Названыя пераможцы Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас»

На цырымоніі ўзнагароджання Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас», якая адбылася 28 лютага ў кінатэатры Luna ў Варшаве, назвалі пераможцаў трэцяй эдыцыі.

«Čyrvony vieras»

Найлепшымі беларускімі фільмамі і фільммейкерамі 2023 і 2024 гадоў былі прызнаныя:

«Найлепшы ігравы поўнаметражны фільм»

«Пад шэрым небам» Мары Тамковіч

«Найлепшы ігравы кароткаметражны фільм»

«Say Cheese» Кіры Альшэўскага

«Найлепшы дакументальны поўнаметражны фільм»

«Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча

«Найлепшы дакументальны кароткаметражны фільм»

«Святая вада» Андрэя Куцілы

«Найлепшы анімацыйны фільм»

«Кроў і караоке» Юрыя Сямашкі

«Найлепшы дакументальны рэпартаж»

«Без рэтушы: Сяргей Пукст» Аляксандра Гарадка і Канаплёва+Лейдзік

«Найлепшы(ая) рэжысёр(ка)»

Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч за фільм «Радзіма»

«Найлепшы актор»

Валянцін Навапольскі за ролю ў фільме «Пад шэрым небам»

«Найлепшая акторка»

Аляксандра Вайцяховіч за ролю ў фільме «Пад шэрым небам»

«Найлепшая праца аператара(кі)»

Сяргей Канаплянік за фільм «Радзіма»

«Найлепшы сцэнар»

Андрэй Кашперскі і Міхаіл Зуй за фільм «Працэсы»

«Найлепшае мастацкае рашэнне (праца мастака(чкі)-пастаноўшчыка(цы)»

Аляксандр Адамаў за фільм «Працэсы»

«Найлепшы мантаж»

Iлля Бажко за фільм «Працэсы»

«Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)»

Праект «Крос-культурны музычны дыялог» за фільм «Чароўныя нажнічкі»

«Адкрыццё года»

Ананімны ўдзельнік

Таксама былі ўручаныя дзве «Спецыяльныя згадкі»:

  • Стваральнікам фільму «Чароўныя нажнічкі» — «За руплівую працу — збор, захаванне і ўзнаўленне страчанай часткі нашай спадчыны — культуры беларускага габрэйства, і праз іх — за дапаўненне і ўзбагачэнне беларускасці»;

  • Беларускім палітвязням — «У гонар шматлікіх палітзняволеных і іхных трагічных лёсаў, якія не дазваляюць рэжысёрам маўчаць і прымушаюць апавядаць свету пра беларускую сучаснасць і траўматычнае мінулае».

Прызы для пераможцаў былі зноў створаныя мастаком Аляксандрам Адамавым: цэгла, з якой прабіваецца галінка верасу, уяўляе сабою метафару беларускага кіно. Узнагароды ўручалі пераможцы мінулай эдыцыі кінапрэміі кампазітарка і арганістка Вольга Падгайская, аператарка Таццяна Гаўрыльчык, дакументалістка і журналістка Ксенія Галубовіч, рэжысёр і сцэнарыст Аляксей Палуян, таксама мастачка Яна Шостак, пісьменніца Святлана Курс, журналістка і былая палітзняволеная Ірына Слаўнікава, сябра журы Максім Жбанкоў ды замежныя калегі прадзюсар з Нямеччыны Петэр Ромэль, кастынг-дырэктар з Польшчы Пётр Бартушэк, мецэнат і падтрымальнік беларускай культуры Мацей Радзівіл, рэжысёр, прадзюсар, дырэктар Школы Вайды і «Wajda Studio» Філіп Марчэўскі, польская рэжысёрка Агнешка Голянд.

У склад журы «Чырвонага верасу’26» увайшлі 20 экспертаў і экспертак: сузаснавальнікі і арганізатары кінрэміі Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі, а таксама журналісты, кінакрытыкі, кіназнаўцы, і даследнікі кіно Наталля Вавілонская, Максім Жбанкоў, Вольга Ісакава, Саша Разор, Ульяна Рубанава, Ігар Сукманаў, Альміра Усманава, Ганна Яфрэменка. Некаторыя сябры журы з меркаванняў бяспекі застаюцца ананімнымі.