і адпраўляецца ў сюррэалістычнае падарожжа па зімовай Варшаве ў пошуках свайго „чараўнічага світара з рамонкамі“.
Фільм, паказаны на Берлінале – бліскучая, іранічная і паэтычная гісторыя пра трывогу сучаснасці і пакаленне, згубленае ў свеце фэйкавых навінаў і інфармацыйнага хаосу.
🎬 Размова з рэжысёрам фільма Юрыем Сямашкам
⚫ 19.30: „Хто я?“ (рэж. Жэня Дарк, Беларусь, 2025 / 70’)
Вучні збіраюцца сустрэць Хэлоўін ў „мажора“, лідара класа, але святкаванне перапыняе нечакана ўсплылы з нядаўняга мінулага трагічны эпізод здзеку з настаўніцы, за які ўсім даводзіцца расплачвацца самым жорсткім і фатальным чынам.
Прыпавесць пра беларускае „грамадства-падлетак“ 2020 года, якое не здольнае на ініцыяцыю і сталенне.
🎬 Дыскусія: „Беларускае кіно, якога няма“