Уявеце сытуацыю. Вас абразілі й пабілі. Што вы будзеце рабіць? Хтосьці па-хрысьціянску даруе, іншы ўлупіць у адказ альбо паскардзіцца праваахоўнікам — варыянтаў процьма. Акрамя аднаго. Цяжка ўявіць, каб у адказ на гвалт і абразы хто-колечы пачаў цалаваць рукі і ўсхваляць да нябёсаў свайго крыўдзіцеля. У сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл» Валера Руселік разважае пра тое, наколькі істотную ролю ў зьнішчэньні беларушчыны займае пазбаўленьне нас нацыянальнага гонару й самапавагі.
Валера Руселік.Фота з архіву аўтара
Варыў сёньня зранку каву і думаў пра тое, што вось трэба ў «Прыдарожным пыле» напісаць пра штосьці пазытыўнае. Ну сапраўды ж, колькі можна гэтае нэгатыўшчыны, праўда?
А потым сеў за кампутар, адкрыў навіны — і вось першае ж, што прачытаў:
«Віцебскім шкалярам паставілі ў прыклад расейскага цара, які загадаў спаліць іх места».
Гаворка пра выступ віцебскае транспартнае пракуроркі Алены Казаковай перад навучэнцамі мясцовае гімназіі № 2 на тэму «Прафэсія — пракурор». Сярод іншага, жанчына цытавала Пятра І: «Вот око мое, коим я буду все видеть!». Ён лічыцца заснавальнікам пракуратуры ў Расейскай імпэрыі.
Ну прыплылі! Ну вось якім бокам да беларускага Віцебску расейскі цар і расейская пракуратура да нашае? Навошта іх цытаваць нашым дзецям?
Алена Казакова цытуе Пятра І віцебскім гімназыстам. Скрын паведамленьня Генпракуратуры Беларусі (?!) у Facebook
Зрэшты, Пётар І і сапраўды пакінуў свой сьлед у беларускай гісторыі, дакладней — выпаліў яго. На загад свайго цара маскоўцы пусьцілі дымам цэлы шэраг беларускіх местаў: Магілёў, Віцебск, Шклоў і іншыя — а таксама бясконцую колькасьць меншых мястэчак і вёсак. Разрабавалі нашыя замкі і кляштары. Менавіта Пётар І загадаў узарваць найстаражытнейшы беларускі храм — полацкую Сафію — і забіў тамтэйшых сьвятароў і манахаў. У выніку Паўночнае вайны, якую расейскі цар вёў са Швэцыяй і на нашых землях, гаспадараньня тут маскоўцаў, а таксама зьвязаных з гэтым эпідэміяў і голаду загінуў амаль кожны трэці жыхар нашага Краю. Усходнія землі й наагул нагадвалі бязьлюдную выпаленую пустэльню.
Што ж вы, Алена Казакова, пра гэта не расказваеце беларускім шкалярам? Няўжо ж вашае пракурорскае вока ня бачыць усяе ганебнасьці вашага выступу?
Няўжо ж вы не разумееце, што акрамя таго, што ўсхваленьнем расейскага цара вы абражаеце памяць сотняў тысяч нашых продкаў, забітых ім, вы да таго ж прыкладаеце руку да выхоўваньня беларусаў прарасейскімі манкуртамі, бяз роду і бяз памяці? Навошта вы, Алена Казакова, цягнеце Расею ў Беларусь? Няўжо вам яе ў нас і безь Пятра І мала? Няўжо ж вы не разумееце, што потым менавіта гэткія задураныя ў тым ліку вамі маладзёны едуць ва Ўкраіну забіваць украінцаў дзеля «великой России-матушки»?
Ну добра, не шкада вам чужых дзяцей, але ж вы й сама маеце двох сыноў. Адзін зь іх як раз-ткі навучаецца ў гэтайсама віцебскай гімназіі, у чацьвёртай клясе. Ці паказвалі вы сваім сынам чорныя пакеты і ці тлумачылі, чаму яны гэткія актуальныя сёньня на ўсходзе Ўкраіны?

Беларускія шкаляры — сярод удзельнікаў трэнавальных табараў у Падмаскоўі, арганізаваных расейскімі нацыстамі з дывэрсійнай групы «Русіч», якая ваявала за г. зв. «ДНР». Каляж аўтара
Між тым усхваленьне катаў беларускага народу — на жаль, зьява звыклая на нашых землях. Кнігі на самых бачных месцах у кнігарнях і бібліятэках, тэатральныя пастаноўкі, помнікі, назвы вуліцаў, экскурсіі — гэткае адчуваньне, што з нашае краіны наўмысна робяць нейкі вычварэнскі цырк вырадкаў: нішчыў беларусаў — слава табе і пашана! Хочаш зірнуць на забойцаў беларусаў — прыяжджай у Беларусь, паглядзі на іх помнікі, пахадзі па вуліцах, названых іх імёнамі, наведай экскурсіі і музэйныя экспазыцыі, прысьвечаныя іх жыцьцю!

Бюст царскаму фэльдмаршалу, душыцелю антырасейскага паўстаньня 1830-1831 гг. Івану Паскевічу ў Гомлі. Фота: Wikimedia Commons
Зрэшты, задаваць віцебскай пракурорцы і легіёну падобных ёй прасоўвальнікаў расейскага сьвету ў нашай краіне пытаньні па беларускай гісторыі — відаць, усё-ткі марная справа. Ну бо інакш яны мусілі б ведаць, што выраз «У нас ужо замкі стаялі, калі на маскоўскіх балотах яшчэ жабы квакалі» — утварыўся не бяз дай прычыны.
Аналяг сучаснае пракуратуры на беларускіх землях зьявіўся куды раней, чым у расейцаў. Яшчэ з другой паловы XVI стагодзьдзя ў ВКЛ існавала пасада Істрыгатара вялікага літоўскага — урадніка, які выконваў функцыі галоўнага пракурора. І бульба ў нас зьявілася куды раней за Пятра І. І Новы год сьвяткаваць 1 студзеня нашыя продкі пачалі яшчэ тады, калі расейскі цар нават не нарадзіўся.
Ну але ж гэта трэба кніжкі чытаць, праўда? Цяжкая праца! Дый небясьпечная: халера ведае, каторую з тых кніжак ужо запісалі ў экстрэмісты, а каторая яшчэ чакае сваёй чаргі! Куды прасьцей і надзейней сказаць: вось Расея, ад яе мы й пачаліся!
І гэта — бадай, галоўнае пытаньне.
Калі віцебская пракурорка выводзіць пачатак пракуратуры з расейскай гісторыі, то ці можам мы называць яе беларускай, а не расейскай пракуроркай? І шырэй: калі ўлады Беларусі нішчаць усё беларускае й выводзяць свой радавод з расейскай гісторыі — ці варта называць іх беларускімі?
Адказ відавочны.
Як відавочнае і тое, што быць беларусам — гэта ня толькі размаўляць па-беларуску, ведаць беларускую культуру і гісторыю, але і мець нацыянальны гонар і нацыянальную самапавагу. Зрэшты, гэтыя паняткі ўзаемазьвязаныя. Ну бо, калі ты цураесься роднае мовы й выракаесься сваіх продкаў — ты што, не паважаеш самога сябе?
Валера Руселік, Budzma.org