Бываюць падарожжы, пасля якіх у тэлефоне застаюцца сотні фотаздымкаў, а ў галаве спісы месцаў, дзе вы былі, што елі і колькі гэта каштавала. А бываюць іншыя — павольныя, няўтульныя, часам стамляльныя, галоўныя падзеі якіх адбываюцца не звонку, а ўнутры. Пілігрымка якраз з такіх.

Будслаўскі касцёл. Фота: Павал Хадзінскі
Спрадвеку пілігрымкі здзяйснялі дзеля адпушчэння грахоў, пасля дадзеных абяцанняў, на знак падзякі ці ў якасці просьбы да Бога.
Беларусам гэтая традыцыя вельмі блізкая. Еўфрасіння Полацкая ў канцы жыцця рушыла ў Святую Зямлю. У XVI стагоддзі Мікалай Крыштаф Радзівіл Сіротка пакінуў адзін з самых вядомых у нашым рэгіёне тэкстаў пра падарожжа ў Ерусалім. Тысячы людзей штогод ідуць у Будслаў пешшу і на роварах, групамі і паасобку.
Але сучасная пілігрымка не абавязкова патрабуе ад удзельнікаў быць рэлігійнымі. Сёння матывамі могуць быць выгаранне, пошук сябе, патрэба ў цішыні, жаданне выпрабаваць свае магчымасці. Хтосьці ідзе, каб памаліцца, хтосьці памаўчаць, а нехта такім чынам спрабуе пачуць самога сябе.
Бывае, што гэты шлях пачынаецца з вельмі простага жадання выйсці з дому і крочыць. Без лішніх рэчаў, без вялікіх планаў. Але разам з тым і без магчымасці пераскочыць цяжкі адрэзак маршруту. Ісці дзень, другі, трэці, ажно пакуль цела не пачне прамаўляць гучней за навіны, стомленасць, думкі аб працы і бясконцыя паведамленні ў месенджарах.

Падчас пілігрымкі ў Будслаў. Фота: Павал Хадзінскі
Пілігрымка — гэта старая форма падарожжа, але яна нечакана добра пасуе сучаснасці. Бо ў свеце, дзе ўсё мчыць стрымгалоў, яна прапануе амаль рэвалюцыйную практыку: проста запаволіцца.
Вось пяць маршрутаў, з якіх можна пачаць.
Гэта, бадай, галоўная беларуская пілігрымка і самы дасяжны спосаб убачыць, што пілігрымка і сёння з’яўляецца жывой і папулярнай практыкай. Невялікая вёска ў Мядзельскім раёне раз на год становіцца месцам, куды сыходзяцца людзі з розных гарадоў і нават краін. Хтосьці ідзе некалькі дзён, іншыя едуць роварам, а ёсць і тыя, хто далучаецца толькі на апошнім этапе.

Роварная пілігрымка ў Будслаў. Фота: Павал Хадзінскі
Няма патрэбы ляцець у іншую краіну, купляць дарагі рыштунак ці загадзя прадумваць кожны кіламетр. Дастаткова выбраць маршрут, далучыцца да групы і дазволіць сабе некалькі дзён жыць у новым рытме.
Звыклыя сацыяльныя завядзёнкі адыходзяць на другі план, і застаецца самае важнае тут і зараз: хто ідзе побач, каму патрэбная вада, хто стаміўся, хто можа падзяліцца пластырам, хто спявае песню, а хто проста моўчкі насалоджваецца тым асаблівым пачуццём, якое ўзнікае, калі крочыш разам.

Будслаўскі фэст. Фота: Павал Хадзінскі
Будслаў можа быць добрым першым досведам нават для тых, хто не лічыць сябе рэлігійным чалавекам. Гэта шлях, на якім можна паглядзець на Беларусь не спяшаючыся, крок за крокам. З яе палямі, вёскамі, людзьмі, якія выходзяць да пілігрымаў, з вечаровай стомай і супольнымі сняданкамі, з размовамі з новымі знаёмцамі.
Каму падыдзе: тым, хто хоча паспрабаваць пілігрымку ў беларускім кантэксце і гатовы да простых умоваў.
Калі ехаць: напярэдадні Будслаўскага фэсту, які традыцыйна адбываецца ў пачатку ліпеня.
Што ўзяць: зручны абутак, дажджавік, бутэльку для вады, мінімум рэчаў.
Не кожная пілігрымка цягнецца сотні кіламетраў. Часам дастаткова аднаго горада, асабліва калі гэты горад — Полацк.
Не абавязкова ісці да Полацка пешшу з іншага канца краіны, можна зрабіць пілігрымкай толькі сам гэты дзень у горадзе. Калі прыехаць у «калыску беларускай дзяржаўнасці» не турыстам, а пілігрымам, то тым, каму Полацк знаёмы, горад можа падацца зусім іншым.
Можна прабавіць дзень у павольным рытме, шпацыруючы ад Сафійскага сабора да Спаса-Еўфрасіннеўскага манастыра, ад старых вуліцаў да хуткаплыннай Дзвіны. Не трэба спяшацца і гнацца за колькасцю лакацый. Пакіньце час на дарогу ўздоўж ракі, на цішыню ў храме, на размову з горадам, які значна старэйшы за нашыя сённяшнія трывогі.

Полацкія краявіды. Фота: vedaj.by
Гэта добры маршрут для тых, хто хоча зразумець як рэлігійны, так і культурны сэнс пілігрымкі. Полацк нагадвае, што беларуская ідэнтычнасць пачыналася менавіта тут.
Пілігрымка прывабная тым, што не патрабуе ад чалавека асаблівай падрыхтоўкі. Гэта пілігрымка для тых, хто стаміўся, але не мае двух тыдняў адпачынку. Для тых, хто хоча вярнуць сабе адчуванне глыбіні жыцця, але не гатовы да вялікага паходу. Адна павольная паездка ў Полацк можа зрабіць больш, чым чарговыя выходныя, праведзеныя за скролінгам смартфона.
Каму падыдзе: тым, хто любіць гісторыю, старажытную архітэктуру і кароткія, але насычаныя падарожжы.
Колькі трэба часу: адзін-два дні.
Як зрабіць маршрут больш пілігрымскім: не спяшацца, ісці пешшу, пакінуць час на маўчанне і не пераўтвараць дзень у гонку па лакацыях.
Тут знаходзіцца адзін з найважнейшых праваслаўных цэнтраў краіны, звязаны з Жыровіцкім абразом Божай Маці і шматвяковай традыцыяй шанавання гэтага месца. Для вернікаў гэта месца малітвы, для людзей, далёкіх ад царкоўнага жыцця, — гэта магчымасць убачыць тую Беларусь, для якой святыні складаюць частку штодзённай культуры.
Для пілігрымкі вельмі істотны душэўны стан, у якім чалавек ідзе або едзе. Жыровічы могуць стаць маршрутам для тых, каму патрэбны спакой. Тут, удалечыні ад папулярных маршрутаў, адчуваецца рытм манастырскага жыцця, няма гарадскога тлуму, пануе цішыня, і нават здаецца, што час цячэ павольней. У Жыровічах можна проста стаяць, глядзець, слухаць і маўчаць.

Жыровічы. Фота: vedaj.by
Гэты кірунак добра падыходзіць у якасці кароткага падарожжа на выходныя. Прайсціся, паглядзець на манастырскі комплекс, затрымацца ў цішыні, з’ездзіць у Слонім і ўжо адтуль вяртацца дадому.
Таксама такая пілігрымка будзе пасаваць тым, хто хоча пачаць з малога. Не кожны гатовы ісці некалькі дзён пешшу, спаць у намётавым гарадку і несці заплечнік. Але амаль кожны можа дазволіць сабе на дзень ці два выехаць з вялікага горада.
Каму падыдзе: тым, хто шукае цішыню і беларускую духоўную традыцыю па-за вялікімі гарадамі.
Колькі часу трэба: адзін дзень або выходныя.
Практычная парада: лепш планаваць паездку праз Слонім.
Для многіх беларусаў Вільня даўно стала месцам сустрэч, архіваў, кавярняў, канцэртаў, беларускіх ініцыятыў, чакання дакументаў, новых пачынанняў і настальгіі. Таму кароткая пілігрымка па Вільні можа стаць вельмі асабістай. Гэта горад, які адначасова блізкі і не свой, гістарычны і сучасны, родны і чужы.
Пілігрымку можна пачаць ад Вострай Брамы, адной з найважнейшых святыняў рэгіёна, якая знаходзіцца на мяжы паміж сакральным і гарадскім. Потым ісці праз Стары горад, універсітэцкія двары, па месцах, звязаных з гісторыяй Вялікага Княства Літоўскага і беларускай культурай.

Вільня. Фота: Алег Варанішча
Для беларуса ў эміграцыі Вільня часта становіцца прасторай пытанняў: хто я? дзе мой дом? як жыць далей? што захоўваць, а што пакідаць? У вялікай дарозе не заўсёды ёсць магчымасць адразу вярнуцца дадому, і не заўсёды зразумела, дзе цяпер гэты дом. Але можна зрабіць маленькі шлях ад святыні да кавярні, ад архіва да адметнай вуліцы, ад месца памяці да месца сустрэчы з сябрамі. І ў гэтым таксама будзе пілігрымка, добрая тым, што яе можна зрабіць за некалькі гадзін без заплечніка і мазалёў.
Каму падыдзе: беларусам у Літве і Польшчы, а таксама ўсім, хто хоча ў кароткую пілігрымку.
Колькі часу трэба: паўдні або дзень.
Як ісці: выбраць некалькі пунктаў, звязаных з беларускай гісторыяй, і прайсці іх пешшу.
А калі пасля беларускіх і блізкіх маршрутаў захочацца сапраўднай доўгай дарогі, варта прыгледзецца да Каміна дэ Сант’яга, або Шляху святога Якава, шляху, які ўжо прайшоў і апісаў беларускі аўтар Стэфан Корф.

Беларускія дэталі пілігрымак. Фота: Стэфан Корф
Самы вядомы еўрапейскі маршрут пілігрымаў — шлях святога Якава, альбо інакш, Каміна дэ Сант’яга. Ён вядзе да Сант’яга-дэ-Кампастэла ў Галісіі, дзе, паводле хрысціянскай традыцыі, знаходзяцца парэшткі апостала Якава. Сёння гэтым шляхам ходзяць сотні тысяч людзей з усяго свету, сярод якіх шчырыя вернікі, агностыкі, спартоўцы, пенсіянеры, студэнты, айцішнікі, людзі пасля разводаў, звальненняў, выгарання і проста тыя, каму аднойчы спатрэбілася дарога.
Адзін з самых папулярных варыянтаў — партугальскі шлях з Порту да Сант’яга. Ён не самы доўгі і не самы цяжкі, але дастаткова працяглы, каб атрымаць поўны досвед. Каля двухсот з лішкам кіламетраў пешшу, жоўтыя стрэлкі на сценах і камянях, пілігрымскі пашпарт з пячаткамі, начлегі ў альбергах, размовы на розных мовах, раніцы, калі стомленае цела просіць застацца, і вечары, калі раптам прыходзіць разуменне, што пройдзены яшчэ адзін дзень.

Шлях святога Якава. Пячаткі. Фота: Стэфан Корф
Каб атрымаць «Кампастэлу», або пасведчанне пра завершаную пілігрымку, трэба прайсці мінімум апошнія 100 кіламетраў пешшу або праехаць 200 кіламетраў на ровары, збіраючы пячаткі ў спецыяльны пілігрымскі пашпарт. Але сапраўдная ўзнагарода, як часта кажуць самі пілігрымы, палягае ў тым, што на нейкім этапе ты перастаеш лічыць кіламетры і пачынаеш заўважаць зусім іншае: як змяняецца святло, як маўчаць людзі побач, як добра мець у заплечніку толькі самае неабходнае.
Менавіта гэты шлях прайшоў беларускі аўтар Стэфан Корф. У верасні 2025 года ён за адзінаццаць дзён здзейсніў пілігрымку і ператварыў свой досвед у кнігу «Па дарозе з Порту на Сант’яга», якая выйшла ў выдавецтве Gutenberg Publisher.

Шлях святога Якава. Фота: Стэфан Корф
Гэта асабісты падарожны дзённік чалавека, які належыць сучаснаму свету і не спрабуе быць «правільным пілігрымам», а проста ідзе і назірае за дарогай, за іншымі ўдзельнікамі, аналізуе ўласную стомленасць, раздражненне, радасць, сумневы і робіць нечаканыя адкрыцці. У кнізе ёсць практычныя парады для тых, хто сам збіраецца ў Шлях, але яе галоўная каштоўнасць палягае ў іншым. Яна паказвае, што пілігрымка можа быць не ўцёкамі ад жыцця, а спосабам вярнуцца ў яго больш уважлівым.
Моцна змянілася ўспрыманне адлегласці. Цяпер па дарозе зазірнуць на стары палац — гэта не «ды зараз, пад’едзем хуценька». Гэта «ну, праз дзень дайду». Выпіць гарбаткі на прыпынку — гэта не «прыедзем на пяць хвілін пазней, трошкі паднацісну». Цяпер гэта — «магчыма, да наступнай альбергі давядзецца ісці яшчэ тры кіламетры». Забыўся на рэч у альберзе — гэта «ну, не асабліва яна мне і патрэбная». Пачаў разумець герояў кніг ды фільмаў пра часы, калі не было аўтамабіляў.
Урывак з кнігі Стэфана Корфа
З такіх дэталяў, з вельмі зямных рэчаў і складаецца цуд Пілігрымкі, Вялікай духоўнай дарогі.
Кніга будзе цікавая нават тым, хто пакуль не збіраецца ў Порту і не гатовы купляць трэк-абутак. Яе можна чытаць як гісторыю пра выгаранне і перазагрузку, як нататку самому сабе, што часам, каб нешта змяніць у жыцці, трэба не прыдумляць вялікі план, а проста пачаць рабіць крокі.

Шлях святога Якава. Фота: Стэфан Корф
Кнігу «Па дарозе з Порту на Сант’яга» можна знайсці на сайце выдавецтва Gutenberg Publisher:
Сёння адчуваю сябе слімаком, бо іду павольна, толькі зрэдку абганяючы людзей. Няма таго ўчорашняга тэмпу, можна ісці не спяшаючыся, глядзець навокал. Месца ў альберзе неяк знайду. Дый нага не зламаецца, не памру. Сустрэў арэлі на пляцоўцы з вялікім крыжам. Зняў відэа, як заскокваю на іх. Потым пару хвілін пагайдаўся проста для сябе. Спакойна. Утульна.
Урывак з кнігі Стэфана Корфа
Пілігрымка сама па сабе не абяцае, што пасля яе жыццё стане простым. Яна не вырашае ўсіх праблемаў, не пазбаўляе ад трывогі і не дорыць гатовых адказаў. Але яна паказвае, што вялікая дарога складаецца з маленькіх крокаў. Што які б ні быў цяжкі дзень, яго можна прайсці, а свой заплечнік амаль заўсёды можна зрабіць лягчэйшым. Што побач могуць апынуцца новыя знаёмцы, з якімі разам прыемна маўчаць.
Галоўнае не тое, куды вы дойдзеце, а тое, кім вы станеце па дарозе.
Павал Хадзінскі, budzma.org