Праект «Еўрапейскае кафэ – адкрытая прастора Еўропы
29 мая (пятніца)
18:00
Лофт Праект «БАЛКИ»,
(вул. Чапаева, д. 3, блок 202, 2-гі паверх)
Запрашаем на публічную лекцыю
Пэра Андэрса Рудлінга
«Вытокі беларускага нацыяналізму: самавызначэнне і палітыка на межах Еўропы»
Распад кантынентальных імперый у 1917–1918 гадах прывёў да ўзнікнення новых дзяржаў ва Усходняй Еўропе. Беларускія нацыяналісты былі аднымі са шматлікіх сілаў, якія хацелі выкарыстаць гэтую магчымасць для ўстанаўлення нацыянальнай дзяржавы, стварыўшы палітычную павестку на (этна)нацыянальнай аснове. Беларускі нацыяналізм не толькі зрабіўся палітычнай праграмай для саміх беларускіх нацыяналістаў, але і выкарыстоўваўся як інструмент для дасягнення нямецкіх, літоўскіх, польскіх і савецкіх палітычных мэтаў. Хоць беларускія нацыяналісты не здолелі вырашыць пастаўленую задачу і стварыць нацыянальную дзяржаву ў 1918 годзе, іх дзейнасць умацавала ідэю пра існаванне беларусаў як нацыі ды паўплывала на рашэнне бальшавікоў стварыць БССР. Паміж 1918 і 1928 гадамі беларускі нацыяналізм перажываў асаблівы ўздым, часткова абумоўлены палітычным супрацьстаяннем паміж Польшчай, Літвой і Савецкім Саюзам.
Пасля лекцыі адбудзецца дыскусія. Мадэратар – сацыёлаг Аляксей Ластоўскі (Інстытут «Палітычная сфера», куратар спецыялізацыі «Найноўшая гісторыя» Беларускага Калегіума)
Пэр Андэрс Рудлінг (Per Anders Rudling) – дацэнт кафедры гісторыі ва Універсітэце Лунда (Швецыя) і запрошаны прафесар Венскага ўніверсітэта (Аўстрыя). Атрымаў ступень доктара філасофіі ва Універсітэце Альберты (Канада). Яго даследчыя інтарэсы сфакусаваныя на нацыяналізме, ідэнтычнасці ды міжэтнічных адносінах на тэрыторыі былых ускраін Другой Рэчы Паспалітай («Kresy Wschodnie»). У снежні 2014 года выйшла яго кніга «The Rise and Fall of Belarusian Nationalism, 1906–1931» («Росквіт і заняпад беларускага нацыяналізму, 1906–1931»).
Мова лекцыі: руская
Уваход вольны!
Мерапрыемства ў Facebook: https://www.facebook.com/events/981774888521617/