Дзень памяці Якуба Коласа

14.08.2017 13:00 - 17:00 Ээкскурсія па горадзе, ускладанне кветак Бясплатнае

13 жніўня 1956 года пайшоў з жыцця народны паэт Беларусі Якуб Колас (Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч). Яшчэ пры жыцці паэт быў адным з тых, хто ўвасабляў нашу нацыянальную літаратуру, быў гонарам і сумленнем кожнага беларуса. Якуб  Колас  не  толькі  бліскучы  майстар  мастацкага  слова,  але  і  глыбокі  інтэлектуал,  яркі  нацыянальны  мысліцель, адзін з заснавальнікаў новай беларускай прозы, аўтар неўміручых паэтычных шэдэўраў “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, славутых палескіх аповесцяў, алегарычных “Казак жыцця”, апавяданняў і вершаў, якія сталі нацыянальнай класікай.

Якуб Колас  —  фенаменальная  з’ява  нацыянальнай  літаратуры   і   культуры,   філасофіі   і   эстэтыкі. Дзейнасць знакамітага пісьменніка, яго роля і значэнне ў нацыянальным духоўным адраджэнні беларусаў высока ацэнены нашчадкамі. Імя Коласа носяць Інстытут мовы і літаратуры і Цэнтральная навуковая бібліятэка Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр у Віцебску, плошчы і вуліцы, школы і бібліятэкі ў многіх населеных пунктах Беларусі, буйное вытворчае паліграфічнае прадпрыемства ў Мінску. У сталіцы і на радзіме Якуба Коласа, на Стаўбцоўшчыне, а таксама ў мясцінах, звязаных з жыццём і дзейнасцю Песняра, вітаюць наведвальнікаў музеі пісьменніка. Чым далей, тым больш спраўджваюцца радкі беларускага паэта Петруся Броўкі, прысвечаныя Якубу Коласу: “Твой сад цвіце ў радаснай краіне, ягоны шум прасторамі звініць, і доўга будзеш ты пад небам сінім ісці, спяваць, паэт, і жыць і жыць”.

14 жніўня, у дзень памяці паэта, музей Якуба Коласа запрашае на аўтобусна-пешаходную  экскурсію “Мінскія адрасы Якуба Коласа”, якая дапаможа глыбей пазнаць жыццё беларускага Песняра праз падарожжа па мясцінах у Мінску, якія звязаны з яго імем. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, дзе Якуб Колас працаваў больш за трыццаць гадоў, займаў пасаду віцэ-прэзідэнта, Мінскі астрог, у якім на працягу трох гадоў паэт адбываў пакаранне за ўдзел у нелегальным настаўніцкім з’ездзе, БДУ, дзе з 1923 па 1926 гг. выкладаў дацэнт Канстанцін Міцкевіч, плошча Якуба Коласа, дзе размешчаны  помнік народнаму паэту і героям яго твораў работы Заіра Азгура, дом на Старожоўцы, які сям’я паэта  арандавала з 1921 па 1927 гг. у заможнага гаспадара Вільгельма Русецкага і дзе знакаміты пісьменнік скончыў свае найлепшыя паэмы “Новая зямля” і “Сымон-музыка”, напісаў аповесці “У Палескай глушы”, “У глыбі Палесся”, “На прасторах жыцця”, п’есы, вершы, казкі для дзяцей, шматлікія публіцыстычныя артыкулы, Цэнтральны  дзіцячы парк імя М. Горкага, які пазнаёміць з даваенным жыццём сям’і Якуба Коласа. Апошнім пунктам наведвання стануць Вайсковыя могілкі.

У 15.00 адбудзецца памінальны мітынг і ўскладанне кветак да магілы Песняра. Удзел у ім прымуць члены сям’і Якуба Коласа, літаратары, грамадскія дзеячы, мастакі, навукоўцы, прыхільнікі творчай спадчыны народнага паэта Беларусі.

Адрас музея: г. Мінск, вул. Акадэмічная, 5

Тэл. для даведак: 284-15-84, 284-17-02

Афіцыйны сайт: www.yakubkolas.by

 


Вам можа быць цікава

Выстава «Рэстаўрацыйная майстэрня» ў Віцебску

25.04.2025 11:00 - 31.08.2025 18:00 мастацкі музей (вул. Леніна, 32)

Kretsu / Petchenko / Matjukhov Trio ў Сопаце

11.05.2025 (19:00 - 21:00) Teatr BoTo (Bohaterów Monte Cassino 54B)

Спектакль «Зэкамерон» у Цюрыху

31.05.2025 (17:00 - 19:00) Theater Stok Zürich (Hirschengraben 42)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ