Музей Вольнай Беларусі папоўніўся каштоўным гістарычным артэфактам. Гэта сакрэтны ліст берасцейскага ваяводы Яна Антонія Гараіна, барацьбіта супраць расійскага паглынання Рэчы Паспалітай.
Набыты музеем сакрэтны ліст быў напісаны ў 1773 годзе ўдзельнікам Барскай канфедэрацыі, дзяржаўным дзеячом Вялікага княства Літоўскага Янам Антоніем Гараіным, што займаў на той момант пасаду берасцейскага ваяводы. Ліст быў напісаны ва ўмовах, калі тэрыторыя Рэчы Паспалітай была наводненая расійскімі і прускімі войскамі, а паміж рознымі палітычнымі групоўкамі ўнутры краіны ішла зацятая барацьба.
Па гэтай прычыне аўтар ліста прымяніў шэраг мераў засцярогі, усведамляючы ўзровень кантролю за прыватнай карэспандэнцыяй у дзяржаве. Сваё імя на капэрце ён пазначыў як «J. Niaroh», што адкрывала таямніцу аўтара паслання пры прачытанні яго ззаду наперад — «J. Horain».
Адрасатам ліста, накіраванага ў Гданьск, пазначаны нехта «Grycen», але пакуль першасны агляд крыніц не дазволіў атаясаміць гэтае імя з кімсьці з сучаснікаў берасцейскага ваяводы. Таксама, завяршаючы свой ліст, ваявода дэманстратыўна напісаў на капэрце прывітанне расійскаму амбасадару, «майму дарагому Штакельбергу» — верагодна, з іроніяй, ці каб абараніць ліст ад старонніх вачэй. Захаванню ананімнасці аўтара служыла яшчэ і адсутнасць адбітку на сургучы, якім запячатваўся ліст.
Ліст быў напісаны 17 ліпеня 1773 года, у тыя часы, калі праходзіў Падзяляльны Сейм (1773 — 1775), ініцыяваны Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй дзеля ўзаконьвання Першага падзелу Рэчы Паспалітай. За тры месяцы да гэтага адбыўся знакаміты пратэст наваградскага шляхціча Тадэвуша Рэйтана («Тапчыце мяне, не тапчыце дзяржаву!»), а за два гады перад гэтым сам берасцейскі ваявода Ян Антоній Гараін далучыўся да Барскай канфедэрацыі, накіраванай супраць расійскай агрэсіі і супраць караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага.
У сваім лісце Ян Антоній Гараін кранае розныя палітычныя тэмы, сярод іншага — што яго самога падгаворваюць «падпісаць што-небудзь» (верагодна, размова пра ўзаконьванне Першага падзелу), але на гэта брэсцкі ваявода адзначае, што ён «rezolucji nie biorę i takowej perswazji nie akceptuję» — «рэзалюцыі не бяру і на падобныя ўгаворы не згаджаюся». У лісце таксама ўзгадваецца пляменнік Яна Антонія Гараіна, Ян Непамуцэн, які пазней стане ўдзельнікам паўстання Тадэвуша Касцюшкі.
Ян Антоній Гараін (1686 — 1777) — дзяржаўны дзеяч і ўраднік Рэчы Паспалітай. Ён паходзіў са шляхецкага роду Гараінаў герба «Шранява». У маладосці падтрымліваў партыю Станіслава Ляшчынскага, ваяваў супраць караля Аўгуста II. У 1720 годзе прызначаны віленскім пісарам гродскім. У 1729 годзе ён быў адным з тых, хто сарваў пасяджэнне Варшаўскага сойма. У 1731 годзе стаў віленскім чашнікам, а ў 1748 годзе — віленскім падкаморым. У 1733 г. атрымаў магілёўскае і ялоўскае староствы. У 1764 годзе прызначаны кашталянам берасцейскім. У 1765 годзе ўзнагароджаны ордэнам Святога Станіслава. У 1768 годзе быў прызначаны берасцейскім ваяводай. Ён займаў гэтую пасаду да сваёй смерці ў 1777 годзе.
Набыццё гэтага неардынарнага артэфакта стала магчымым дзякуючы падтрымцы Музея Вольнай Беларусі з боку Амбасады Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве.
паводле прэс-рэліза