У сераду, 4 сакавіка, у галерэі Шчамялёва адкрываецца выстава графікі Уладзіміра Басалыгі «Пад нябёсамі радзімы».
На выставе — больш за 40 твораў. Сярод іх аўталітаграфіі, афорты і графічныя аркушы, створаныя пры дапамозе каляровых і вугальных алоўкаў, тушы, пастэлі. У
ладзімір Басалыга належыць да пакалення мастакоў, якім наканавана было ствараць нацыянальную школу графікі сучаснага беларускага мастацтва.
Сфарміраваны адлігай 1960-х Уладзімір Басалыга пачынаў свой творчы шлях як кніжны графік. Яму, мастаку-пачаткоўцу, прапаноўвалі афармляць кнігі выдатных беларускіх паэтаў.
Упершыню на выставе будуць прадстаўлены каляровыя малюнкі архітэктурных помнікаў, якія мастак выканаў адразу пасля падарожжаў па гістарычных мясцінах. Малюнкі дазваляюць больш глыбока зразумець творчыя пошукі мастака перад тым, як распачаць працу над вялікімі літаграфіямі.
Серыя «Помнікі дойлідства Беларусі» была створана ў няпростыя для нацыянальнай культуры часы. Сваімі аўталітаграфіямі мастак заклікаў грамадства да захавання гэтай прыгажосці, створанай нашымі таленавітымі продкамі.
Помнікі дойлідства на лістах Уладзіміра Басалыгі — гэта магутныя сведкі нашай гісторыі, якія захапляюць сваёй вёлічнай красой.
Серыя «Ахвяры духоўнага Чарнобыля» прысвечана хрысціянскім святыням, якія былі знішчаны ў ліхалеццях войн, а таксама ў часы заняпаду рэлігійных традыцый.
У графічных аркушах Уладзіміра Басалыгі паўсталі ў сваёй непаўторнай прыгажосці даўно страчаныя драўляныя і каменныя бажніцы яго роднай Случчыны, звесткі пра якія мастак рупліва збіраў з розных крыніц.
Выстава працуе да 19 красавіка.