«А вы заўважалі дзіўную катэгорыю людзей: яны ходзяць па свеце з «залатой лінейкай» і ўсё мераюць? Гэты чалавек недастаткова беларус. Гэты канцэрт недастаткова культурны. Гэтае свята недастаткова традыцыйнае. А вось гэтая кабета ўвогуле не мае права расказваць пра гісторыю, бо яна не гісторык...»
Марыя Грыц разважае пра тое, дзе мяжа паміж экспертнасцю і крытыкай дзеля крытыкі, нашто мы робім культурніцкія справы і чаго нам насамрэч не хапае. А таксама Марыя абвяшчае сябе каралевай самазванцаў і дзеліцца ўласным ганаровым спісам, «за што атрымлівала ў плечы за самазванства».
Марыя Грыц. Фота з асабістага архіва
Лінейка, натуральна, заўсёды залатая. Бо звычайная лінейка — гэта інструмент, якім можна нешта сапраўды вымераць. А залатая лінейка патрэбная для іншага: каб дэманстраваць, наколькі неймаверна высока знаходзіцца ўласная планка.
Я асабліва люблю сітуацыі, калі чалавек прыходзіць на нейкае мерапрыемства, дзе дзеці плятуць вянкі, дарослыя спяваюць народныя песні, нехта ўпершыню ў жыцці чуе слова «куцця», а потым гэты чалавек выходзіць адтуль з тварам выкладчыка на дзяржаўным экзамене і паведамляе: «Усё няправільна».
Няправільна спявалі. Няправільна апрануліся. Няправільна расказалі. Няправільна скакалі. Няправільна назвалі. Няправільна зразумелі.
І я ў такія моманты думаю: а што адбылося з галоўным пытаннем — навошта мы гэта ўвогуле робім?

Марыя Грыц на Купаллі ў Даніі, 2025 год
Калі чалавек правёў дзесяць гадоў у архіве, вывучыў сто рукапісаў і напісаў манаграфію пра нейкую вузкую тэму беларускай гісторыі, я хачу слухаць яго/яе вельмі ўважліва. Калі этнограф даследаваў канкрэтны абрад, я хачу ведаць, што ён/яна пра яго думае. Калі музыка дзесяцігоддзямі займаецца традыцыйным спевам, мне цікава пачуць, чаму ён/яна спявае менавіта так.
Але я бачу велізарную розніцу паміж экспертнасцю і ўрачыстым нашэннем залатой лінейкі.
Экспертнасць кажа: «Я ведаю пра гэта шмат і магу вам растлумачыць». Залатая лінейка кажа: «Я ведаю пра гэта шмат, таму цяпер буду вырашаць, ці маеце вы права гэтым займацца».
І вось другое мяне палохае значна больш за любую памылку ў гістарычнай даце.
Бо культура — не музейная вітрына, дзе побач з кожным экспанатам стаіць таблічка з дакладным апісаннем, а супрацоўнік музея ў белых пальчатках сочыць, каб ніхто не падышоў бліжэй дазволеных дваццаці сантыметраў. Культура жыве менавіта таму, што людзі нешта робяць. Спяваюць, гатуюць, плятуць, дзеляцца ведамі і ўражаннямі, ставяць спектаклі, пішуць і г. д. А потым, праз дваццаць ці пяцьдзясят гадоў, нехта будзе глядзець на гэта і казаць: «Вось так у наш час і жыла культура».
Я, вядома, разумею, што гэта вельмі зручна — пісаць усё гэта, калі ты сама любіш расказваць пра культуру, гісторыю і традыцыі. Таму адразу прызнаюся: я таксама памыляюся. Я магу чагосьці не ведаць. Могуць быць людзі, якія разбіраюцца ў нейкай тэме значна лепш за мяне. І такіх людзей вельмі шмат.
Больш за тое, я страшэнна люблю, калі мне кажуць: «Марыя, тут ты памыляешся, вось крыніца». Гэта цудоўная размова. Я пайшла, пачытала, нешта даведалася, перадумала або засталася пры сваім меркаванні. Усе жывыя, ніхто не памёр, беларуская культура не развалілася.
Праўда, гэта бывае не так проста. Перад кожнай сваёй авантурай я намагаюся пракансультавацца са знаўцамі. Самая эпічная кансультацыя была, калі мне са старту нахамілі, а калі я папрасіла так не рабіць, проста кінулі слухаўку. Нехта пагаджаецца дапамагаць, потым мяняе рашэнне, хтосьці бярэцца, потым кідае. Але там хаця б была спроба камунікацыі.
Іншая справа — калі замест аргумента чалавек адразу дастае з ножнаў лінейку.
«Ты не эксперт».
«Ты не маеш права».
«Ты недастаткова добра ведаеш».
«Ты не так зрабіў».
«А вось сапраўдныя беларусы...»
Дарэчы, словазлучэнне «сапраўдныя беларусы» заўсёды прымушае мяне вельмі насцярожыцца. Бо адразу хочацца спытаць: а дзе выдаюць пасведчанні?
У мяне ёсць уяўленне, што дзесьці існуе таемная камісія. Яна сядзіць у вельмі прыгожым кабінеце, мае вялікі круглы стол і разглядае заявы.
«Так, наступны. Нарадзіўся ў Беларусі? Добра. Размаўляеце па-беларуску? Так. А бабка з якога раёна? А прадзед чым займаўся? Хм. Залічана. Але песню „Купалінка“ спявалі з памылкай, таму беларускасць пакуль умоўная».
Магчыма, там жа выдаюць ліцэнзіі на права любіць Міцкевіча, Вільню, Статут ВКЛ, верашчаку, халаднік і Шагала.
Я нават падазраю, як гэтая сістэма працуе: калі ты ведаеш больш за мяне — ты эксперт. Калі ты ведаеш менш — самазванец. Калі ведаеш прыкладна столькі ж — залежыць ад таго, ці падабаешся ты мне.
І вось тут мы падыходзім да вельмі цікавай рэчы.
Мяне апошнім часам вельмі забаўляе само слова «самазванец». Яно нібыта павінна абазначаць чалавека, які выдае сябе за таго, кім не з’яўляецца. Але часам у нашай галаве яно ператвараецца ў дзіўную зброю: калі я не згодны з тым, што ты робіш, я абвяшчаю цябе самазванцам.
Вось мой сапраўды ганаровы спіс, за што атрымлівала ў плечы за самазванства:
рабіла мульт, не маючы ані жмені адпаведнай адукацыі;
ствараю Сцяг з імёнамі палітвязняў, не будучы мастачкай;
узялася за батлейку, а сама ані лялечніца, ані акторка, ані акторка-лялечніца;
прасоўваю крупнік, яблычны сыр і іншыя беларускія стравы, а нават хабзы кулінарнай не адолела;
ладжу дзіцячы летнік без педагагічнай адукацыі;
арганізую пірацкі флот, а якога ляду ўвогуле...

Сцяг з імёнамі палітвязняў, створаны Марыяй Грыц. Фота з Фэйсбука Марыі Грыц
Так, давайце яшчэ раз: навошта мы робім культурніцкія справы?
Мне здаецца, у культуры нам часам вельмі не хапае простай рэчы — магчымасці быць не ідэальнымі. Рабіць нешта не таму, што мы ўжо маем права называцца экспертамі, а таму, што нам цікава. Вучыцца, памыляцца, перапытваць, спрабаваць яшчэ раз, прыводзіць сяброў, дзяцей, суседзяў, незнаёмых людзей.
Можа, чалавек, які сёння ўпершыню прыйшоў на беларускі канцэрт і нічога не ведае пра музыку, праз дзесяць гадоў стане даследчыкам. А можа, не стане. Можа, проста будзе ведаць тры песні і спяваць іх з дзецьмі на кухні. І гэта таксама нічога сабе ўнёсак у будучыню!
Таму ўладай, дадзенай мне самой сабой і цёцяй Ірай, я прызначаю сябе Каралевай самазванак і няўрымслівых людзей, якія робяць, што могуць, так, як ім падабаецца, праз складанасці і немагчымае. Я буду вельмі ўдзячная за дапамогу, супрацу і падтрымку, але залатую лінейку прашу часцей пакідаць дома. Яна прыгожая, напэўна, але ў жыцці ёсць рэчы, якія ёю не вымераеш.
Напрыклад, колькі чалавеку трэба было смеласці, каб упершыню загаварыць па-беларуску.
І колькі людзей прыйшло на мерапрыемства, на якім, паводле некага з залатой лінейкай, «усё было зроблена не так».
А можа, яны проста прыйшлі, каб пабыць разам.
І, калі шчыра, мне здаецца, гэта ўжо вельмі шмат.
P. S. Заўтра пайду на дзень працаваць да самага крутога шэф-кухара ў нашым горадзе. Я не сканчвала кулінарнага тэхнікума, таму калі ў салаце не будзе маіх пальцаў, то прыму гэты вынік за выдатны. Пажадайце мне ўдачы!
Марыя Грыц, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org