Падчас уручэння прэміі «Залаты апостраф» прэзентуюць невядомы твор Быкава
Пачатак: 24.02 (19:00)Канец: 24.02 (21:00)
кнігарня "Галіяфы"
Часопіс “Дзеяслоў” і кнігарня “Галіяфы” запрашаюць на ўручэнне літаратурнай прэміі “Залаты апостраф” за найлепшую паэзію, прозу і дэбют у 2015 годзе. Шорт-ліст прэміі гл. ТУТ
уДЗЕльнікі
Дзеяслоўцы: Барыс Пятровіч, Алесь Пашкевіч, Андрэй Федарэнка, Анатоль Івашчанка, Усевалад Сцебурака, а таксама лаўрэаты прэміі ранейшых гадоў.
Музыка: Раман Абрамчук (спевы, гітара), Аляксандр Карабань (кантрабас).
Таксама падчас уручэння літаратурнай прэміі адбудзецца прэзентацыя свежага нумара часопіса “Дзеяслоў” з невядомым апавяданнем Васіля Быкава.
У 2000-я гады часопіс «Дзеяслоў» рэгулярна друкаваў спадчыну Васіля Быкава. Асабліва гэты працэс актывізаваўся ў часе падрыхтоўкі збору твораў класіка ў 14 тамах. Некалькі гадоў лічылася, што ўся напісаная Быкавым проза апублікаваная. Тым не менш, адзін твор знайшоўся – аповед «У тую вясну…», змешчаны ў №80 «Дзеяслова».
На цяперашні момант ён з’яўляецца апошнім адшуканым творам выдатнага пісьменніка і будзе прэзентаваны падчас вечарыны «Дзеяслова» ў кнігарні «Галіяфы» 24 лютага.
“Гэты рукапіс перадала “Дзеяслову” Ірына Міхайлаўна Быкава, – распавядае галоўны рэдактар часопіса “Дзеяслоў”, старшыня Саюзу беларускіх пісьменнікаў Барыс Пятровіч. – Быў ён без назвы, на ім чыёйсьці рукой, мажліва, і самога Быкава, была толькі пазначаная дата: “89 г.”. Расповед у тэксце вёўся ад “я” героя, прычым вельмі шчыра, асабіста, і можна было падумаць, што гэта быў першы падыход Васіля Уладзіміравіча да напісання біяграфічных успамінаў, якія сталі потым кнігай “Доўгая дарога дадому”.
Асновай апавядання з’яўляецца расповед выпадкова сустрэтага героем гарадзенскага кадэбіста. Знаходзячыся за пару крокаў ад смерці, кадэбіст вырашае даверыцца санаторнаму знаёмцу і распавесці пра сваё колішняе змаганне з гарадзенскімі дысідэнтамі Аляксеем Карпюком і Васілём Быкавым.
Апублікаваны ў “Дзеяслове” твор належыць часам перабудовы, калі Васіль Быкаў яшчэ не пачынаў задумвацца пра напісанне мемуараў. Тэматыка аповеду паказвае на тое, аднак, што пісьменнік хацеў зрабіць забароненыя старонкі сваёй гарадзенскай біяграфіі асновай для мастацкага твору. Але штосьці спыніла Быкава на паўдарозе.
„Вельмі шкада, што Васіль Уладзіміравіч, пачаўшы пісаць гэты тэкст яшчэ ў 1989 годзе, так да яго больш і не вярнуўся, не скончыў. – адзначае Барыс Пятровіч. – Цікава, што яшчэ расказаў яму той “супрацоўнік” і якія былі ягоныя каментары. І ўва што потым, пасля дапрацоўкі, ператварыўся б гэты запіс: у мастацкі твор ці ўсё ж перамагла б дакументальнасць? Па вялікім рахунку, сёння ўжо гэта няважна. “Дзеяслоў” друкуе тэкст без зменаў, у такім выглядзе і правапісе, як напісаў яго Васіль Уладзіміравіч. І справа даследчыкаў-літаратуразнаўцаў рабіць высновы, што гэта ёсць і што магло б быць”.
Прэс-служба ГА “Саюз беларускіх пісьменнікаў”