У 69-гадовым узросце памёр беларускі кампазітар і музычны дзеяч Віктар Капыцько, піша «Еўрарадыё».

Віктар Капыцько / facebook.com/victor.copytsko
Капыцько быў аўтарам не толькі акадэмічнай музыкі, але і шмат гадоў, з 1978-га, плённа супрацоўнічаў з «Беларусьфільмам», а таксама пісаў музыку для тэатральных пастановак. Ён быў лаўрэатам Нацыянальнай кінапрэміі Рэспублікі Беларусь і міжнароднага кінафестывалю «Лістапад-2006», трохразовым уладальнікам прыза «Крыштальны Бусел».
Сярод яго работ — саўндтрэкі для фільмаў «Бег ад смерці», «У чэрвені 41-га», «Анастасія Слуцкая», «Вам — заданне», «Сляды на вадзе», «Авантуры Пранціша Вырвіча» (фільм так і не быў паказаны).
У 2020-м творца падтрымаў пратэст супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў. Апошні запіс у яго акаўнце ў Фэйсбуку зроблены з нагоды выхаду палітвязняў, у прыватнасці Марыі Калеснікавай: «Маша на волі!»