Галоўнае пытанне: Аксана Шэлест

25.11.2015 18:30 - 21:00 Інфармацыя пра месца лекцыі будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам. Бясплатнае

Лятучы ўніверсітэт запрашае на чарговую лекцыю серыі “Галоўнае пытанне”. Аксана Шэлест выступіць 25 лістапада на тэму “Грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі: што мы можам супрацьпаставіць паліттэхналогіям трэцяга пакалення?”

Паліттэхналогіі трэцяга пакалення – канцэпт, уведзены беларускім філосафам і метадолагам Уладзімірам Мацкевічам для схоплівання працэсаў маніпуляцыі грамадскай свядомасцю ў Беларусі і Расіі ў актуальнай соцыягістарычнай сітуацыі. Гэта разнавіднасць прыёмаў і метадаў, якія дазваляюць забяспечыць беспраблемнае існаванне аўтарытарных рэжымаў пры захаванні бачнасці дэмакратычных працэдур і наяўнасці палітычнай альтэрнатывы. Для таго каб рэалізоўваць сваю функцыю, паліттэхнолагам трэба мець інструменты кантролю пратэстнай часткі грамадства, яе паводзінаў і актыўнасці. Не менш важная задача – забяспечыць кіравальнасць грамадскай думкі, прычым не толькі «на паперы», маніпулюючы дадзенымі сацыялагічных апытанняў і прапагандысцкімі клішэ, але і ў рэальнасці. Эфектыўнасць выканання гэтых задачаў лёгка ацаніць нават неадмыслоўцу, варта толькі паглядзець на так званы «палітычны працэс» у Беларусі, і асабліва – на падзеі апошніх двух гадоў у Расіі.

Лёгкасць, з якой сучасныя паліттэхнолагі кіруюць грамадскай свядомасцю, здаецца амаль неверагоднай – з улікам адсутнасці «жалезнага заслона», адкрытасці доступу да інфармацыі пра падзеі ў краіне і ў свеце, наяўнасці груп і супольнасцяў, якія нясуць на сабе палітычную і цывілізацыйную альтэрнатыву ўсталяванаму парадку. Якія элементы механізма функцыянавання медыя-прасторы дазваляюць рэалізоўваць такое кіраванне? Як прынцыпы арганізацыі камунікацыі, заснаванай на чыстых і светлых ідэалах правоў чалавека, талерантнасці і мультыкультуралізму, становяцца інструментам у справе ўмацавання аўтарытарных рэжымаў? Якім чынам пабудаваная грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі і ці можам мы нешта змяніць у гэтым механізме так, каб вырвацца з кола ўзнаўлення устаноўленых правілаў гульні?

Лятучы ўніверсітэт запрашае разважаць над гэтымі пытаннямі разам з сацыёлагам, метадолагам Аксанай Шэлест. Лекцыя “Грамадска-палітычная камунікацыя ў Беларусі: што мы можам супрацьпаставіць паліттэхналогіям трэцяга пакалення?” адбудзецца 25 лістапада ў межах цыкла “Галоўнае пытанне”. Пачатак а 18.30.

Усіх жадаючых просім папярэдне зарэгістравацца. Колькасць месцаў будзе абмежаваная.

Інфармацыя пра месца лекцыі будзе дасланая зарэгістраваным удзельнікам.

Дадатковая інфармацыя па тэл: +375297422040


Вам можа быць цікава

Вечар джазавай музыкі ў Мінску

13.06.2026 (16:00 - 18:00) музей-майстэрня Заіра Азгура (вул. Азгура, 8)

Купалле на Паўночным моры

20.06.2026 16:00 - 21.06.2026 00:10 Blow Beach House in Kijkduin (Zandmotorpad, 2554 GK Den Haag)

Sviata Fest (Kupalle) ў Мінску

27.06.2026 (12:00 - 23:59) прастора «Рэха» (пр-т Незалежнасці, 95 к. 5)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ