У суботу, 5 красавіка, у Беларускім Доме адбудзецца прэзентацыя беларускага перакладу сярэднявечнай англійскай паэмы «Сэр Гавейн і Зялёны Рыцар».
На сустрэчы з перакладчыкам Ігарам Куліковым вы даведаецеся, што такое артурыяна (калі яшчэ не), чым гэта паэма вылучаецца сярод іншых твораў пра караля Артура і яго рыцараў, а таксама што такое алітэрацыйны верш (якім напісана паэма), адкуль ён узяўся і чаму заняпаў.
Акрамя таго, вы пачуеце сярэднеангельскую мову (якая гучыць далёка не так, як сучасная!) і паспрабуеце свае сілы ў перакладзе з яе на беларускую.
У прэзентацыі таксама возьме ўдзел мастачка Настасся Пазняк, якая афармляла выданне. Яна падзеліцца таямніцамі працы над стварэннем выяў для кнігі.
Можна будзе набыць кнігу. Кошт — 15 еўра.
Уваход вольны.