Эфект Мандэлы. Як казка стала «памяццю»?

05.05.2025
П’яныя немцы з закатанымі рукавамі ды аўтаматамі ў руках йдуць у псіхалагічную атаку праз палеткі, топчуць народны хлеб. Неба чорнае ад самалётаў. А за імі — танкі, танкі, танкі... Знаёмая карцінка? Гэтая карцінка і замяніла нашу памяць, стала калектыўнай ілюзіяй. А ілюзія — ідэалогіяй.

Kadr z fiĺma
 Кадр з фільма «Они сражались за родину»

Што такое эфект Мандэлы? Гэта збой калектыўнай памяці, калі людзі «памятаюць» тое, чаго не было. Назва з’явілася пасля таго, як у 2010-м народ у сеціве пачаў абмяркоўваць тэму смерці Мандэлы ў турме ў 80-х... Маўляў, добра памятаюць выпускі навінаў, жалобу і г.д. Сам Мандэла нават мог пачытаць гэта ўсё, бо памёр — толькі ў 2013-м. 

Як так сталася? Па-першае, гэта менавіта калектыўная памяць, калі людзі падтрымлівалі ілюзію адно аднаго, падбадзёрвалі: «Так-так, так і было!». Па-другое, гэта гісторыя пра мысленне «карцінкамі». Калі Мандэлу ставяць помнікі і здымаюць пра яго мастацкія фільмы, то — дакладна памёр. Гераічна. У засценках. А як яшчэ? 

Пакуль не высветлілася, што забілі — рускія...

У майго старога таварыша быў дзед, здаецца, у Поразаве. Той быў негаваркі, пра вайну не згадваў, быў тады дзіцёнкам. А вось пад канец жыцця — разгаварыўся. І пачалося. Як пускаў цягнікі пад адхон, партызаніў, бегаў па лесе з аўтаматам... Дзед, маючы праблемы са здароўем, шмат глядзеў тэлевізар. І — канвертаваў «карцінку» у памяць. 

Жонка іншага сябра выкладала ў школе. Неяк, пад 9 траўня туды зайшоў выступіць перад дзецьмі немалады чалавек у пінжаку з медалямі. Адгаварыў, пусціў слязу, патрос кулаком. Пасля, у калідоры, ужо здымаючы цяжкі пінжак, з вінаватай усмешкай дадаў «па сакрэце», што ён — 1944 году нараджэння. 

А вось яшчэ гісторыя, якую нядаўна пачуў на Падляшшы. У нейкай праваслаўнай вёсцы (не запомніў назву) узгадвалі, як немцы, адступаючы, растралялі на дарозе мясцовых людзей. Гісторыя стала легендай, пад якую добра пасумаваць ці пайсці выпіць, памянуць... Пакуль не высветлілася, што забілі тых людзей — рускія, калі заходзілі ў вёску, ужо пасля немцаў. 

«Помнит Вена, помнят Альпы и Дунай...»

Што аб’ядноўвае ўсе гэтыя выпадкі? Эфект калектыўнасці, публічнасць. Памяць і стае калектыўнай, калі людзі прагаворваюць нешта разам, падтрымліваюць адно аднаго. А як ты будзеш казаць у калектыве нешта не тое, трансляваць «няправільную памяць»? Не-не. Значыць, мае быць так, як у кіно, якое круцяць перад 9 мая. Вось гэтую кіна-карцінку мозг інтэгруе. Вуаля! Калектыўны міраж стае памяццю. «Так і было!»

Давайце вернемся да вобразу, які я ўзгадаў на пачатку: немцы з аўтаматамі ў полі, а за імі танкі-танкі-танкі. Уявілі, праўда ж? Магчыма, нават узгадалі... Але большасць немцаў мелі вінтоўкі, аўтаматы — рэдкасць, для эліты. Масавым транспартам Вермахта ў 41-м быў... конь, а не танк. Калоны Вермахту — гэта грузавікі, цягачы ды звыклыя драўляныя вазы. Ніякіх «тыграў» з «пантэрамі» там не было ў прынцыпе...

Адкуль тады гэта ўсё? З кіно. Шмат гадоў нашым дзядам, бацькам ды й нам самім круцілі фільмы з Бандарчуком, Нікуліным ды Смактуноўскім. Яны і падмянілі рэальнасць. Дадамо задушэўныя песні, кнігі, вечныя агні, курганы славы, помнікі, вуліцы, жывапіс, экспазіцыі музеяў... «Помнит Вена, помнят Альпы и Дунай» — памятаеце? Вена і Дунай добра памяталі грабяжы і масавыя згвалтаванні, але у нашай версіі памяці там быў толькі «цветущий и поющий яркий май»

Самае цікавае, што яшчэ жывыя і цалкам сапраўдныя ветэраны ў гэтай гісторыі маглі наогул не ўдзільнічаць. Маўчаць. Наўпрост, раз нагод апранаць пінжак з калодачкамі ды — прымаць гваздзічкі. А пра сваё, калі і гаварылі, то паміж сабой. Ці маўчалі, падымаючы келішак. Нават іх словы ўжо нічога б не вырашылі. Канон склаўся. Без іх.

Padčas rekansturkcyi šturmu Rejchstaha, Hrodna, travień 2025 h.
Падчас рэканстуркцыі штурму Рэйхстага, Гродна, травень 2025 г.

Ну добра, а што ж там з «нязручнай памяццю»? 

Павінны ж былі быць нейкі некананічныя ўспаміны. Альтэрнатыўныя. А яны і былі. Толькі ніхто іх не прагаворваў. Бо кожнае «неканаічнае евангелле» — гэта ерась. А калі культ перамогі стае рэлігіяй, то што мае быць за пропаведзь некананічнай веры?.. Ага. Вогнішча. 

Усе некананічныя версіі памяці пра Другую Сусветную, як правіла, паміралі разам з іх носьбітамі. Ціха, без шуму. Бо не было таго калектыву, той сцэны, дзе іх можна было агучыць. Каму ты раскажаш, нават у 80-х гадах, што школу спалілі не немцы, а партызаны? Што дзядоў саслалі ў Сібір у 39-м, а брат пайшоў у самаахову? Што выйсці замуж за героя вайны з Волагды ў якім-небудзь 46-м было вымушаным выбарам, каб выжыць?.. Нікому. 

У дадатак, не было інфраструктуры, якая б іншыя варыянты памяці падтрымлівала і транслявала: мемуараў, мастацкай літаратуры, часопісаў, кіно. Слабыя галасы эміграцыі з Захаду нават блізка не маглі паўплываць на сітуацыю. Так, «правільная карцінка» і стала безальтэрнатыўнай. І мы свята верым, што ўсё было, як у фільмах Бандарчука (няважна, старэйшага ці малодшага). Так запомніў наш мозг. І так мы перакажам сваім дзецям. Праўда ж?

Навошта гэта ўсё? 

Kadr z fiĺma

Маніпуляцыі з калектыўнай памяццю — неверагодная зброя. Гэта глыбокая «прашыўка» свядомасці, вышэйшы ўзровень прапаганды. Бо чалавек інтэрпрэтуе чужыя думкі, як свае. Прычым, як свае успаміны — самае інтымнае, што ў чалавека ёсць у прынцыпе. І кожную спробу давесці, што ўсё было «не так» ці «зусім не так», чалавек успрымае як пакушэнне на сваё Я. Замах на сябе. 

Калі вы думаеце, што гэтая гісторыя тычыцца толькі Другой Сусветнай, то — не. Той выпадак наўпрост самы маштабны, ён уражвае. Але, пачакайце і паглядзіце як праз 5-10-15 гадкоў будуць падаваць у Расіі агрэсію супраць Украіны? Калі з’явяцца ветэраны з сівымі скронямі, фільмы, кнігі, музеі...

Не здзіўлюся, каля сярэдні расіянін будзе свята верыць, што на яго краіну — напалі. Што СВО — было «айчыннай вайной». А п’яныя ўкраінцы з закатанымі рукавамі ды аўтаматамі ў руках ішлі праз палеткі Курскай вобласці, тапталі народны хлеб.

Алесь Кіркевіч, Budzma.org