У пятніцу, 20 лютага, даследчык Зміцер Юркевіч чытае ў музеі гісторыі беларускай літаратуры лекцыю "Адам Плуг: з клана Пяткевічаў герба "Трубы"".
Лекцыя прысвечана ўраджэнцу Случчыны Антону Пяткевічу. У гісторыю беларускай культуры ён увайшоў пад запамінальным псеўданімам – Адам Плуг.
Славуты літаратар, перакладчык і рэдактар, сардэчны сябра Уладзіслава Сыракомлі, пакінуў па сабе даволі значную літаратурную спадчыну.
Праўда, і па сённяшні дзень імя і творы Адама Плуга, на жаль, застаюцца малавядомымі ў Беларусі. І як творца, і як чалавек Пяткевіч быў цікавы і свайму, і наступным пакаленням дасдедчыкаў.
Адным з першых у паваеннай Беларусі ў сваіх публікацыях заняўся аднаўленнем памяці пра Антона Пяткевіча Адам Мальдзіс.
Ён ставіў забытага літаратара ў шэраг пачынальнікаў новай беларускай літаратуры, побач з Янам Чачотам, Янам Баршчэўскім, Уладзіславам Сыракомлем, Вінцэсем Каратынскім, Арцёмам Вярыга-Дарэўскім і іншымі.
На лекцыі пазнаёміцеся з жыццёвым і творчым шляхам літаратара. А таксама па традыцыі спадар Зміцер падзеліцца сваімі архіўнымі знаходкамі і раскрые некаторыя новыя звесткі, датычныя сям’і старога беларускага шляхецкага роду Пяткевічаў герба “Трубы”.
Квіткі - 8 рублёў.