Канцэрт фіналістаў «Заспявай 4×4»

21.10.2017 19:00 - 19:00 Клуб «ILI» (пр.Незалежнасьці, 131/1) ад 8 руб.

Прэтэндэнты на перамогу ў конкурсе «Заспявай 4×4», гурты Helious, «Малала», K3tyvana і «Тутэйшыя», выступяць на супольным канцэрце ў клубе «ILI» 21 кастрычніка. Адмысловым госцем будзе адзін з пераможцаў мінулага конкурсу – гурт Leibonik. Квіткі ўжо ў продажы!

Фіналісты конкурсу маладых выканаўцаў прайшлі некалькі этапаў – праслухалі лекцыі ад адмыслоўцаў у музычнай сферы і папрацавалі пры падтрымцы сваіх ментараў над песнямі ўлетку, далі справаздачныя канцэрты, запісалі свае творы ў студыі і прэзентавалі іх слухачам на пачатку восені. Застаўся апошні этап – фінальны канцэрт, на якім будзе названы найлепшы з чатырох выканаўцаў. Пераможца атрымае грашовы прыз (1000 руб.) і здымкі кліпа ад рэжысёра Арцёма Лобача, які рабіў кліпы J:Морс, Naka, Akute, The Toobes ды іншым беларускім выканаўцам. Журы конкурсу ацэніць гэтым разам вынікі адукацыйнай сесіі «Заспявай 4×4» і назаве выканаўцу, які найлепш выканаў творчую задачу і ўвабраў досвед, атрыманы на лекцыях, майстар-класах і ў студыі падчас конкурсу.

На перамогу ў «Заспявай 4×4» прэтэндуюць:

Гурт Helious Марыі Гаўрыленкі і Алiны Казачэнкі з песняй «Па неадступнасці» на словы паэткі Ніны Лістоты. «У ёй распавядаецца пра крызіс паміж дзяўчынай і хлопцам, ці ўвогуле пра канец гэтых адносінаў. Яны завіслі кожны ў сваім сусвеце і ніяк ім адтуль ня выбрацца. І напэўна кожны з іх чакае адно ад аднаго кроку, які ўратуе», – кажа Марыя. Дзяўчатам па 22 гады, яны вучацца ў Акадэміі мастацтваў. Разам выступаюць з 2016 году, калі заявіліся на конкурс фэсту «Бардаўская восень». Прадстаўляліся як дуэт Марыя&Аліна, але падчас навучальнай сесіі «Заспявай 4×4» узялі назву Helious.

Дзяўчаты з фолк-гурту «Малала» удзельнічалі ў фінале «Заспявай 4×4» з песняй-жартам «Кавуны пасохлі», песьня-жарт, у якой спалучыліся словы народнай песні і аўтарскі тэкст Юліаны Шырмы. Аўтарка лічыць, што сэнс гэтага твору актуальны як для мінулага, так і для сучаснасці: «Кожная дзяўчына шукае каханне, але яно ходзіць ня тымі сцежкамі. І тады даводзіцца браць ініцыятыву ў свае рукі ды займацца пошукамі. Але дзе ўсе падзеліся? У песеньцы якраз даецца гумарыстычная парада на гэты конт», – кажа Юліана. «Малала» заснавалі студэнткі беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў у 2015 годзе. Іх творчасць ужо адзначылі на некалькіх творчых конкурсах, а сёлета ў лютым у КЗ «Верхні горад» гурт даў першы сольны канцэрт.

Праект K3tyvana на чале з беларускай спявачкай грузінскага паходжання Кетэван Асраташвілі ў межах сесіі для фіналістаў «Заспявай 4×4» падрыхтаваў песню «Толькі джаз» на верш паэткі Дар’і Бялькевіч «Ня музыка». «Мы вырашылі зрабіць твор у модным цяпер кірунку, бо хочацца каб беларуская мова гучала крута і смачна, а галоўнае, каб яна была нормай, а ня рэдкасцю», – кажа Кетэван. Акром яе у праект уваходзяць 23-гадовы клавішнік Васіль Мельнічак, які задзейнічаны таксама ў ансамблі «Верасы», ды 27-гадовы дыджэй Аляксандр Плют. Выступае праект і пашыраным жывым складам.

Прэтэндуе на перамогу ў «Заспявай 4×4» таксама гурт «Тутэйшыя» з песняй «Навучы мяне жыць». «Гэта песьня пра дзяўчыну, якая доўгі час была самотнай, чакала каханне, але калі яго атрымала, то для яе стала незразумелым: як зь ім цяпер жыць. Бо бывае так, што ад кахання пачынаеш залежыць, існуе вялікая спакуса ў ім цалкам растварыцца, а гэта не развівае цябе як асобу, а хутчэй наадварот, спыняе развіццё», – так прадстаўляе сваю песню яе аўтарка Тацяна Казановіч, вядомая таксама і як паэтка. Яе гурт утварыўся ў 2014 годзе, грае ў стылях кантры, фолк-рок і поп-рок. Летась музыкі далі сольны канцэрт на сцэне Нацыянальнага акадэмічнага тэатру.

21.10. Клуб «ILI» (пр.Незалежнасьці, 131/1). Канцэрт фіналістаў «Заспявай 4×4». Пры падтрымцы Leibonik. Квіткі – 8 руб. (папярэдне), 12 руб. (у дзень). Тэлефон для даведак: +375 29 687-20-93


Вам можа быць цікава

Выстава «Мастак і яго двайнік» у Віцебску

04.12.2024 17:00 - 02.03.2025 18:00 арт-цэнтр Марка Шагала (вул. Савецкая, 25)

Філасофскія павольныя чытанні ў Варшаве

23.01.2025 (19:00 - 21:00) каворкінг FBC (Mokotowska 24)

Беларускія спевы ў Празе

25.01.2025 (14:00 - 16:00) Dům národnostních menšin (Vocelova 602/3)

Фільм «COURAGE» ў Берліне

26.01.2025 (20:00 - 22:00) Filmkunst 66 (Bleibtreustraße 12)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ