Публічная лекцыя «Бог даў, Бог узяў. Рэлігія і секулярызм у Еўропе»

12.05.2014 18:30 - 21:00 Антикафе "Дом Фишера" (пр. Незалежнасці, 84А) Бясплатнае

Уяўленне пра цалкам секулярную Еўропу не адпавядае рэчаіснасці. Каштоўнасці, у тым ліку заснаваныя на веры, дагэтуль застаюцца крыніцай бурнага грамадскага абмеркавання ў Еўропе. У цэлым, нягледзячы на тое, што часам гаворыцца, еўрапейская палітыка і грамадскі дыялог глыбока ўкаранёныя ў рэлігіі. Самая сур’ёзная дыскусія наконт ролі рэлігіі ў Еўропе разгарэлася каля дзесяці гадоў таму пры працы над Канстытуцыяй ЕС. Рознагалоссі паўсталі з нагоды згадкі ролі рэлігійнай спадчыны ў яе прэамбуле. Прапаноўваліся тры варыянты: выключыць любыя згадкі пра веру, уключыць як мага больш розных рэлігій, у тым ліку іслам, згадаць іўдзейскія і хрысціянскія карані як асноўныя. Гэта было сур’ёзнай крыніцай рознагалоссяў, і бакі так і не прыйшлі да кансэнсусу.

У ХІХ стагоддзі панавала перакананне, што ў ходзе працэсу секулярызацыі рэлігія будзе выцесненая. Лічылася, што мадэрнізацыя (як тэхналагічная, так і цывілізацыйная) прывядзе да таго, што рэлігія, якая ўспрымалася ў якасці традыцый і забабонаў, замацаваных рытуаламі, знікне. Філосафы ХІХ стагоддзя таксама думалі, што рэлігію заменяць ідэалогіі. ХХ стагоддзе даказала, што яны памыляліся. У ЗША Роберт Патнэм і Дэвід Кэмпбэл аспрэчылі ўсе гэтыя перакананні ў вядомай кнізе «Амерыканская літасць. Як рэлігія падзяляе і аб’ядноўвае нас». Гэта даследаванне дапамагло па-новаму ўсвядоміць рэлігійныя практыкі і ўзняло пытанні пра новыя тыпы духоўнасці ў сучасным свеце. У Еўропе рэлігійныя матывы ўжо сёння зрабіліся часткай палітычнага парадку дня (у прыватнасці, у Францыі ў галіне культурнай палітыкі, у Швейцарыі пры разглядзе праблем мультыкультуралізму). Некаторыя палітычныя лідары публічна заявілі пра сваю веру – у якасці прыклада можна ўзгадаць Джэймса Кэмэрана (Вялікабрытанія) або Віктара Орбана (Венгрыя).

У гэтым плане сітуацыя ў Цэнтральнай і Усходняй Еўропе нагадвае галаваломку. Гэты рэгіён перажывае хуткія сацыяльна-эканамічныя змены паводле заходняй мадэлі. У той жа час ёсць спробы вярнуцца да традыцыйнай рэлігійнасці яшчэ дасавецкага часу. Якою будзе роля рэлігійнасці і рэлігій у нашай частцы свету? У лекцыі ўвага будзе звяртацца на асноўныя дэбаты аб праблеме секулярызму і рэлігіі ў Еўропе, у тым ліку ў кантэксце Цэнтральнай і Усходняй Еўропы.

Пра лектара

Войцэх Пшыбыльскі – галоўны рэдактар ​​часопісаў «Res Publica Nowa» (польскае штоквартальнае выданне) і «Visegrad Insight» (часопіс аб Цэнтральнай Еўропе). Атрымаў ступень па сацыялогіі і гісторыі палітычнай думкі ў Варшаўскім універсітэце. Займаўся даследаваннем рэлігійных матываў палітычных ідэалогій, разглядаючы, у тым ліку, амерыканскі палітычны рэалізм Ганса Моргентаў і Генры Кісінджэра. У сваёй доктарскай ён апісвае падставы каталіцызму як палітычнай ідэалогіі ХІХ стагоддзя. Быў стыпендыятам CEFRES (Французскага цэнтра сацыяльных навук у Празе), «Erasmus Chair» пры Варшаўскім універсітэце і «Modernpolitics» Аўстрыйскага палітычнага даследчага цэнтра. З 2008 года – выканаўчы дырэктар фонду «Res Publica» (даследчы цэнтр у Варшаве). Рэдактар кнігі пра сучасныя палітычныя погляды на рэспубліканізм «Рэспубліканскія ідэі» («Idee republikanskie») і двух тамоў «Цэнтральнаеўрапейскага даведніка палітычных поглядаў» («Сentral European Companion to Political Ideas»).

Мова лекцыі:  англійская з перакладам на рускую

Уваход  вольны!

Як трапіць у “Дом Фишера”:

dfishera


Вам можа быць цікава

Выстава «FARBA Lab. 1 элемент. Вада» ў Мінску

05.07.2025 11:00 - 24.08.2025 20:00 палац мастацтваў (вул. Казлова, 3)

Сустрэча з Лесяй Пчолкай у Беластоку

10.07.2025 (17:00 - 19:00) галерэя «Арсенал» (вул. Міцкевіча 2)

Фестываль «Наш Грунвальд-2025» у Дудутках

19.07.2025 11:00 - 20.07.2025 17:00 музейны комплекс «Дудуткі»

Беларуская сустрэча ў Алясніцы

19.07.2025 (14:15 - 20:00) пад базылікай Св. Яна Апостала (Łużycka 4)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ