Сумесны канцэрт Алеся Чумакова і гурта PAWA

30.05.2019 19:00 - 19:00 Бруге (Партызанскі, 6а) ад 15 рублёў

Гурт PAWA і Алесь Чумакоў рыхтуюць для прыхільнікаў адмысловы сюрпрыз!

Сумесны канцэрт беларускага гусляра Алеся Чумакова («Стары Ольса», «Ceilidh Ceol») і электроннага этна-фолк гурта PAWA адбудзецца на пляцоўцы менскага клуба «Бруге» 30 мая. Спецыяльны госць мерапрыемства – гурт «Апошні Шылінг».

Канцэрт будзе складацца з дзвюх тэматычных частак.

Пад час першай часткі адбудзецца выступ Алеся Чумакова. У межах выступа пройдзе прэзентацыя альбома “Праўда ў віне”, а таксама прагучаць сусветныя і айчынныя музычныя хіты на гуслях і ірландскія карчомныя песні ў адмысловай беларускай імправізацыі. Спецыяльны госць дадзенай часткі мерапрыемства – гурт «Апошні Шылінг», які зайграе адмысловую праграму, якая ўключае як вядомыя «стандарты» ірландскай і шатландскай музычных традыцый, так і шэраг аўтарскіх кампазіцый.

Алесь Чумакоў – беларускі майстар-гусляр, вядомы шырокай публіцы як музыка гурта «Стары Ольса» і лідар праекта Ceilidh Ceol. Пазнавальны вакаліст і інструменталіст, спадар Чумакоў паспяхова адкрыў сябе ў сольнай творчасці і праз удалую апрацоўку сярэднявечных беларускіх народных баладаў і ваярскіх песень працягнуў адраджэнне і сучаснае ўдасканальванне старажытнай традыцыі гуслярства.

У межах другой часткі канцэрта выступіць электронны этна-фолк гурт PAWA.

Гурт PAWA выконвае традыцыйную беларускую і еўрапейскую музыку, але робіць гэта нязвыклым чынам. У музычным арсенале калектыва сярэднявечныя інструменты, такія як дуда, жалейка, дудкі і скрыпка, суседнічаюць з драм-машынамі, сінтэзатарамі і электрагітарай. У сваім рэпертуары PAWA выкарыстоўваюць аўтэнтычны матэрыял, сабраны на тэрыторыі сучаснай Беларусі і суседскіх тэрыторый заходняй Еўропы. Выступ PAWA – гэта выдатная магчымасць навучыцца беларускім танцам і песням і напітацца шалёнай энэргетыкай і пазітывам, якія месцяцца на падмурку векавых традыцый!

Гурт PAWA спалучае ў сваёй творчасці мінулыя стагоддзі і сучаснасць, непаўторную эстэтыку славянскай традыцыі і цяжкі сінтэтычны гук сучаснага мегаполіса. Напрацягу творчага шляху PAWA неаднаразова вылучаліся незвычайнымі, драйвовымі праектамі. Так, напрыклад, у мінулым годзе напярэдадні вялікага юбілейнага канцэрта гурта “Кіпелаў” разам з опернымі спевакамі Іллёй Сільчуковым і Вольгай Вашкевіч PAWA запісалі беларускі кавер на песню «Я свободен» — адну з самых вядомых кампазіцый Валерыя Кіпелава.

Таксама гурт PAWA адзначыўся запамінальным выступам на пляцоўцы “Мінск-Арэна” ў падтрымку хакейнага клуба “Дынама-Мінск”.

30 мая, 19:00

Сумесны канцэрт Алеся Чумакова і гурта PAWA

Клуб “Бруге”, пр. Партызанскі, 6А
Кошт квіткоў ад 15 да 25 рублёў

Першым 100, хто набудзе квіток папярэдне – дыск Testamentum Terrae «Angleza» на ўваходзе ў падарунак!   

 


Вам можа быць цікава

"Рознакаляровы Сусвет": лекцыя ў мінскім планетарыі (12+)

25.10.2025 (18:00 - 19:00) Планетарый (вул. Фрунзэ, 2 (парк Горкага))

Чытацкі клуб у Мінску абмяркуе "Хама" Ажэшкі (16+)

26.10.2025 (12:00 - 14:00) Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13)

MARA FEST SEA LIGHTS у Сопаце

08.11.2025 (18:00 - 21:00) (al. Franciszka Mamuszki 14)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ