З пачатку 2025 году Міністэрства інфармацыі Беларусі дадало яшчэ 27 кніг у сьпіс забароненых для распаўсюду ў Беларусі друкаваных выданьняў. Агулам у сьпісе ўжо 92 пазыцыі, піша «Радыё Свабода».
Ілюстрацыйнае фота
Сярод іншага, у «Сьпіс друкаваных выданьняў, якія зьмяшчаюць інфармацыйныя паведамленьні і (або) матэрыялы, распаўсюд якіх здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам Рэспублікі Беларусь», трапіла кніга «За жалезнай заслонай. Заняволеньне Ўсходняй Эўропы (1946-1956)» журналісткі і дасьледніцы Энн Эплбаўм, жонкі міністра замежных справаў Польшчы Радаслава Сікорскага (у сьпісе Энн Аплбаум). Раней у сьпіс унесьлі яе кнігу «ГУЛАГ».
Таксама сьпіс папоўнілі раман Дэйвіда Мітчэла «Воблачны атляс» (кніга трапіла ў топ-100 найлепшых кніг XXI стагодзьдзя па вэрсіі The Guardian, па ёй у 2012 годзе зьнялі аднайменны фільм) і раман «Нявіньніцы-самазабойцы» амэрыканскага пісьменьніка Джэфры Эўгенідзіса (таксама быў экранізаваны), «Дзеці з камэры захоўваньня» японскага пісьменьніка Р’ю Муракамі, «Самотны мужчына» і «Бывай, Бэрлін!» амэрыканскага пісьменьніка Крыстафэра Ішэрвуда, «Дом на краі сьвету» ляўрэата Пулітцэраўскай прэміі амэрыканца Майкла Канінгэма, «Пакой Джавані» Джэймса Болдуіна, «Мядзьведжы кут», «Мы супраць вас» і «Пасьля буры» швэдзкага пісьменьніка Фрэдрыка Бакмана і інш.
Агулам абноўлены сьпіс забароненых друкаваных выданьняў налічвае ўжо 92 пазыцыі. У ім — кнігі і сэрыі кніг, прысьвечаныя гісторыі, сталінскім рэпрэсіям, тэмам сэксу, гендэру і адносінаў.
Калі забароненую літаратуру выявяць у продажы ў Беларусі, Міністэрства інфармацыі будзе «спыняць тэрмін дзеяньня пасьведчаньня аб дзяржаўнай рэгістрацыі ў якасьці распаўсюдніка друкаваных выданьняў».
У студзені ў гэтым сьпісе Міністэрства інфармацыі было 65 кніг, «у зьмесьце якіх устаноўлена наяўнасьць інфармацыйных паведамленьняў і матэрыялаў, распаўсюд якіх здольны нанесьці шкоду нацыянальным інтарэсам».
Мастацкая і гістарычная літаратура ў Беларусі пэрыядычна папаўняе і «Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў», які таксама вядзе Міністэрства інфармацыі.