20 мая з 19.00 да 00.00 у Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь адбудзецца акцыя «Ноч музеяў-2017».
У гэтым годзе стварыць асаблівую атмасферу вакол твораў мастацтва арганізатарам дапаможа раман аргентынскага постмадэрніста Хуліа Картасара «Гульня ў класікі». Назва кнігі была ўзята ў якасці тэмы мерапрыемства «Гульня ў класікі, або адмова ад строгай геаметрыі».
Картасар ажыццявіў у рамане незвычайную ідэю: чытач можа сам выбіраць паслядоўнасць раздзелаў ці па аднаму з ланцужкоў, прапанаваных аўтарам, альбо па сваім меркаванні. Паводле задумы куратараў, госці змогуць самі выбраць схему наведвання музея, падобна выбару свайго шляху пры чытанні «Гульні ў класікі».
1-ы ШЛЯХ
Удумлівы агляд пастаяннай экспазіцыі і часовых выстаў, не звяртаючы ўвагу на тое, што адбываецца. Можна будзе пазнаёміцца з наступнымі выставамі: Беларускае мастацтва XII–XX стст., Рускае мастацтва XVIII – пачатку XX ст., Мастацтва Еўропы XVI–XX стст., Мастацтва краін Усходу XIV–XX стст., выстава гравюр Рэмбранта Харменса ван Рэйна (УВАГА! Падчас акцыі «Ноч музеяў» уваход на выставу гравюр Рэмбранта будзе ажыццяўляцца па асобным білеце), выстава мастака-прымітывіста Сяргея Каваля «Забытыя казкі», выстава абстрактнага жывапісу Анатоля Кузняцова «Аб зямлі і небе», выстава армянскага мастака Фараона Мерзаяна.
2-і ШЛЯХ
Удзел гасцей акцыі толькі ў інтэрактыўных мерапрыемствах. «Начны лекторый» – цыкл кароткіх лекцый у стылі TED ад лепшых лектараў музея і горада. «Карціны адыходзяць да сну» – толькі падчас Ночы музеяў наведвальнікі змогуць пагуляць па абсалютна цёмных залах рускага мастацтва з ліхтаром у руках (для гэтага нашым гасцям трэба будзе пры сабе мець ліхтарык). «Уласны маршрут» – літаратурная прагулка-квэст па экспазіцыі музея. «Пышных жанчын малюе ўпарта Пітэр Паўль Рубенс з Фламандскай зборнай» – мастацкі футбол у Мастацкім. «Сляпы буккросінг пад наглядам Ф. Скарыны» – абмен кнігамі ў музеі (гасцям трэба захапіць з дому кнігу для абмену). «Гульня ў бісер» – вандроўная музычная кропка: сучасныя акадэмічныя кампазітары створаць музычны фон у залах музея. У складзе – скрыпка, флейта, віяланчэль і самыя дзіўныя ўдарныя, ад марымбы да шаманскіх бубнаў.
Наведвальнікі змогуць прыняць удзел і ў творчых мерапрыемствах: «Мультымедыйнае маляванне», «Абстрактнае маляванне», «Размалёўкі 16+», «Кусудама», гульні «Мэмары», «А ці вернік, а ці не?»
3-і ШЛЯХ
Разумнае сумяшчэнне першага і другога.