«Граючы бязглуздыя ролі нязломных людзей, мы можам страціць тое важнае, што ў нас ёсць»: Ганна Златкоўская пра права на боль і слабасць у эміграцыі

Ці можна паказваць ворагам свае эмоцыі і праблемы? Ці варта гаварыць пра нашы цяжкасці ў эміграцыі і дзяліцца нашым болем? Чаго насамрэч баіцца рэжым у Беларусі? Разважае Ганна Златкоўская.

Zlatkouskaia-02.jpg
Ганна Златкоўская. Фота з Фэйсбука

Зноў забароны, зноў забабоны

Нядаўна пад маім пастом пра цяжкую працу адна жанчына напісала вельмі дзіўны каментар. Цытата (арфаграфія захавана): «Кому вы пишите? Врагам на радость? Пишите в личной переписке, заведите дневник, но не в сети. Это большая ошибка сегодня все свои чувства на показ, да еще и не лучшие эмоции. Чтоб они на этом строили свои козни и знали слабые ваши места. Вы все выглядите жалко. Не позорьте всех женщин в вынужденной миграции».

Звычайна я блакую тых, хто не ўмее размаўляць з павагай, што насамрэч і зрабіла пасля яе другога адказу на мой каментар. Але мяне зацікавіла сама тэма, якую яна агучыла: нейкі сорам за ўсіх жанчын у эміграцыі. І таксама барацьба супраць ворагаў, якім ні ў якім разе не трэба паказваць свой боль.

Блямба, як мацюкаюцца ў Літве. Зноў забароны, зноў забабоны. Нейкі тупы плот, якім мы абавязаныя сябе атачыць, каб граць нейкую вялікую ролю. Гэта ўсё ўжо было з намі шмат гадоў, калі чалавеку было забаронена мець свае думкі, свае пачуцці, а заахвочвалася толькі ўсеагульная аднолькавасць.

Чаму варта дазваляць сабе быць шчырымі

Чаму мы не можам гаварыць пра нашы цяжкасці ў эміграцыі і дзяліцца нашым болем? Чаму гэта непрыгожа? Таму што вораг сочыць за намі і выкарыстоўвае супраць нас нашы эмоцыі? Якім чынам? Прапануе мне вярнуцца дадому і адсядзець гадоў дзесяць у беларускай турме? Працуючы швачкай за 10 рублёў на месяц? А я такая і пабегла, радуючыся такой нечаканасці? Ну праўда. Альбо трэба паказваць рэжыму, што мы тут, у эміграцыі, заўсёды ў шакаладзе, каб яны там лопаліся ад зайздрасці? Але ж шмат людзей, нават сярод паплечнікаў рэжыму, разумеюць, што жыццё ў чужой краіне бывае розным. Хтосьці адразу знаходзіць файную працу і адчувае сябе лёгка, а хтосьці не — і гэта нармальна. 

Ніякая праца прыбіральшчыцы або прадавачкі ўсё роўна не зменіць погляды. Таму што гэты чалавек і так страціў на радзіме свае правы, маёмасць праз крымінальную справу, нехта нават пабываў у той самай турме і з’ехаў за мяжу, каб больш не быць ахвярай тых, для каго само паняцце свабоды варожае.

Мяне шчыра бянтэжыць такі пункт гледжання — быць моцным, нават калі дрэнна. Бо такая пазіцыя не вырашае праблем, а толькі пагаршае ўнутраны псіхалагічны стан. Шчырасць жа, наадварот (асабліва перад самім сабой), дапамагае спраўляцца са складанасцямі і крочыць далей.

Шчырасць яшчэ дапамагае знаходзіць сяброў і сябровак, якім таксама цяжка. Разам людзі могуць падхапіць адно аднаго, і гэта дае адчуванне, што ты не самотны. Тым больш у нашай сітуацыі масавай вымушанай эміграцыі, калі кожны трэці пачынае жыццё з нуля і, як правіла, не ў палацы з залатымі ўнітазамі.

Ну і, вядома, нічога няма ганебнага ў тым, каб быць слабымі. І жанчынам, і мужчынам. Ганебна — не прымаць гэтага, вымушаць чалавека адчуваць сябе няправільным, каб ён саромеўся сваіх пачуццяў.

Не ведаю, адкуль у гэтай жанчыны такія ўстаноўкі, але мне вельмі шкада, калі яна жыве менавіта так, хаваючы сапраўдную сябе дзеля нейкай вялікай ідэі і супрацьстаяння з ворагам.

На мой погляд, калі мы дазваляем сабе быць шчырымі, калі прызнаемся ў нашых, хай і не заўсёды прыгожых, эмоцыях — нам становіцца лягчэй. Калі мы бачым, што побач ёсць людзі з падобнымі перажываннямі — мы разумеем, як з імі спраўляцца.

padtrymka-01.jpgМалюнак Андруся Такінданга

Парадокс праўды і шчырасці

Прывяду такі прыклад, далёкі ад палітыкі, але яскравы, пра эмоцыі. Нядаўна трэба было выступіць у адной перадачы ў літоўскім СМІ (запіс эфіру). Дык вось, мой суразмоўца спытаў у вядучага, ці нервуецца ён, бо сам вельмі хваляваўся. І вядучы шчыра прызнаўся: так, хвалюецца. У той момант я зразумела, што мае хваляванні троху зменшыліся, бо калі прафесіяналы перажываюць, — што ўжо казаць пра мяне. Стала неяк радасна і лёгка. Вось такі парадокс праўды.

padtrymka-03.jpgНягледзячы на цяжкасці з намі застаюцца нашы падтрымка і салідарнасць. Малюнак Андруся Такінданга

Так і тут: з ворагам ці без яго, пакуль мы будзем граць бязглуздыя ролі мужных і нязломных людзей, мы страцім тое важнае, што ў нас ёсць — падтрымку, салідарнасць, уменне спраўляцца з негатывам. І сапраўды зламаемся ім на радасць.

Іх якраз і турбуюць нашы адкрытасць і шчырасць. Тое, што нягледзячы на выпрабаванні, мы насуперак усяму верым у вольную Беларусь і не хочам жыць у краіне хлусні ды беззаконня. Такія розныя людзі са сваімі праблемамі, але падтрымліваюць адно аднаго нават у чужых краінах. Вось гэта іх бесіць, і з гэтым яны нічога не могуць і не змогуць зрабіць. 

Ганна Златкоўская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org