Лекцыя Міхаіла Гуліна “Павел Філонаў і яго кола”

06.03.2017 19:00 - 19:00 Прастора «ЦЭХ» (вул. Кастрычніцкая 16) 4 рублі

Мастак і куратар Міхаіл Гулін распачынае цыкл аўтарскіх лекцыяў па гісторыі мастацтва ХХ–ХХІ ст.

Штопанядзелак а 19:00 у прасторы ЦЭХ ён будзе расказваць пра тых асобаў і тыя з’явы, якія пакінулі важны адбітак у мастацтве ХХ стагоддзя і сучаснасці, паўплывалі на прафесійнае станаўленне Гуліна, уразілі і працягваюць уражваць.

Лекцыі адбудуцца 6, 13, 20, 27 сакавіка і 3 красавіка.

Мастацтва сёння часта патрабуе медыяцыі ды інтэрпрэтацыі, мы не заўжды маем час на чытанне спецыялізаванай літаратуры, а, прыходзячы ў галерэю, здараецца, і губляемся. Наўрад ці хто можа дапамагчы разабрацца ў тэме так, як адзін з найбольш актыўных дзеячаў беларускага сучаснага арту.

Міхаіл Гулін вядомы сваёй разнастайнаю практыкай, у якой удала спалучаецца дасціпны поп-культурны жывапіс, акцыянізм з выразным сацыяльным кампанентам і куратарства. Аўтар лекцыяў выстаўляецца ў Беларусі, мае багата прафесійных кантактаў па-за межамі краіны, курыруе міжнародныя экспазіцыі. Вымушаны перапыніць сваю выкладчыцкую дзейнасць у 2012 годзе, пасля акцыі «Персанальны манумент», ён працягвае ўдзельнічаць у адукацыйных праектах і творча супрацоўнічае з маладзейшым пакаленнем мастачак і мастакоў. Адзін з апошніх прыкладаў – удзел у якасці т’ютара ў Школе мастацкага жэсту (Artbat FEST, Алматы) і праграме «10 майстэрняў», арганізаванай Галерэяй сучаснага мастацтва «Ў» у 2016 годзе.

6 сакавіка, падчас першай лекцыі цыклу, Гулін распавядзе пра Паўла Філонава, расійскага і савецкага мастака, тэарэтыка мастацтва і паэта – адну з найзначнейшых фігураў расійскага авангарду. Гэта, напэўна, адзін з найменш даследаваных аўтараў таго часу, хоць ягоны ўплыў цяжка пераацаніць. Сябар Хлебнікава і Кручоных, стваральнік Майстэрні аналітычнага мастацтва, нефармальнай аўтарскай школы, якая ў розныя часы яднала да 70 вучняў, Філонаў быў прынцыповым у сваіх поглядах і метадах. Адданы камуніст, пакінуты савецкаю дзяржаваю без падтрымкі, на паўлегальным становішчы, абвінавачаны ў шарлатанстве, мастак без аніводнай персанальнай выставы, але з сотнямі прыхільнікаў і паслядоўнікаў.

Запрашаем усіх цікаўных у панядзелак, 6 сакавіка, а 19:00 у прастору ЦЭХ (вул. Кастрычніцкая 16).

Уваходны квіток: 4 рублі (поўны), 2 рублі (ільготны)


Вам можа быць цікава

Васільковыя пленэры ў музеі-дачы Васіля Быкава пад Мінскам

05.07.2025 14:00 - 26.07.2025 17:00 музей-дача Васіля Быкава (вул. Дачная, 62)

Выстава «Іншыя» ў Магілёве

16.07.2025 17:00 - 03.08.2025 18:00 музей гісторыі Магілёва, выставачная зала (вул. Болдзіна, 1)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ