Уявіце, што з канцлагеру вызваляюць габрэяў ды пытаюцца: «Што вы думаеце пра вайну?». А ў адказ чуюць: «Мы яшчэ не разабраліся, нам ахоўнікі паказвалі кінахроніку, адныя кажуць адно, другія іншае... Любая вайна — дрэнна... Медыцына? О, так! У нашым лагеры былі цудоўныя лекары!..»

Прэс-канферэнцыя ў Чарнігаве. Фота: PAP/EPA/STRINGER
Прыкладна такое ўражанне застаецца пасля дзіўнай прэс-канферэнцыі з удзелам Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай. Безумоўна, шок, афект, мала інфармацыі. Але Віктар і Марыя — палітыкі. Першыя словы на волі — іх зорны час. Або мы іх слухаем, або не. Або — або.
Нельга быць адначасна «не ў тэме» пра вайну і ў тэме пра 2020 год, у якім, згодна з Віктарам, «усё было зроблена правільна». ОК, час спыніўся ў моманце, калі Маша парвала пашпарт. Але калі чалавек не ведае пра тое, што адбывалася з 2020-га па 2025-ты, адкуль перакананне, што — правільна?
Давайце пра галоўнае. Пра вайну, якая трывае ўжо больш за 10 гадоў. Калі ў 2020-м туманная пазіцыя Бабарыкі па вайне і Крыму магла быць апраўданая палітычным разлікам, то што зараз? На што і на каго разлік? Яшчэ ў 2020-м можна было скласці два плюс два: Лукашэнка і Пуцін — хаўруснікі. Лукашэнка трымае цябе ў закладніках. Хто ж тады Пуцін?..
Не маючы свежай інфармацыі, ты можаш быць не ў курсе дэталяў, але афіцыйныя навіны — гэтага дастаткова, каб зрабіць высновы. Хто за каго і супраць каго. У ГУЛАГу людзі па абрыўках савецкіх газет, якія ішлі ў вертухаяў на самакруткі, маглі зразумець, што адбываецца на фронце. Увесну 2011-га ў СІЗА КДБ нават «Савецкая Беларусь» прыходзіла ў выглядзе выцінанкі — з цэнзарскімі дзіркамі. Але ўсе пра ўсё ведалі.
Напрыканцы канферэнцыі англамоўны журналіст пытаецца ў Калеснікавай:
— What do you know about the war in Ukraine?
— Almost nothing.
З такім жа поспехам Калеснікава магла б перапытаць: «Ukraine? Where is it? In Siberia?..» Дзіўна, бо яна не сядзела ў адзіночцы з 2020-га. Працавала на прамзоне, шыючы адзежу. Прамзона ў кожнай калоніі — тэрыторыя камунікацыі, там сустракаюцца людзі з усіх атрадаў. Для таго туды і ходзяць — паразмаўляць.
Пра абстрэлы Кіева Марыя даведалася не 13 снежня 2025-га, а 24 лютага 2022-га. З тэлевізара. І пасля, верагодна, чула не аднойчы. Дык няўжо цяжка зразумець, што да чаго? Бо калі не ўсё адназначна з абстрэламі Кіева, то і з 2020-м — неадназначна. Пра што мы наогул размаўляем?..
Некаторыя фразы Віктара Бабарыкі каментаваць цяжка:
— Расіяне кажуць, што ўкраінцы, украінцы кажуць, што расіяне...
— Любая вайна — гэта дрэнна.
— У любой вайне робяцца злачынныя дзеянні.
— Людзі робяць асэнсаваны выбар, зыходзячы з тых сістэм справядлівасці, якія яны маюць...
— Я не «супраць», я «за».
Нешта падобнае я ўжо чуў ад пенсіянераў у Беларусі, якія гадамі глядзелі БТ і не пераймаліся. Вайна была па-за зонай іх цікавасці, далёка. Іхнае ўласнае «інкамунікада» было свядомым выбарам. Няведанне — таксама пазіцыя. Каб навіны не перашкаджалі працэсам стрававання.
Любая вайна — дрэнна. Дык і пратэсты — дрэнна. Хаця б таму, што ёсць супраць чаго пратэставаць. А супраць пратэстоўцаў у любой краіне ужываюць спецсродкі. А кожны афіцэр МУС РБ, безумоўна, робіць асэнсаваны выбар і мае свае каштоўнасці... Няясна толькі, навошта і ад чаго, у такім выпадку, вызвалялі Бабарыку? Ад добрых дактароў?..
А ведаеце, што самае страшнае? Віктар Бабарыка стаў электаральным лідарам у 2020-м акурат праз сваю неканфліктнасць і пацыфізм. На кантрасце з «жэстачайшым». Ён умеў супакойваць, не даваць ацэнак, не заўважаць негатыву і — усміхацца: «Рэпрэсій няма», «Крым грэцкі»...
Зараз Віктар Дзмітрыевіч умее не проста «не ведаць», а яшчэ і «забываць». Напрыклад, забыць, адкуль у яго на галаве больш за 20 рассячэнняў... З кожным бывае.
Страшна тое, што пазіцыя «не ведаць» і «забываць» можа стаць зноў запатрабаванай на беларускім палітычным рынку, калі гэты рынак з’явіцца. Бо гэта — зручна.
Калі так, то ў Віктара Бабарыкі і Марыі Калеснікавай — яшчэ можа быць бліскучая палітычная будучыня. Віншую!
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org