Паэтычны вечар “Ёсць куток на зямлі…”

05.09.2018 17:00 - 17:00 Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13) Бясплатнае

Ёсць куток на зямлі:

Дзень адзін пражывеш –

Назаўсёды цябе зачаруе…

Максім Танк

5 верасня 2018 года а 17-й гадзіне Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры запрашае сяброў на паэтычны вечар “Ёсць куток на зямлі…”. Мерапрыемства ладзіцца ў рамках музейнага праекта “Літаратурнае падарожжа” і працягвае тэму Мядзельшчыны – краю пісьменнікаў і паэтаў, распачатую літаратурна-мастацкай выставай «“Ёсць куток на зямлі…”: Мядзельшчына ў замалёўках Аксаны Аракчэевай», якая экспануецца ў музеі.

Літаратурна-мастацкая экспазіцыя прысвечана Мядзельшчыне – прыгажэйшаму краю Беларусі. Возера Нарач, горад Мядзел, гарадскі пасёлак Свір, вёскі Засвір, Мікольцы, Пількаўшчына, Альшэва – гісторыя гэтых мясцін звязана з імёнамі выбітных паэтаў, пісьменнікаў, фалькларыстаў, асветнікаў: Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча, паэта і святара Казіміра Сваяка, фалькларыста Адама Гурыновіча, лаўрэатаў літаратурнай прэміі імя Янкі Купалы Уладзіміра Дубоўкі і Максіма Танка.

Мастацкая частка экспазіцыі «“Ёсць куток на зямлі…”» складаецца з серыі пастэльных замалёвак мастачкі Аксаны Аракчэевай, створаных падчас яе адмысловых вандровак-пленэраў па “краіне пісьменнікаў” – Мядзельшчыне. На пачатку вечара мастачка падзеліцца сваімі ўражаннямі ад Мядзельскага пленэра. Матэрыялы з фондаў Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры ствараюць літаратурна-дакументальную частку экспазіцыі.

Падчас імпрэзы прагучаць вершы пра Бацькаўшчыну паэтаў – ураджэнцаў Мядзельшчыны Міколы Шабовіча і Рагнеда Малахоўскага ў выкананні аўтараў. Песні на іх вершы выканаюць кампазітары Зміцер Пятровіч і Алег Малашчыцкі. Пра выдатных беларусаў, чые імёны звязаны з Мядзельскім краем, распавядуць даследчыкі Ганна Севярынец і Васіль Дранько-Майсюк. Вершы Максіма Танка і Уладзіміра Дубоўкі прагучаць у выкананні народных артыстак Беларусі Марыі Захарэвіч і Зінаіды Бандарэнка.

Запрашаем усіх, хто любіць паэзію, далучыцца да паэтычнага вечара “Ёсць куток на зямлі…”.

 


Вам можа быць цікава

Выстава "VOYAGE Дзяніса Барсукова" ў Мінску

11.12.2025 18:00 - 11.01.2026 20:00 Галерэя Шчамялёва (вул. Рэвалюцыйная, 10)

Калядны Вайцюшкевіч у Познані

17.12.2025 (19:00 - 21:00) MY pod sceną (27 Grudnia 8/10)

Pukst у Гданьску

18.12.2025 (19:00 - 21:00) Mirzam (Tandeta, 1)

ZVONKU і сябры ў Мінску

19.12.2025 (19:00 - 20:00) Музей Якуба Коласа (вул. Акадэмічная, 5)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ