Валера Руселік: «Я цьвёрда перакананы, што ўсе магчымасьці для нашае цудоўнае беларускае будучыні ў нас сапраўды ёсьць»

Сучасны сьвет імкліва ляціць наперад. І ў гэтым сьвеце, здавалася б, дзейнічае адно няўхільнае правіла: альбо ты імчыш наперад разам з астатняй цывілізацыяй, альбо марудзіш у разьвіцьці і ў выніку, застаесься на ўзбочыне гісторыі. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік разносіць у пыл закарэлы пэсымістычны прагноз наконт будучыні беларусаў і беларушчыны.

Стаялі неяк зь сябрам, размаўлялі пра тое-сёе. Абодва ўжо разьмяняўшы пяты дзясятак, таму гутарка непазьбежна зайшла і пра здароўе. Паўздыхалі, паскардзіліся, пажартавалі — і прышлі да высновы, што галоўная задача цяпер — працягнуць яшчэ хаця б гадоў 25-30: мо несьмяротнасьці тады чалавецтва яшчэ й не дасягне, але ж лекаваць розныя хваробы і гэткім чынам падаўжаць жыцьцё — цалкам рэальна ж, праўда? Слухайце, ужо сёньня навукоўцы вырошчваюць у лябараторыях новыя зубы, на 3d-друкарцы штампуюць сэрцы, у невідушчыя вочы ўстаўляюць чыпы, вяртаюць рухомасьць разьбітым паралюшам, дасягнулі кіраваньня мэханізмамі сілаю думкі і г. д. А вы ўявеце сабе, што будзе праз чвэрць стагодзьдзя!

Карацей, уся надзея — на тэхналёгіі!

Karcina Jazepa Drazdoviča «Kosmas», 1943 h.Карціна Язэпа Драздовіча «Космас», 1943 г.

І ня толькі — нашая паасобку, але і агульная беларуская Надзея. Зрэшты, ужо сёньня, дзякуючы тэхналёгіям, мы можам замяняць нават цэлыя дзяржаўныя інстытуцыі, адабраныя ў народу ўзурпатарам.

Хочаце паглыбіцца ў сьвет беларушчыны — вам на «Будзьма беларусамі». Карціць атрымаць дадатковую адукацыю — калі ласка, «Віртуальны ўнівэрсытэт» чакае вас! Адукацыя для дзетак — без праблем! Анляйн-бібліятэкі, шматлікія відэапраекты пра гісторыю і культуру, віртуальныя кінатэатры — сьпіс усяго, створанага на сёньня па-беларуску і дасяжнага кожнаму з нас, можна цягнуць і цягнуць.

Пры гэтым практычна анічога не замінае пашыраць акіян беларушчыны яшчэ больш. Пісаць, перакладаць і агучваць кнігі, здымаць і генэраваць мультыкі і фільмы. Падтрымліваць сувязь са сваімі блізкімі і спазнаваць сьвет, дзе б ты ні быў. Ствараць віртуальныя экскурсіі як па родных мясьцінах сёньня, гэтак і зазіраючы ў сівую даўніну альбо наадварот — у сьветлую будучыню. Без праблем!

Далучыцца да беларушчыны і жыць ёю — цалкам рэальна, дзе б ты ні быў: альбо на радзіме ўва ўмовах неабвешчанай расейскай акупацыі, альбо ў вымушанай эміграцыі дзе-небудзь на Кайманавых выспах.

Абы была ахвота!

BelGPTradio
Скрын галоўнай старонкі першага беларускамоўнага радыё BelGPTradio, дзе замест вядоўцаў — штучны інтэлект

Ну і для важкасьці падмацую свой аптымізм жменькай навукі. Як вядома, у працэсе разьвіцьця нашае людзкое цывілізацыі вылучаюць пэўныя стадыі:

— першабытна-абшчынная,
— нэалітычная
— аграрная
— індустрыйная
— постіндустрыйная
— інфармацыйная.

Пакуль разьвітыя краіны разьвітваюцца з постіндустрыйнай стадыяй разьвіцьця і спрабуюць сябе ў інфармацыйнай, Беларусь, на жаль, усё яшчэ моцна сядзіць у індустрыйнай багне. Айчынная эканоміка ўсьцяж трымаецца на заводах і фабрыках — гэтых грувасцкіх «прамысловых гігантах». А дзяржаўная ідэалёгія аніяк ня можа адарвацца ад строгай вэртыкалі і ўсеабдымнага кантролю. Тэхналёгіі — як валізка бяз ручкі. І кінуць нельга, бо бязь іх у сучасным сьвеце аб’ектыўна ня выжывеш. І разьвіваць страшна, бо яны непазьбежна разбураюць вэртыкаль і даюць грамадзянам асабістую свабоду.

Ну а дыктатура ў краіне, дзе жывуць свабодныя грамадзяне — немагчымая. Стрррррашна... Тут ня тое што інфармацыйная — тут нават у бок постіндустрыйнай стадыі разьвіцьця зірнеш, і дрыжыкі прабіраюць!

Robat-milicyjant
Калі тэхналёгіі ў дыктатуры, то толькі гэткія! Робат-міліцыянт ва ўяўленьні штучнага інтэлекту. Фота Dall-E / Bing / Белсат

Зрэшты, ня ўся Беларусь — адсталая. Вось вам прыклад з найноўшае гісторыі. Дарваўшыся да ўлады, лукашысты ўвесь час зацята змагаліся і працягваююць змагацца зь беларушчынай і зь незалежнымі мэдыямі (фізкультпрывет інфармацыйнай стадыі разьвіцьця!). Аднак, здушыўшы ўсе непадкантрольныя газэты, нечакана для ўсіх, у тым ліку і для сябе, улады выштурхнулі беларускіх журналістаў у тады яшчэ новую для нашае краіны прастору — Інтэрнэт.

То бок — у наступны тэхналягічны этап разьвіцьця.

І гэтак — лічы, з усім незалежным беларускім. Да прыкладу, забаранялі музыкам выступаць — калі ласка, вунь Аляксандар Чарнуха з «Міністэрства сэпультуры» пачаў ладзіць анляйн-выступы забароненых выканаўцаў. З слухачамі, з продажам квіткоў — усё як мае быць!

То бок нашая з вамі Беларусь, сябры, даўно крочыла наперад. І адкрыю вам таямніцу: у нейкім сэнсе, у сваім разьвіцьці мы абагналі нават... самыя перадавыя краіны сьвету!

Рэч у тым, што наступнай у цывілізацыйнай эвалюцыі пасьля інфармацыйнай футуролягі называюць ідэйную стадыю. То бок інфармацыі ў сучасным сьвеце, дзякуючы разьвіцьцю тэхналёгіяў, робіцца настолькі шмат, што чалавецтва ўжо ня ў стане яе ўсю перапрацаваць. У выніку, вялікая частка інфармацыі ператвараецца папросту ў шум. І тут на першае месца выходзяць ідэі, сэнсы, каштоўнасьці, якія і дапамагаюць арыентавацца й не патанаць у гэтым інфармацыйным акіяне. Галоўным рэсурсам становяцца чалавечыя розумы, за іх і ідзе змаганьне — з дапамогаю як раз-ткі ідэяў, сэнсаў, каштоўнасьцяў.

І вось тут мы, беларусы, валодаем сапраўды ўнікальным шанцам.

Ня маючы сёньня сваёй сапраўдны нацыянальнай беларускай дзяржавы, вялікіх грошай і нейкіх унікальных тэхналёгіяў, мы, аднак, маем галоўнае — нашую Ідэю. Тую самую, што лучыць нас праз усе гэтыя змрочныя ліхалецьці войнаў і акупацыяў, эміграцыяў і дыктатураў. Тую, што насуперак бясконцым асыміляцыям і вынішчэньням уласна робіць нас беларусамі. І задзіночвае.

Valera Rusielik
Валера Руселік — гадоў праз 25-30 ува ўяўленьні штучнага інтэлекту

Вось чаму, сябры, я цьвёрда перакананы, што ўсе магчымасьці для нашае цудоўнае беларускае будучыні ў нас сапраўды ёсьць. А таму — разьвіваймася, самадасканальмася, авалодвайма найноўшымі тэхналёгіямі!

А там, хто ведае, мо дажывем і да неўміручасьці. Нездарма ж на покліч «Жыве Беларусь!» мы адказваем аптымістычным «Жыве вечна!».

Валера Руселік, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org