На постсавецкай прасторы не засталося краінаў, якія б святкавалі 7 лістапада. Апроч адной (калі не лічыць Прыднястроўе). Здаецца, няма тут ужо і пенсіянераў, якіх магла б засмуціць адсутнасць чырвонай даты ў календары... Апроч аднаго. І ўсе мы ведаем яго прозвішча.

Ілюстрацыя згенераваная пры дапамозе ШІ
Краіна, у якой найбольш баяцца рэвалюцыі, чарговы раз адзначае «Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі». Простае тлумачэнне: 7 лістапада памятаюць, каб не памятаць 25 сакавіка. Або — або. Выбар зроблены не на карысць незалежніцкага праекта, а на карысць — савецкага.
Доўгі час здавалася, што гэта — інерцыя. Маўляў, лідар краіны мае сантымент да перыяду сваёй маладосці, а дзяржаўны апарат — абслугоўвае гэты сантымент. Глыбока яно не ідзе. Але давайце зірнем свежы падручнік па гісторыі для 11 класа. Што там пішуць?
Падручнік 2025 года ўжо прыцягваў увагу журналістаў — па колькасці згадак Лукашэнкі. За кадрам засталося галоўнае: сама філасофія гісторыі. Ідэалогія, запакаваная ў кніжку для «зумераў».
Галоўны герой падручніка — «савецкі народ». І — ягоная перамога ў «Вялікай Айчыннай вайне». Галоўны антыгерой — Захад, не важна, пад якой маскай: Гітлера, Чэрчыля ці Буша.
Галоўны сакрэт, які мае засвоіць школьнік: героя ад антыгероя заўжды ратуе «моцная рука». Цэнтралізацыя і мабілізацыя.
Месцамі здаецца, што аўтары проста перапісалі савецкія агіткі 1950-х — 1960-х. Пачытайце:
«Нравственные нормы и моральные ценности советского человека. [...] Коллективизм, трудолюбие, самоотверженность, бескорыстность, патриотизм, выдержали испытание временем и только укрепились. Вернувшиеся с полей сражений солдаты и офицеры Красной армии ответственно относились к порученному делу, ставили интересы страны выше собственного благополучия».

Ілюстрацыя згенераваная пры дапамозе ШІ
Савецкія людзі — безасабовая маса. Тую масу трэба накарміць, напаіць, даць сацыяльнае жыллё і стабільны заробак. Тады — яна будзе здольная на подзвігі і самаахвярнасць. Ты ім жылплошчу, яны табе — жыццё.
«...Советские люди считали значительным достижением [...] строй, закрепленный Конституцией 1936 г. Для них совершенно очевидными были социальные достижения советской власти: бесплатные образование, медицинское обслуживание и жилье (без учета коммунальных платежей), а также отсутствие безработицы, уважение к трудящимся и их достижениям».
Вось хто гэта пісаў? Для каго?.. Бо так — на кожнай старонцы: «уважение к труду», «священный долг», «наследники героев-победителей», «укреплять потенциал Родины» і г. д. Фармулёўкі падручніка можна заканспектаваць ці зазубрыць. Але ці можа імі натхніцца 15-гадовы «зумер» у ХХІ стагоддзі?..
Сам падручнік — не пра гісторыю. Гэта набор фактаў і цытатаў з мінулага, які мае абаснаваць легітымнасць усяго таго, што адбываецца сёння. Падручнік пра наш час. І — пра фантазіі кіраўніцтва Беларусі наконт народа, які яны хочуць атрымаць у выніку сваіх эксперыментаў.
Раней савецкія наратывы прапаганды тычыліся пакалення пенсіянераў з савецкай прашыўкай. Бо гэта — электарат. Яны, бадай, вымерлі. Сёння — тыя самыя бяздушныя фармулёўкі спрабуюць прадаць... моладзі. Як нешта новае, ці — вечнае. Як «традыцыю беларускага народа».
Атрымліваецца, пасля доўгіх пошукаў дзяржаўны апарат усё ж знайшоў ідэалогію... сярод стосу макулатуры на пункце прыёму другаснай сыравіны. Таму і 7 лістапада выглядае тут цалкам лагічна. Нават — гарманічна. Ура, таварышы!
Алесь Кіркевіч, Budzma.org