На ўзбярэжжы Балтыйскага мора, недалёка ад Пярну (Эстонія), адбыўся трэці Злёт «Вялікі Воз» — штогадовая сустрэча беларускіх навукоўцаў і даследчыкаў, якія жывуць і працуюць у розных краінах свету.

На працягу двух дзён у Злёце прынялі ўдзел 17 прадстаўнікоў беларускай акадэмічнай супольнасці з Эстоніі, Фінляндыі, Літвы, Германіі, Польшчы і ЗША. За гэты час прагучалі 12 дакладаў, прысвечаных як фундаментальным навуковым даследаванням і метадам папулярызацыі навукі, так і найбольш актуальным выклікам сучаснасці.
Праграма Злёту аб’яднала прадстаўнікоў розных навуковых дысцыплін. Абмяркоўваліся даследаванні ў галіне астраноміі, біялогіі, хіміі, генетыкі, экалогіі, сацыяльных і гуманітарных навук.
Асобныя сесіі былі прысвечаны дыскусіям аб выкарыстанні штучнага інтэлекту ў навуцы і адукацыі, сучасным біятэхналогіям, энергетычнай бяспецы, праблеме змянення клімату, а таксама перспектывам развіцця беларускай навуковай супольнасці.
Акрамя дакладаў, удзельнікі мелі магчымасць пазнаёміцца з практычнымі даследчымі дэманстрацыямі, назіраць Сонца праз спецыялізаванае астранамічнае абсталяванне, абмеркаваць сучасныя метады вывучэння біяразнастайнасці і працягнуць дыскусіі ў нефармальнай абстаноўцы. Менавіта такое спалучэнне насычанай навуковай праграмы і адкрытага дыялогу ўжо стала адметнай рысай Злёту.

Камунікацыйны кансультант і аўтар сацыяльных праектаў Андрэй Эзерын прэзентуе сваю кнігу «Ген мігранта. Пачатак»
«"Вялікі Воз" — гэта больш, чым навуковая сустрэча. Гэта месца, дзе беларускія навукоўцы розных пакаленняў, спецыяльнасцей і краін могуць адкрыта размаўляць, дзяліцца досведам, падтрымліваць адзін аднаго і разам думаць пра будучыню. Мы вельмі цэнім атмасферу даверу, якая ўзнікае тут кожны год. Менавіта яна дапамагае нараджацца новым ідэям, даследаванням і супольным праектам», — адзначаюць арганізатары.
Падчас Злёту ўдзельнікі таксама абмеркавалі планы далейшага развіцця ініцыятывы. Сярод іх — арганізацыя навуковых мікрападзей на працягу года, правядзенне навуковага фестывалю для дзяцей і дарослых, а таксама развіццё народнай навуковай прэміі «Бізон Гіґс».

Для многіх беларускіх навукоўцаў апошнія гады сталі перыядам лімінальнасці — часу вымушаных пераменаў, страты звыклых акадэмічных асяродкаў і пошуку новага месца ў свеце. «Вялікі Воз» сведчыць пра тое, што гэты пераход паступова набывае новы сэнс.

Менавіта тут нараджаюцца не толькі даследчыя праекты, але і новыя прафесійныя сувязі, міждысцыплінарныя партнёрствы і новае адчуванне прыналежнасці да беларускай акадэмічнай супольнасці, якая з’яўляецца неад’емнай часткай еўрапейскай і сусветнай навуковай прасторы.
Наступны злёт «Вялікі Воз» запланаваны на ліпень 2027 г.
Правядзенне Злёту «Вялікі Воз» стала магчымым дзякуючы падтрымцы Эстонскага цэнтра міжнароднага развіцця (ESTDEV) і Згуртавання беларускіх суполак Эстоніі.