Штогадовы фестываль “Рок за жыццё”, прымеркаваны да Сусветнага дня барацьбы супраць смяротнага пакарання, пройдзе сёлета ўжо ў трэці раз. Каб падтрымаць увядзенне мараторыя на вышэйшую меру ў нашай краіне, папулярныя гурты Nizkiz, “Петля Пристрастия”, “Мутнаевока”, а таксама пераможцы конкурсу знакамітага фестывалю “Басовішча” двух апошніх гадоў, SnopSnoŭ і Teleport, сыграюць 7 кастрычніка у мінскім клубе Re:Public.
Сусветны дзень барацьбы супраць смяротнага пакарання адзначаецца 10 кастрычніка. Ён заснаваны Сусветнай кааліцыяй супраць смяротнага пакарання — аб’яднаннем прафсаюзаў, мясцовых і рэгіянальных органаў улады, юрыдычных асацыяцый, а таксама праваабарончых арганізацый з мэтай паўсюднай забароны на гэты від вышэйшай меры пакарання. Прыхільнікі руху выступаюць супраць смяротнага пакарання ва ўсіх выпадках без выключэння, незалежна ад характару злачынства, характарыстык злачынцы і спосабу, якім дзяржава пазбаўляе жыцця асуджанага. Смяротнае пакаранне парушае права на жыццё, абвешчанае ў Сусветнай дэкларацыі правоў чалавека.
Беларусь дагэтуль застаецца апошняй еўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе смяротнае пакаранне. Паводле звестак праваабаронцаў, за апошнія дваццаць гадоў у краіне пакарана больш за 400 чалавек. На думку дэпутата Палаты прадстаўнікоў, члена Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы, экс-намесніка начальніка ўпраўлення КДБ па Мінску і Мінскай вобласці Пятра Атрошчанкі, Беларусь паступова ідзе да мараторыя, і яго падтрымлівае моладзь (http://www.house.gov.by/ru/interview-ru/view/deputat-uveren-chto-v-nashej-strane-vysshaja-mera-rano-ili-pozdno-budet-otmenena-4081/):
“З пачатку мінулага года я ўваходжу ў склад працоўнай групы Нацыянальнага сходу па вывучэнні праблематыкі смяротнага пакарання, — кажа дэпутат. — Выступаю перад рознымі аўдыторыямі, у тым ліку студэнцкімі. Усё часцей маладыя людзі прытрымліваюцца такой пазіцыі: нельга пазбаўляць чалавека жыцця свядома, якое б злачынства ён не здзейсніў”.
Не выпадкова фестываль “Рок за жыццё” штогод прыцягвае ўсё больш увагі моладзі. У папярэднія гады ён таксама праходзіў ў клубе Re:Public, сваім удзелам ідэю адмены смяротнага пакарання падтрымалі “Дай Дарогу!”, Akute, Re1ikt, :B:N: і іншыя гурты, а таксама тысячы іх прыхільнікаў. Акрамя Мінска, летась музыкі сыгралі аналагічны канцэрт у Брэсце. А сёлета ўпершыню “Рок за жыццё” пройдзе ў Віцебску. Фестываль адбудзецца ў самым міралюбівым месцы горада, “Бітлз-клубе”, 5 кастрычніка з удзелам Nizkiz, “Разбітага сэрца пацана”, Re1ikt і Teleport!
Дзе: клуб Re:Public (Мінск, вул. Прытыцкага, 62).
Калі: 7 кастрычніка 2018 года, дзверы: 17.30, пачатак: 18.00.
Кошт: 10 рублёў — танцпол, 15 рублёў — месца за столікам.
Пакупка квіткоў: kvitki.by
Даведкі: +375 29 12 12 296