Апошнія беларускія галасы. У Латгаліі поўнасцю вымерла беларуская мова

Латгалія — усходні край Латвіі — заўсёды была ўнікальным культурным скрыжаваннем. Тут, сярод блакітных азёр і каталіцкіх касцёлаў, стагоддзямі гучала «простая мова» — аўтэнтычная беларуская гаворка. Аднак сёння навукоўцы вымушаныя канстатаваць: беларуская гаворка ў Латвіі імкліва сыходзіць у нябыт, застаючыся толькі ў архіўных запісах, піша «Наша Ніва».

Vid na Prydrujski kascioł z boku biełaruskaj Drui
Від на Прыдруйскі касцёл з боку беларускай Друі. Фота: Яндэкс Карты

Ад часоў крывічоў

Гісторыя беларускай прысутнасці ў Латгаліі пачынаецца задоўга да з’яўлення сучасных межаў. Яшчэ ў V–VIII стагоддзях гэтыя землі пачалі асвойваць крывічы. Пра глыбіню гэтых сувязяў сведчыць сам латышскі этнонім krievs (рускі), які першапачаткова пазначаў менавіта крывічоў.

У часы Полацкага княства Дзвіна была галоўнай гандлёвай артэрыяй, і Полацк меў тут вялікі палітычны і культурны ўплыў. Пазней, цягам стагоддзяў, гэтыя землі ўваходзілі ў склад Вялікага Княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, дзе славянскі элемент заставаўся дамінуючым у многіх валасцях.

У часы Расійскай імперыі адміністрацыйнай мяжы паміж землямі Латгаліі і сучаснай Беларуссю не існавала, што спрыяла свабоднаму перамяшчэнню насельніцтва, агульнаму эканамічнаму і культурнаму жыццю. Дзвінск (Даўгаўпілс), Люцын (Лудза) і Рэжыца (Рэзэкнэ) былі павятовымі гарадамі Віцебскай губерні. Паводле перапісу 1897 года, беларусы складалі значную частку насельніцтва гэтых паветаў, а ў некаторых валасцях — абсалютную большасць.

Беларуская Латгалія: ад Карскага да сучасных даследаванняў

Biełaruskaja mova na terytoryi sučasnaj Łatvii ŭ 1903 hodzie
Беларуская мова на тэрыторыі сучаснай Латвіі ў 1903 годзе. Паводле этнаграфічнай карты беларускіх гаворак Яўхіма Карскага. Штрыхоўкай паказаныя гаворкі з моцным аканнем і цвёрдым [р], кропкамі — гаворкі з мяккім [р’]. Карта з працы Янковяка

Гісторыя фіксацыі беларускай мовы ў гэтым рэгіёне пачалася ў 1903 годзе з маштабнай экспедыцыі акадэміка Яўхіма Карскага. Тады ён акрэсліў межы распаўсюджвання беларускіх гаворак значна далей на поўнач, чым сучасная дзяржаўная мяжа. Карскі адзначаў, што мясцовае насельніцтва захоўвала класічныя рысы беларускай фанетыкі: дзеканне, цеканне, фрыкатыўнае [г] і цвёрдае [р]. Карскі маляваў межы беларускіх гаворак далёка за Дзвіной, уключаючы ў іх Ілукшту і нават мястэчка Корсаўка (Карсава) на поўначы. Праз стагоддзе карціна змянілася кардынальна.

У апошнім нумары навуковага часопіса Acta Albaruthenica (2024) апублікавана даследаванне польскага лінгвіста Мірослава Янковяка, які з 2004 да 2019 года прайшоў шляхамі Карскага (увагу на даследаванне звярнуў канал «De facto. Беларуская навука»). Высновы яго шматгадовых палявых даследаванняў гучаць як эпітафія зніклай мове.

Поўнач і захад: поўная асіміляцыя

Паводле дадзеных Мірослава Янковяка, найбольшыя страты адбыліся ў паўночнай частцы гістарычнага арэала. Ваколіцы мястэчка Корсаўка (Карсава), дзе яшчэ ў пачатку XX стагоддзя фіксаваліся беларускія гаворкі, сёння цалкам русіфікаваныя. Мясцовае славянскае насельніцтва перайшло на рускую мову, і знайсці носьбітаў беларускага дыялекту там ужо немагчыма.

Падобная сітуацыя назіраецца і ў Ілукштанскім павеце (левабярэжжа Дзвіны). Гэты рэгіён заўсёды меў моцны польскі ўплыў, а ў савецкі час тут дамінавала руская мова. Нават пасляваенныя перасяленцы з Браслаўшчыны не змаглі паўплываць на моўны ландшафт і хутка асіміляваліся. Сёння беларуская гаворка тут практычна не сустракаецца.

Дагдскі і Зілупскі паветы: мігранты без каранёў і змяшэнне з рускай мовай

Biełaruskaja mova na terytoryi sučasnaj Łatvii ŭ 1914 hodzie
Беларуская мова на тэрыторыі сучаснай Латвіі ў 1914 годзе. Паводле карты Маскоўскай дыялекталагічнай камісіі. Карта з працы Янковяка

У Дагдскім павеце, які гістарычна з’яўляецца латышскім (латгальскім), беларуская мова з’явілася пераважна пасля 1945 года разам з працоўнымі мігрантамі, якія ехалі ў савецкія калгасы.

Не маючы глыбокіх каранёў, гэтая мова хутка знікае.

Сёння яе рэшткі фіксуюцца толькі ў самым усходнім кутку павета, каля вёскі Асунэ.

У памежным Зілупскім павеце сітуацыя больш складаная. У вёсках Гарані, Пасінь і Шушкава ўсё яшчэ можна пачуць мясцовую гаворку. Аднак яна моцна трансфармавалася пад уплывам рускай мовы, якая дамінуе ў рэгіёне. Навукоўцы характарызуюць сучасны стан мясцовай гаворкі як пераходны або змешаны тып.

Краслаўскі павет: заняпад традыцыйнага цэнтра

Краслаўскі павет доўгі час заставаўся самым устойлівым рэгіёнам бытавання беларускай мовы ў Латвіі. Вёскі на поўдзень ад горада — Індра, Прыдруйск, Вайвады — захоўвалі мову даўжэй за іншых. Асаблівасцю гэтага краю была так званая «простая мова», якой карысталіся нават тыя жыхары, якія вызначалі сваю нацыянальнасць як палякі.

Аднак цяпер і тут адбываецца імклівы працэс моўнага зруху. Руская мова выконвае ролю прэстыжнага сродку зносін, выціскаючы дыялекты з штодзённага ўжытку. Малодшае і сярэдняе пакаленне ўжо не пераймаюць мову продкаў.

Прычыны знікнення

Навукоўцы вылучаюць галоўны фактар знікнення беларускіх гаворак — дэмаграфічны.

Актыўнымі носьбітамі аўтэнтычнай гаворкі застаюцца людзі, народжаныя ў 1920—1940‑я гады. Пакаленне 1950‑х гадоў ужо пераважна рускамоўнае, з захаваннем асобных фанетычных рысаў (акцэнту).

Сітуацыю пагаршае адсутнасць інстытуцыйнай падтрымкі: беларуская мова ў рэгіёне не выкарыстоўваецца ні ў школьнай адукацыі, ні ў рэлігійным жыцці касцёлаў.

Адсутнасць прытоку новага насельніцтва з Беларусі таксама робіць працэс незваротным.

Калі ў пачатку XX стагоддзя Карскі пісаў пра дзясяткі тысяч носьбітаў, то сучасныя ацэнкі колькасці людзей, якія валодаюць чыстай дыялектнай беларускай мовай у Латвіі, вымяраюцца дзясяткамі чалавек.

Фактычна гаворкі перастаюць быць сродкам жывых зносін і пераходзяць у разрад мёртвых аб’ектаў, якія можна вывучаць толькі па архіўных запісах.