Фундацыя WWF Polska, якая займаецца аховай дзікай прыроды, адзначае сваё 25-годдзе пад дэвізам «Мастацтва абароны прыроды». З гэтай нагоды фундацыя запрасіла 28 мастакоў і мастачак, каб разам стварыць праект, які аб’ядноўвае мастацтва, экалогію і роздум пра ўзаемаадносіны чалавека з прыродай.
Канцэпцыю выставы распрацавала куратарка з Беларусі Вольга Мжэльская, якая жыве і працуе ў Варшаве. У экспазіцыі будуць прадстаўлены не толькі працы вядомых польскіх аўтарак і аўтараў — такіх, як Ёанна Райкоўская, Цэцылія Малік і Кшыштаф Бяднарскі, — але і беларускіх — Аляксандра Адамава і Васілісы Палянінай.
З 12 па 25 лістапада ў галерэі BWA Warszawa адбудзецца выстава «Rewilding: дыханне паўзучых ценяў», якая закранае тэмы суіснавання чалавека і прыроды, а таксама рэакцыі на сучасныя экалагічныя крызісы. Завершыць экспазіцыю дабрачынны аўкцыён у доме DESA Unicum, а ўсе сродкі будуць накіраваныя на выкуп зямель і стварэнне прыватнай ахоўнай тэрыторыі ў акалiцы Бебжанскага нацыянальнага парку на Падляшшы.
Выстава натхнёная рухам rewilding, які прапагандуе аднаўленне экасістэм і вяртанне тэрыторый іх дзікаму стану. Гэты рух, што ўзнік у 1990-х гадах, стаў адказам на наступствы прамысловага земляробства, урбанізацыі і кліматычных зменаў.
Iдэя rewilding выкарыстоўваецца не толькі ў экалагічных дзеяннях, але і ў культурных практыках. Яна прапануе адыход ад успрымання прыроды як рэсурсу і прызнанне яе жывым, аўтаномным партнёрам чалавека. Такая перспектыва ставіць пад сумнеў традыцыйныя адносіны ўлады і кантролю, нагадваючы пра ўзаемазалежнасць усіх відаў жыцця. «Дзікае» перастае быць супрацьлегласцю «цывілізаванага» і становіцца прасторай дыялогу, у якой чалавек — ужо не гаспадар, а ўважлівы сусед.
На выставе прадстаўлены працы мастакоў і мастачак, якія даследуюць розныя спосабы размовы пра кліматычны крызіс і экалагічную адказнасць. Міжпакаленневае прадстаўніцтва ўдзельнікаў стварае прастору сустрэчы перспектыў і паказвае, што ў розныя часы і кантэксты мастацтва заўсёды застаецца часткай экалагічных працэсаў.
Аляксандр Адамаў, Кшыштаф М. Беднарскі, Аліцыя Бяла, Агнешка Бржэжаньска, Магда Бучак, Моника Хлебек, Йоанна Цісэк, Мартына Чэх, Катажына Фейглевіч, Крыстына Ферэйра-Шварц, Барталамей Фліс, Йоанна Флудэр, Агнешка Каліноўска, Іда Каркошка, Барцек Аробал Коцемба, Тамаш Крэньцкі, Магда Круль, Дыяна Леланэк, Кацярына Лысовенка, Міхал Лукачак, Цэцылія Малік, Марта Недбаль, Васіліса Паляніна, Віёла Плага-Гловацка, Йоанна Райкоўска, Рафал Вільк, Ліліяна Зейц, Магдалена Зых
Куратарка: Вольга Мжэльская
Вэрнісаж: 12 лістапада 2025, 19:00
Куратарскія экскурсіі: 15 і 23 лістапада 2025, 14:00
Даход ад аўкцыёну будзе накіраваны на выкуп зямель і пашырэнне Рэзервату Зайкі ў ахоўнай зоне Бебжанскага нацыянальнага парку. Гэта тэрыторыя ўключае ў сябе вільготныя лугі, асаковыя балоты і тарфянікі — каштоўныя месцы пражывання многіх відаў птушак, такіх як вялікі крык, крывадзюб, лебедзь крыклівы, дэркач і цыранка.
Планаваныя ахоўныя дзеянні ўключаюць будаўніцтва засаў, эксцэнсіўнае касенне лугоў і іншыя ініцыятывы, якія падтрымліваюць біяразнастайнасць.
Патэнцыял скарачэння выкідаў CO₂ на гэтай тэрыторыі ацэньваецца ў 5250 тон у год. WWF Polska плануе выкупіць як мінімум 5 гектараў зямлі пры сярэднім кошце каля 35 тысяч злотых за гектар.
Папярэдні аўкцыён онлайн: з 12 лістапада
Жывы аўкцыён: 23 лістапада 2025, 16:00
Месца: DESA Unicum, вул. Piękna 1A, Варшава (рэгістрацыя з 15:00)
Каталог аўкцыёну тут.