Пяць рэчаў, якія дакладна спатрэбяцца маёй дачцэ, нават калі ШІ зробіць усё астатняе

Пакуль нашы дзеці гулялі ў кубікі, мы з сяброўкай сядзелі на кухні і абмяркоўвалі штучны інтэлект. І мамскія размовы на гэты конт вельмі адрозніваюцца ад таго, што вы можаце пачуць на адпаведных канферэнцыях. Як гадаваць дзяцей? Якія навыкі ім спатрэбяцца ў будучыні, якую нават не магчыма ўявіць?
Што даць свайму дзіцяці цяпер такога, што дакладна спатрэбіцца ў жыцці, нягледзячы ні на якія віры? Базу, якая не знікне разам з чарговым абнаўленнем праграмнага забеспячэння. Піша Марыя Грыц.

Maryja Hryc
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва

На канферэнцыях усе выступоўцы паўтараюць: свет так хутка змяняецца, што нават складана сабе ўявіць, пра што мы будзем разважаць праз год. Найперш гэта тычыцца магчымасцяў ШІ і таго, якія прафесіі знікнуць у найбліжэйшай будучыні.

Але для мяне як маці гэтае пытанне стаіць рубам не з боку рынку працы для сябе, а з боку штодзённага жыцця. Мая дачка ходзіць у пачатковую школу. Калі кіравацца існай сістэмай, у яе наперадзе прыкладна 15 гадоў навучання, каб атрымаць прафесію, якая можа страціць актуальнасць ужо на першым годзе вучобы, калі не раней. І гэта выклікае жаданне зазірнуць глыбей: што я магу даць свайму дзіцяці цяпер такога, што дакладна спатрэбіцца ў жыцці, нягледзячы ні на якія віры? Базу, якая не знікне разам з чарговым абнаўленнем праграмнага забеспячэння.

Першае — гэта ўстойлівая псіхіка

Я магу навучыць яе вершам, матэматыцы, праграмаванню, але калі яна зляжа ў 20 гадоў (ці раней) з дэпрэсіяй — усе гэтыя веды стануць мёртвым грузам. Не тое, каб я была ідэальным прыкладам ментальнага здароўя, але я дакладна ведаю: псіхічная ўстойлівасць — гэта тое, што мусіць быць закладзена з самага пачатку. 

Са зменамі дачка сутыкнецца неаднойчы, але яна мае ведаць, як абіраць сябе, несці адказнасць у сваёй зоне ўплыву, як казаць «не» і як не губляць сябе. Нават калі ўсё вакол аўтаматызуецца, жыць за яе ніхто не зможа.

illustration_andrus_takindang_002.jpgНе губляць сябе ў містуслівым свеце - навык, які дапаможа захаваць устойлівую псіхіку

Другое — эмацыйная бяспека

Навучыцца распазнаваць свае эмоцыі, даваць ім месца, не баяцца іх і не душыць. Бо нават у шасцігадовай дзяўчынкі я бачу: яна імкнецца быць больш камфортнай для свету, чым таго патрабуюць абставіны. І за гэтым — страх, ціск, незразумелыя перажыванні. Але цяпер ёсць цікавыя інструменты, кнігі, практыкі, якія дапамагаюць зрабіць гэтыя працэсы свядомымі. Так, такая праца вымагае шмат высілкаў, але яна таго вартая.

Трэцяе — цела

Не цыгун (хаця чаму б і не?), а базавыя навыкі — як дыхаць, каб супакоіцца, ці, наадварот, сабрацца; як расслабіць заціснутыя мышцы; як не губляць кантакт з уласным целам. Бо нават калі ШІ заменіць нас ва ўсім астатнім, мы самі будзем жыць унутры свайго цела. І ніхто замест нас не зразумее, што з ім адбываецца. 

2-kantakt-z-cielam.jpg

Чацвёртае — захапленне светам. Цікаўнасць

Нават калі яна цяпер праяўляецца ў тым, як паўзе слімак па руцэ, чаму падае дождж, ці што дзіця хвілін 5 б’е палкай аб пень, каб з яго вывалілася галінка (як у Minecraft). Захапляцца — значыць не згубіцца. 

Не важна, чым будзе займацца чалавек праз 20 гадоў, але калі ён здольны шчыра здзіўляцца, умець пытаць і не баяцца не ведаць — значыць, ён ці яна знойдзе сваё месца.

matyvacyia-na-vuczobu-03.jpg

І пятае. Мая мара — каб мая дачка жыла ў свеце без мізагініі, гвалту, дыскрымінацыі

Але гэты кірунак развіцця чалавецтва ідзе куды павольней, чым прагрэс штучнага інтэлекту. Таму я лічу неабходным з самага дзяцінства рыхтаваць яе да сутыкнення з хамствам, абясцэньваннем, парушэннем межаў і нават гвалтам. Не каб жыць у страху, а каб зразумець, што гэта не норма. Каб яна мела ўпэўненасць, словы і рэакцыі на выпадкі непрыстойных паводзінаў, калі яны здараюцца. Каб ніколі не думала, што «сама вінаватая» ці недастаткова гучна казала «не». Каб умела быць сабой.

Карацей кажучы, я хачу навучыць дачку быць чалавекам!

І гэта ўсё — не пра далёкую будучыню. Гэта пра сёння. Бо навучыць — гэта не даць інструкцыю, а быць побач. І я вучуся разам з ёй. Кожны дзень. 

Я не ведаю, якое жыццё будзе праз 15 гадоў. Але калі мая дачка зможа плакаць без сораму, смяяцца ад душы, цікавіцца светам і слухаць сваё цела — я буду ведаць, што яна не згубіцца ў эпоху вялікіх змен. ШІ — гэта інструмент. А чалавек — гэта цэлы свет. І я хачу, каб дачка пражыла сваё чалавечае жыццё ў асалоду.

Марыя Грыц, Budzma.org

Малюнкі Андруся Такінданга