У чацвер, 18 чэрвеня, у Вільні адбудзецца прэзентацыя кінапраекта рэжысёра-дакументаліста Максіма Шведа «Johnny Cosmic Effect».
Гэта дакументальны фільм пра Джоні Косміка (Івана Смаляра) — беларускага фатографа, імя якога прагрымела напачатку года выставай у Варшаве.
Імпрэзу ў якасці падарунка да дня народзінаў творцы арганізавала беларуская культурная супольнасць.
Метад Johnny Cosmic можна апісаць як паломніцтва ў фатаграфію як у прысутнасць. У Мінску ён гадамі рабіў на вечарынах фотаздымкі людзей, каб потым бясплатна раздаць іх сваім героям. Гэта практыка прадоўжылася і ў эміграцыі, у Варшаве, куды пераехаў творца.
Спачатку гэта напружвала: ён нічога за гэта не прасіў (і гэта было крыпі), не ўсе на гэтых здымках сабе падабаліся, але з часам, як мае быць беларусам, прызвычаіліся. Ваня стаў неад’емнай часткай культурна-тусовачнага жыцця; яго пачалі пазнаваць, сябе на ягоных здымках — любіць.
Рэжысёр Максім Швед засняў ключавыя моманты «вечарынкі шчасця» для Івана Смаляра, ды не толькі іх: падрыхтоўку да дня народзінаў, кульмінацыю, і тое, што будзе далей.
Ён называе свае кіно «фрактальнай дакументалістыкай» — яно памнажаецца на некалькі рэальнасцяў: кіно як кропка далучэння і зменаў, і сведка таго, што адбываецца.