“Лясная Быль”. Прэм’ера праз 90 гадоў

23.12.2016 19:00 - 19:00 Музей гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4) 5 руб.

Снежань 1926-га. Ішоў ціхі снег, па вуліцы Валадарскага ў Менску мякка сцялілася святло ад ліхтароў. У паласатым доме нумар 7, будынку былой сінагогі, ператворанай у кінатэатр з надпісам на фасадзе “КІНО “КУЛЬТУРА”, збіраліся гледачы, каб убачыць “першую нацыянальную фільму” “Лясная быль”. Знятая рэжысёрам Юрыем Тарычам у адпаведнасці з праўдай гістарычнага моманту па папулярнай тады аповесці “Свінапас” гарачага маладнякоўца Міхася Чарота, стужка “Лясная быль” распавядала гісторыю простага селянскага хлопца, які стаў бальшавіком-чырвонаармейцам. Шалясценне запрашальнікаў, хваляванне аўтараў і функцыянераў, гул набітай бітком залі. Хвалі свету і стракатанне, што стварае кінапраектар, сустракаюцца з гукамі, якія нараджаюць музыкі, запаўняючы цемру і квадрат экрана.

23 снежня 2016, праз 90 гадоў з моманту самага першага публічнага паказу героіка-прыгодніцкай стужкі “Лясная быль” (дарэчы, адбыўся ён 25 – 26 снежня 1926 г.), у рамках спецыяльнага музейнага праекта мы сустракаемся ў кіназале музея кіно, каб пасля відэаэкскурса ў мінулае, аповеда пра гісторыю “першага беларускага баевіка”, пад трапятлівае выкананне атмасфернага саўндтрэка Сяргеем Пукстам (у якасці тапёра) узгадаць пра нашу кінаспадчыну.

Сяргей ПУКСТ – культавы мінскі рок-музыкант, які стварыў свой, цалкам унікальны стыль выканання. Сяргей Пукст выступаў у панк-групе “Кароль пчолаў”, групе “ОППА”, паралельна распрацоўваючы ўласны, па выразу аднаго з крытыкаў “поўны сюррэалістычнага гвалту”, аўтарскі стыль. Аўтар сольных альбомаў «Сны» (1997), «StrangeGlamour» (2003), «Pukstjazz» (2004). «Унутранае» (2012), «Шлях Дадому» (2016). З’яўляецца ў вобразе эпатажнага шансанье Георгія Дабро і франтмэна хіп-хоп праекта True Litwin Beat.

Кошт квітка – 5 руб.

Даведкі па тэл. (017) 327-10-75, (029) 627-10-75


Вам можа быць цікава

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ