Сябры, гэтым разам мы выпраўляемся разам з Сяргеем Харэўскім на старажытную Тураўшчыну, сэрца Палесскага краю.
Мінск – Слуцк – Салігорск – Старобін – Ленін – Мікашэвічы – Жыткавічы – Тураў
28 траўня 2017 года а 7:00 – выезд з Мінска.
Вяртаемся ў Мінск а 22-й гадзіне.
Мы будзем гаварыць пра межы між культурамі, колішнімі дзяржавамі і сучаснымі абласьцямі, шукаючы трэцяе, нашае, беларускае праўды.
Запрашаем! Далучайцеся!
Наш шлях праляжа праз слаўны горад Слуцк, дзе мы пазнаёмімся з тамтэйшымі помнікамі даўніны, праз Салігорск, знаны на ўвесь сьвет сваімі шахтамі, старадаўняе мястэчка Старобін.
Затым мы наведаемся ў акраец колішняе Заходняе Беларусі, што патрапіў у склад Гомельшчыны – легендарнае мястэчка Ленін.
Назва мястэчка ніяк не зьвязаная з правадыром рэвалюцыі!
Упершыню Ленін згадваецца ў прывілеі Жыгімонта Аўгуста князю Алелькавічу яшчэ ад 1568 г. Князеў бацька, таксама Юры, Алелькавіч Слуцкі, удзельнік Аршанскае бітвы 1514 году, быў жанаты з Аленаю, народжанай Радзівіл. Мо ў яе гонар стары пан Алелькавіч назваў тую сядзібу. У 1920-я, калі Ленін быў за Польшчаю, палякі пераназвалі мястэчка на самым краі Крэсаў у Саснковічы, у гонар генерала Саснкоўскага.
Па 1939-м, вядома, зноў вярнулася назва Ленін. У часе вайны нацысты зьнішчылі ў Леніне больш як 2000 габрэяў. Мэмарыял ахвярам Халакосту можна пабачыць пры ўваходзе на старажытныя юдэйскія могілкі. Яны ўнікальныя і самі сабой. Старыя надмагільлі там – драўляныя. Дзесяткі помнікаў, выразаных з тоўстага дрэва. Гэткіх драўляных габрэйскіх надмагільляў, густа сьпярэшчаных тэкстамі і разьбою, няма больш нідзе ў Беларусі.
А на старых праваслаўных могілках, у сасновым бары, ацалеў цікавы помнік драўлянае архітэктуры: капліца ў гонар скасаваньня прыгону ў 1861 г. Будынак спарахнеў амаль дашчэнту за паўтара стагоддзя, але яшчэ стаіць. Тымчасам у Жыткавічах на яе ўзор пабудавалі сапраўдную царкву. З залатымі купаламі.
Пасьля Жыткавічаў нас чакае сівы Тураў – колішняя сталіца вялікага княства, калыска нашае цывілізацыі на Палессі. Упершыню ў «Аповесьці мінулых гадоў» Тураў згадваецца пад 980 годам, другім пасьля Полацка. Нягледзячы на сваю вялікую тысячагадовую гісторыю, сам горад сёньня вельмі малы горад Беларусі! У цэнтры стаіць адметная драўляная Усіхсвяцкая царква, пабудаваная ў 1810 годзе. Ля царквы – помнік вялікалітоўскаму дзяржаўнаму дзеячу Канстанціну Астрожскаму.
У Тураве можна ўбачыць старажытнае гарадзішча, дзе месьціцца музэйны комплекс з руінамі старажытнага сабору, цэркваў і замкавай вежы. Землятрус 1230 года разбурыў сабор, збудаваны яшчэ ў 1170-я гады на Замкавай гары. Археолагі адкрылі руіны таго сабору царквы, знайшоўшы пахаваньні ў саркафагах, сьвінцовую пячатку Кіеўскага мітрапаліта Кірыла, тураўскія каменныя крыжы. Цяпер над раскапаным фундамэнтам царквы ўзьведзеная крыпта. У 1992–1993 гадах было раскапанае капішча ў слаях X стагоддзя. Тутсама стаіць помнік і Кірылу Тураўскаму – беларускаму Залатавусту.
Акрамя таго, на Барысаглебскіх могілках горада знаходзяцца два каменныя крыжы, што растуць з зямлі, да якіх прыходзіць маліцца тутэйшы люд. Паданьне сьведчыць, што два каменныя крыжы прыплылі супраць цячэньня да Турава, і плылі яны побач, нібы ўзяўшыся за рукі. Яшчэ адзін каменны крыж спыніўся каля Верасніцы. Усе каля двух мэтраў у вышыню. І ўсюды, калі іх выцягвалі з ракі, вада рабілася чырвонай… Цяпер адзін з крыжоў захоўваецца ва Усіхсвяцкай тураўскай драўлянай царкве, другі ўстаноўлены каля новага, збудаванага нядаўна сабора Кірылы і Мяфодзія. Загадкавыя і тыя два крыжы меншага памеру, якія растуць на Барысаглебскіх могілках непадалёк ад замкавай гары. Адзін з іх зьвязваюць з месцам пахаваньня Кірылы Тураўскага, асьветніка зямлі беларускай. На тэрыторыі Барысаглебскага манастыра для яго была ўзьведзеная вежа, у якой асьветнік пісаў свае творы і зьвяртаўся з казаньнямі да тураўцаў.
Кошт – 45 BYN
Калi вы ўжо вызначылiся адносна свайго ўдзелу ў падарожжы, то паведамце аб гэтым, патэлефанаваўшы па нумары: +375 (29) 180-28-38 Святлане