Конкурс беларускіх танцаў МЯЦЕЛІЦА-2017

12.03.2017 11:00 - 15:00 Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя І. Рау, канферэнц-цэнтр (пр-т Газеты Праўда, 11) Уваход вольны

Конкурс выканаўцаў беларускіх народных танцаў «МЯЦЕЛІЦА» адбудзецца 12 сакавіка 2017 г. ў Мінскім міжнародным адукацыйным цэнтры імя Іаханэса Рау (пр-т Газеты Праўда, 11).

Конкурс ладзіцца Школай традыцыйнага мастацтва супольна з Беларускім фондам культуры пры падтрымцы Грамадскай культурніцкай кампаніі «Будзьма беларусамі!».

«МЯЦЕЛІЦА» прапануе пазнаёміцца з багаццем беларускай танцавальнай традыцыі, з людзьмі, якія яе сёння падтрымліваюць і практыкуюць па ўсёй краіне. Мэты конкурсу — аднаўленне, захаванне, падтрымка, і папулярызацыя беларускай народнай танцавальнай культуры, павышэнне ўзроўню выканальніцкага майстэрства сярод аматараў беларускіх традыцыйных танцаў, стварэнне ўмоваў для пераймання узораў традыцыйнага танцу ад носьбітаў мастацкіх традыцый старэйшага ўзросту.

У конкурсе прымаюць удзел больш 70 танцавальных пар з розных рэгіёнаў Беларусі, якія вывучаюць і выконваюць беларускія народныя танцы самастойна або ў складзе танцавальных клубаў, фальклорных калектываў, этнаграфічных суполак, зарыентаваных на вывучэнне, засваенне і ўзнаўленне народных харэаграфічных традыцый. Сваё майстэрства прыедуць паказаць танцоры з сямі раёнаў Гомельскай вобласці, з Асіповіцкага, Любанскага, Полацкага, Віцебскага, іншых раёнаў і гарадоў, многа танцавальных пар з Мінска, актыўны ўдзел у гэтым годзе прымуць студэнты БДУ культуры і мастацтваў, якія захапіліся традыцыйным беларускі танцам.

Творчыя спаборніцтвы танцораў адбудуцца ў трох узроставых групах: юнацкай ад 15 год, дарослай ад 21 году і старэйшай ад 51 году. Праграма конкурсу з 20 беларускіх танцаў уключае як добра вядомыя лявоніху, польку, падыспань, барыню, мікіту, так значна менш распаўсюджаныя абэрак, матлёт, грачанікі, гапак, суботу, ночку.

Падчас конкурсу будзе гучаць жывая музыка ў выкананні вядомай мінскай капэлы «НА ТАКУ» пад кіраўніцтвам Аляксея Крукоўскага, ансамбля народнай музыкі Капаткевіцкага ГДК Петрыкаўскага раёна пад кіраўніцтвам Анатолія Грынько і ансамбля народнай музыкі Акцябрскага цэнтра вольнага часу пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Бяжкова.

Партнёрскую падтрымку ажыццяўляюць вытворцы адметных беларускіх тавараў і паслуг, цэнтры крэатыўных ідэй і прадуктаў беларускай сталіцы: Мінскі міжнародны адукацыйны цэнтр імя Іаханэса Рау, беларускі партал TUT.BY, майстэрня Elen Carotte, інтэрнэт-крама SYMBAL.BY, брэнд беларускага адзення HONAR, інтэрнэт-крама актуальнага беларускага адзення LSTR Adzieńnie, крама настольных гульняў NASTOLKI.BY, этнакрама RAGNA.BY, Ніна Шыдлоўская, Andrey Larry, БМАgroup і кампанія «ВІГМА»

Пачатак конкурсу – 11.00. Фінал конкурсу – 15.00

Уваход вольны!

Прадугледжана пазаконкурсная праграма, падчас якой можна пабачыць цікавыя кадрылі, адметныя ўзоры мясцовых танцаў з розных куткоў Беларусі і станцаваць іх разам. Танцы для ўсіх будуць ладзіцца падчас паўз і перапынкаў у спаборніцтвах на працягу ўсяго конкурснага дня.

Конкурс будзе цікавы тым, хто ведае і любіць беларускія танцы, хто хацеў бы пра іх даведацца больш і ўбачыць адметныя узоры традыцыйнай танцавальнай культуры ў віхуры творчага спаборніцтва!

Дадатковую інфармацыю можна атрымаць на старонках конкурсу ў сацыяльных сетках Вконтакте і Facebook, або на сайце Школы традыцыйнага мастацтва www.trad.by.

 


Вам можа быць цікава

Фотавыстава Віталя Ціхамірава «Homo Verus» у Мінску

25.04.2025 18:00 - 17.05.2025 19:00 галерэя «Універстэт культуры» (Кастрычніцкая плошча, 1)

Выстава «Радуніца» ў Беластоку

26.04.2025 16:00 - 18.05.2025 19:00 Chill Time Club (Святога Роха 5/32)

Света Бень у Познані

15.05.2025 (20:30 - 23:00) MY pod sceną (27 grudnia 8/10)

Вясновы Вайцюшкевіч у Сопаце

30.05.2025 (19:00 - 21:00) Teatr Atelier (al. Mamuszki 2)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ