Чым далей у гісторыю адыходзіць Другая ўсясьветная вайна, тым з большай помпай перамогу ў ёй адзначаюць тыя, хто аніякага дачыненьня да яе наагул ня меў. У гэтым і палягае сутнасьць «пабедабесія», імпартаванага ў Беларусь з Расеі, і якое апошнім часам усё шырэй атручвае беларускую рэчаіснасьць. Пры гэтым недарэчнасьці гэтай зьяве дадаюць і пастаянныя паразы самапрызначаных «пераможцаў» у зусім іншых бітвах і войнах. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік распавядае пра адну зь іх — Вялікую бульбяную вайну.
Хацеў пачаць гэты тэкст пытаньнем: маўляў, а вы таксама сочыце за ўсёй гэтай эпапеяй вакол бульбы ў беларускіх крамах, дакладней — альбо яе адсутнасьцю, альбо наяўнасьцю ну зусім ужо няякаснай і дарагой? Сеў за клявіятуру і схамянуўся: стоп, гэта я ў каго пытаю — у тых, хто ўласна ў Беларусі і хто бачыць усю гэтую эпапею на ўласныя вочы, а ня гэтак, як я — праз манітор кампутара?
Выбачайце, увесь час забываю, што я — ня дома. Дарэчы, у нас тут, у Польшчы, з бульбай усё ок: і ў крамах, і на рынку, і мытая, і нямытая, і нейкая адмысловая экалягічная, і яшчэ нейкая. Якраз учора хадзіў на закупы. Самае сьмешнае тое, што я заўжды ў размовах з палякамі падкрэсьліваў: маўляў, а вось у нас у Беларусі бульба і смачнейшая, і куды якасьнейшая за вашу! А як мая мама бульбу смажыць, а якую кішку і якія дранікі робіць — смаката!
А тут... Бачыце, як яно ў жыцьці здараецца.
Бульба ў беларускіх крамах. Фота з сацыяльных сетак
І вось цяпер сяджу я ў Варшаве, заядаю вараную бульбіну селядцом і чытаю беларускія навіны. Які рыхтык сцэнар для нейкай трагікамэдыі.
Вось глядзіце. Тлумачэньне недахопу бульбы ў беларускіх крамах, які пачаўся яшчэ ў лютым і ўсё аніяк ня можа скончыцца, вельмі простае: беларускую бульбу... зьелі расейцы! За ўсходняй мяжою яна каштуе куды даражэй, чым дома — вось і паперлі туды прадаваць. Ды гэтак паперлі, што ажно на першае месца сярод пастаўнікоў бульбы ў Расею выперліся, апярэдзіўшы і Эгіпэт, і Кітай!
Во дзе размах! Паказалі калярадам, то-бок аматарам калярадзкае стужкі, што нездарма яны нас бульбашамі называюць (усю бульбу зьелі калярады — ну эпічная ж мэтафара, праўда?)! Дзеля такога «гонару» самім можна й пацярпець да новага ўраджаю, так? Нейкі няшчасны месячышка-другі — ну няўжо ж народзец не пацерпіць? Ну цярпілы ж... ой, то-бок цярплівыя людзі, ці як там правільна? Ды яшчэ і пад гарантыі не абы-каго, а таго самага, без каторага, як цьвердзіць стары жарт, у Беларусі нават бульбы перабраць ня могуць!
Галівуд адпачывае!
Беларуская бульба ў Крамлі — навагодні падарунак Лукашэнкі Пуціну. Скрын з відэа
Вось толькі калі адкласьці гэтыя прыкрыя кпіны, то карціна вымалёўваецца ну зусім ужо бязрадасная.
Спачатку ядуць паны, а ўжо толькі затым — халопы даядаюць тое, што засталося. Усходнія суседзі як цягнулі стагодзьдзямі з нашых земляў усё найлепшае, гэтак цягнуць і сёньня: мяжа адкрытая, мясцовыя чыноўнікі ўсе купленыя ды ў паставе «зю» — вязі не хачу!Насамрэч гісторыя зь недахопам бульбы выкрывае беларускія рэаліі зь іх самага гнілога боку. Уладам краіны глыбока пляваць на суграмадзянаў — абы ўласная кішэня была поўная і, галоўнае, каб Масква была сытая й задаволеная!
Пры гэтым народнай гаспадаркай у Беларусі кіруюць ня толькі сквапныя, але і глыбока непрафэсійныя пэрсанажы. З году ў год сабраны ўраджай стабільна гніе ў стабілізацыйных фондах. Каб не дапусьціць сур’ёзных народных хваляваньняў, на крамныя паліцы закідваюць тое, што былі адклаўшы на насеньне. Краіна жыве як на вайне — ад аднае бітвы за ўраджай да наступнае. Пры гэтым найбольш пасьпяховая культура на калгасных палетках — прыпіскі. Працавітых беларусаў паразганялі-павыдушвалі з краіны — не бяды, завязем стопіццот мульёнаў гастарбайтараў!
Ну і закон. Беларусь па-ранейшаму жыве ў рэжыме «иногда не до законов». Яшчэ напрыканцы сакавіка Савет міністраў увёў абмежаваньне на экспарт бульбы на тэрмін у тры месяцы. Каб вывезьці бульбу на продаж, трэба ўзгадніць свой намер спачатку ў выканкаме, а затым — у Міністэрстве сельскай гаспадаркі. І што, дзе тое абмежаваньне? Які ад яго плён? Наўзгадняліся?
І аніякай пазытыўнай канцоўкі ў сцэнары гэтага абсурднага беларускага сэрыялу асабіста я, на жаль, ня бачу. Магчыма, прасьвет зьявіцца ўжо толькі ў наступным сэзоне — калі нейкім цудам у нашае зямлі зьявяцца сапраўдныя гаспадары. Руплівыя, працавітыя, разумныя, сумленныя, адданыя роднаму краю. Мы з вамі.
У добрага гаспадара — і бульба добрая! Фота kp. by
Валера Руселік, Budzma.org