«Менск — горад, у якім я нарадзілася і вырасла»

02.07.2026
Праспект Скарыны стаў праспектам Незалежнасці. Здавалася б, навошта спатрэбілася змяняць назву і адкідаць у бок нашага першадрукара? Пісьменніца і публіцыстка Яна Вольская згадвае горад свайго дзяцінства.

Jana Voĺskaja

Менск — горад, у якім я нарадзілася і вырасла. Як сьпяваў клясык: «У краіне пад шэрым небам, у краіне бульбы, калгасу і чорнага хлеба».

Я — дзіця 1990-х, часу, калі жалезная заслона абрынулася, і Беларусь упершыню здабыла незалежнасьць, і паўсюль разьліўся водар свабоды з прысмакам «Юпі» і «Кока-колы».

Мае першыя цацкі — спружынка-вясёлка, вядомая таксама пад назвай «андаманія», і прыстаўка Subor.

Час, калі пачаліся зьмены, і горад таксама пачаў імкліва зьмяняцца.

Мае першыя ўспаміны пра горад — тралейбус на праспэкце Францішка Скарыны, каляровыя лямпачкі ўздоўж праспэкта і круглы будынак дзяржаўнага цырка. Я ўпершыню наведваю цырк і захоплена гляджу на паралёнавыя каляровыя клоўнскія насы, што прадаюцца ў фае разам з поп-корнам і ружовай цукровай ватай.

Побач з гэтым — іншы ўспамін, мост у Траецкім прадмесьці і процьма лебедзяў. Я ўпершыню схадзіла да стаматоляга і ў падарунак атрымала шпацыр і плямбір.

Далей — крама «Дзіцячы сьвет» побач з крамай «Электроніка». У «Дзіцячым сьвеце» процьма цацак, вопраткі і канцылярскіх тавараў. Я вельмі прашу вастрылку для алоўкаў у форме дыснэеўскага аленя «Бэмбі» і нечакана сапраўды яе атрымліваю.

Пазьней — крама «Прырода», вялікія вітрыны, на якіх поўна тавараў для жывёлаў і нават саміх жывёлаў. Мяне прывабліваюць хвалістыя папугаі, я доўга з захапленьнем гляджу на іх.

На выходных мы едзем на Камароўскі рынак. Я ня вельмі люблю рынак, асабліва прыпынак грамадзкага транспарту каля яго, са стомленымі гандлёвым забегам жыхарамі і гасьцямі сталіцы, якія рыхтуюцца да штурму сядзячых месцаў. Каля рынку — скульптура «бабулі з мехам сланечніка». У маім дзяцінстве такіх бабуляў называлі «семачніцамі», у іх можна было купіць смажаны сланечнік. Такія бабулі насыпалі мернымі шклянкамі ў кулькі з-пад газэтаў сланечнік, а заадно прыгандлёўвалі цыгарэтамі — блёкамі і па адной. Яны праіснавалі столькі ж, колькі і знакамітыя менскія шапікі — пункты рознічнага гадлю драбязой: чакаляднымі батончыкамі, распушчальнай кавай, жуйкамі, лапшой хуткага прыгатаваньня, цыгарэтамі, півам і цацкамі.

А на іншыя выходныя мяне і майго сябра вядуць у дзіцячы парк імя Горкага. Там мы ямо плямбір і цэлы дзень катаемся на атракцыёнах. Мне падабаюцца «Ракушкі», але сябра лічыць, што яны для немаўлятаў. Ён хоча на «Амэрыканскія горкі», але ў касе яму кажуць, што для горак ён замалы. Урэшце мы весела бавімся на «аўтадроме», ганяючыся адно за адным на электрычных машынках.

Цяпер праспэкт Скарыны стаў праспэктам Незалежнасьці. Здавалася б, навошта спатрэбілася зьмяняць назву і адкідаць у бок нашага першадрукара? Нібы дробная дэталь, але за ёй шырокі працэс — паступовае перапісваньне гарадзкой памяці. Крама «Дзіцячы сьвет» не зьмянілася ані на каліўца. У ёй так і застаўся савецкі калярыт.

Камароўскі рынак, відаць, таксама застаўся такім самым, якім і быў, і на транспартным прыпынку ўсё гэтак жа таўкуцца ахвотныя ўскочыць у аўтобус і заняць свабоднае месца. Легендарная «Прырода» зачынілася, і на месцы былой шыльды цяпер надпіс «Serge», а менчукі задаюцца пытаньнем, што цяпер з культавым катом Васілём, які быў візытоўкай крамы. І ад успамінаў пра парк Горкага неяк горка.

А з Траецкім прадмесьцем нітуецца, магчыма, галоўнае адчуваньне: горад памяці, які цяпер выглядае, нібы адрэдагаваная вэрсія самога сябе — акуратная, прычасаная, добра вывераная, але зусім не асабістая і зусім не натуральная.

Pa histaryčnych miescach
Рымашэўскі Ігар. Па гістарычных месцах. 2010-я гг. Крыніца: 
facebook.com/groups/Miensk.space.time

Яна Вольская, budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org