Экспазіцыя Міхаіла Гаруса “Выстава выбраных фатаграфій” будзе прадстаўленая ў Мінску ў кніжнай-выставачнай прасторы “Кніжная Шафа” з 27 красавіка па 4 чэрвеня.
На выставе прадстаўлены адзін з праэктаў Міхаіла, выкананы ў канцы 80-х з выкарыстаннем старой павільённай камеры вялікага фармата.
Пластыка кантактнага адбітку заварожвае, прастата формы не дае ачапіцца за прастору, час губляе свой сэнс. Кліпавае мільгаценне сучаснага аблічбаванага свету на імгненне спыняецца…
Аўтар не прымае камп’ютарнае ўмяшанне ў выяву, бо лічыць гэта блюзнерствам ў дачыненні да самой сутнасці таямнічага працэсу фатаграфіі. У яго працах асаблівая аўра мастацкага аскетызму, народжаная дзякуючы архаічнай тэхналогіі і простым сюжэтам – фотаздымкі, добра вытрыманыя часам, насычаныя мірыядамі сэнсаў.
За трыццаць гадоў актыўнага мастацтва ў творчай фатаграфіі Беларусі Міхаіл Гарус праявіў сябе як рознабаковы майстра святлапісу. Дыяпазон творчых цікаўнасцей Міхаіла разнастайны, і ва ўсіх сваіх пачынаннях ён заўсёды дасягаў пераканаўчага творчага выніку. Аднак пры ўсім мностве падыходаў ў аснове творчасці Міхаіла – пошук магчымасці захаваць першапачатковую дасканаласць свету і сваё стаўленне да яго.
З канца 80-х , калі Мінск лічыўся адной з фатаграфічных сталіц былога Саюзу, Міхаіл Гарус удзельнічае ў розных выставачных праэктах у краіне і за яе межамі. Яго працы публікуюцца ў фатаграфічных выданнях і альбомах.
Адкрыццё адбудзецца 27 красавіка а 19-й, уваход вольны.
Чакаем вас па адрасе: праспект Дзяржынскага 9, “Кніжная Шафа” (уваход са двара).
Тэлефон: +375 17 234 46 64, майл: shafaminsk@gmail.com
Кантактная асоба: Анастасія Дудкова, +375 29 637 09 53.
Час работы працы: пн.-пт: 10.00 – 20.00, cуб.:11.00 – 18.00, нядз.: – выхадны.