Прэзентацыя кнігі Вольгі Лабачэўскай «Беларускiя посцiлкi i дываны. Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы»

21.10.2021 17:00 - 17:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь запрашае на прэзентацыю кнігі «Беларускiя посцiлкi i дываны. Антрапалогія і мастацтва традыцыйнай рэчы» вядомага даследчыка Вольгі Лабачэўскай.


Дата: 21-га кастрычніка.

Час: 17.00.

Месца: Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь, вул. Леніна, 20.

Імя Вольгі Аляксандраўны Лабачэўскай, доктара мастацтвазнаўства, прафесара кафедры культуралогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў, лаўрэата Нацыянальнай прэміі ў галіне выяўленчага мастацтва за 2020 год у намінацыі «Мастацтвазнаўства і крытыка», добра вядома ўсім тым, хто цікавіцца беларускай традыцыйнай культурай, нашай нацыянальнай спадчынай.

У новай кнізе, якая пабачыла свет напярэдадні высокага юбілею даследчыцы, Вольга Аляксандраўна разглядае посцілкі і дываны, якія ствараліся ў беларускай вёсцы ў канцы XIX–XX ст. Гэтыя прадметы мастацкай народнай культуры былі асаблівым чынам звязаны з чалавекам народнай культуры, суправаджалі яго ў абрадах і побыце, адлюстроўвалі ідэалы і ўяўленні нашага народа аб прыгажосці. Кніга В. А. Лабачэўскай дапаможа прасачыць гісторыю ўзнікнення і існавання беларускіх посцілак і дываноў, скласці ўяўленне аб мастацкай каштоўнасці і рэгіянальнай разнастайнасці.

На прэзентацыю запрошаны прадстаўнікі выдавецтва «Беларуская навука», Беларускага фонду культуры, калегі Вольгі Аляксандраўны. Музычным упрыгожаннем вечара стане выступленне калектыву Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта культуры і мастацтваў «Этна-суполка» пад кіраўніцтвам Т. А. Пладуновай.

На мерапрыемстве госці музея змогуць убачыць унікальныя посцілкі са збору Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, якія ў тым ліку прадстаўлены і ў прэзентуемай кнізе. У любога жадаючага будзе магчымасць пазнаёміцца з выданнем бліжэй, а таксама задаць пытанні Вользе Лабачэўскай.

Уваход на мерапрыемства па білеце ў музей.

Тэл. для даведак: 397-01-63


Вам можа быць цікава

Выстава «Марк Шагал. Над горадам» у Віцебску

16.07.2026 16:00 - 14.09.2026 18:00 Ратуша (вул. Леніна, 36)

Чытанкі для дзетак па-беларуску ў Сіэтле

12.09.2026 (11:30 - 12:30) Lake Hills Libary (15590 Lake Hills Blvd)

Нямое кіно пад жывую музыку ў Варшаве

17.09.2026 (20:00 - 22:00) дворык Музея Вольнай Беларусі (Foksal 11)

Спектакль «Мастак. Вяртанне ў Віцебск» у Віцебску

26.09.2026 (17:00 - 19:00) тэатр «Лялька» (вул. Пушкіна, 2)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ