Канцэрт “МАЙСТРЫ & ВІРТУОЗЫ”

16.11.2017 19:00 - 19:00 Белдзяржфілармонія (пр. Незалежнасці, 50) Бясплатнае

16 лістапада ў Беларускай дзяржаўнай філармоніі ў рамках Міжнароднага фестывалю “Беларуская музычная восень” адбудзецца канцэрт “МАЙСТРЫ & ВІРТУОЗЫ”, у якім будуць прадстаўлены сапраўдныя шэдэўры майстроў-кампазітараў ў выкананні самага высокага ўзроўню музыкаў-віртуозаў.

Праект прымеркаваны да 100-годдзя аднаўлення Незалежнасці  Польшчы. Арганізатары канцэрта – Беларуская дзяржаўная філармонія і Польскі Інстытут у Мінску, пры падтрымцы Інстытута Адама Міцкевіча (Варшава).

Упершыню ў Мінску выступіць першая скрыпка аркестра Варшаўскай Філармоніі  МАРЫЯ МАХОЎСКА, а таксама самыя выбітныя салісты з Польшчы КАТАЖЫНА БУДНІК-ГАЛОНЗКА (альт), ЯН КАЛІНОЎСКІ (віяланчэль), МАРЭК ШЛЕЗЭР  (фартэпіяна), якія выйдуць на мінскую сцэну ў суправаджэнні Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра Беларусі.

За дырыжорскім пультам выступіць маэстра ПАВЕЛ КОТЛЯ (Польшча-Вялікабрытанія).

Сапраўднай жамчужынай канцэртнай праграмы стане прэм’ернае выкананне ў Беларусі знакамітай “ІІІ Канцэртнай сімфоніі для скрыпкі, альта, віяланчэлі, фартэпіяна і аркестра” геніяльнага Аляксандра Тансмана, сусветна вядомага  польскага кампазітара,  120-годдзе з дня нараджэння якога святкуецца ў гэтым годзе.

“ІІІ Канцэртная сімфонія Тансмана – гэта перадусім феерыя колераў, багацце рытмаў і майстэрская інструментоўка. Бліскучы твор, у якім кампазітар спалучыў рысы некалькіх эпох і двух кантынентаў. У першай частцы ён выкарыстовае неабарочную паліфонію і квазі-танцавальны рытм, а ўся  другая частка – “амерыканская”: некаторыя эпізоды маюць характар рэгтайму, чуваць блюз і  джазавыя асацыяцыі…” ( М. Гайль.)

Аляксандр Тансман з’яўляецца адным з найбольш часта выконваемых у свеце польскіх кампазітараў. Ён нарадзіўся ў г. Лодзь, але большую частку жыцця правёў за межамі Польшчы. Кампазітар  падтрымліваў сяброўскія адносіны з Морысам Равелем, Джорджам Гершвінам, Чарлі Чаплінам,  Альбертам Эйнштэйнам, Томасам Манам, Стэфанам Цвейгам і Паблам Пікаса. Падчас сусветнага канцэртнага турнэ яго асабіста прымаў у Індыі Махатма Гандзі, а імператар Японіі ўганараваў яго медалём «За ўклад у развіццё сусветнай культуры». Творы Аляксандра Тансана замаўлялі ў свой час ЮНЕСКА і каралева Бельгіі. Кампазітар з’яўляецца аўтарам  аркестроўкі знакамітага твора  Дж. Гершвіна “Амерыканец у Парыжы”, а яго музыка да фільму Г. Ратоффа “Paris Underground” была намінавана на прэмію Оскар.

Аляксандр Тансман узнагароджаны адзнакай “За заслугі перад польскай культурай” ( 1983).

У родным горадзе Лодзі што другі год адбываецца адзін з самых маштабных фестываляў у Польшчы – міжнародны “TANSMAN FESTIVAL”. Cёлета Лодзь з’яўляецца кандыдатам на сусветную выставу EXPO 2022 Łódź Polska.

У праграме канцэрта:
Станіслаў Манюшка. Фантастычная ўверцюра “Зімовая казка”
Аляксандр Тансман. Сімфонія №3 “Symfonie concertante
Дзмітрый Шастаковіч. Сімфонія №5 рэ мінор, ор.47


Вам можа быць цікава

Дзяніс Дудзінскі ва Уроцлаве

18.01.2026 17:00 - 18.12.2026 18:00 Клуб Proza (Przejście Garncarskie 2)

Выстава «Велікодны кнігасвет» у Заслаўі

05.04.2026 12:00 - 19.04.2026 17:00 (вул. Савецкая, 29)

Сустрэча з Алесем Емяльянавым-Шыловічам у Мінску (18+)

09.04.2026 (19:00 - 21:00) Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ