«Руская мова — шлях да цывілізацыі». Не, гэта кажа не Салаўёў і не Мядзінскі, а наша нобелеўская лаўрэатка — Святлана Алексіевіч. Прычым кажа нават не пра беларусаў, а... пра ўкраінцаў. Як гэта разумець і ці трэба гэта разумець наогул?
Святлана Алексіевіч. Фота: Яўген Ерчак
Паводле пані Алексіевіч, адмова ад рускай мовы ва Украіне — «часовая з’ява, выкліканая адчаем». Тут жа аргументацыя: «...мовы, якія пакінулі пасля сябе каланізатары ў Афрыцы, сталі шляхам да цывілізацыі. І гэта вельмі добра».
Нічога не маю супраць народаў Афрыкі, але там было па-іншаму. Французскі каланізатар прыязджаў, напрыклад, у Конга. Будаваў там лякарні, чыгунку, банкаўскія аддзяленні, дарогі, школы, каталіцкія місіі, бібліятэкі. Калі знаходзіў нешта цікавае — вёз у Парыж. Так, егіпецкія піраміды засталіся на сваім месцы толькі таму, што не ўлезлі ані ў Луўр, ані ў Брытанскі музей.
Расійскі каланізатар прыязджаў, напрыклад, у Берасце. Будаваў там крэпасці, турмы, парахавыя склады, шпіхлеры з гарэлкай. Зачыняў каталіцкія місіі, касцёлы, школы, раскрадаў бібліятэкі. Калі знаходзіў нешта цікавае — вёз у Пецярбург. Барочны Берасце не захаваўся не таму, што не ўлез у Эрмітаж, а таму, што каланізатар проста яго знёс — як нешта лішняе.
Францыя заўжды застаецца Францыяй. Цывілізацыяй. Не важна, ці гэта Парыж, ці — маленькая вёсачка ў Правансе. Там будуць віно, круасаны, жывапіс, добрыя бібліятэкі, насценныя гадзіннікі ў прыватных дамах, кавярні, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне праз пару сотняў гадоў.
Расія — заўжды Расія. Цывілізаваныя там два гарады — Пецярбург і Масква. Там балет, жывапіс, бібліятэкі. Ад’ездзеш далей — антыцывілізацыя. Дэнатураты, прымітыў, шэрасць, «трафейныя» гадзіннікі, крадзеныя кнігі з чужых бібліятэк. Сам народ, які жыве ўспамінамі пра мінулую вайну ў чаканні новай — хоць якой.
Гэта цалкам розныя сістэмы. І калі мы кажам пра імперскасць і каланіялізм — гэта розныя алгарытмы каланізацыі. Французы прыязджалі ў Алжыр і рабілі там «маленькую францыю». Расіяне — паўсюдна, куды заходзілі, рабілі «расію». Ці — намагаліся зрабіць. Апускаючы мясцовы ўзровень культуры да свайго-роднага.

Крыніца: pinterest.com
Што ж такога ўнікальнага нам пакінула Расія? У чым яе цывілізацыйная місія? Што расійскі каланізатар мог даць палякам ці латышам? Другасную літаратуру, якая не стварыла ніводнага новага жанру, а толькі паўтарала еўрапейскія? Музыку як цень еўрапейскай музычнай традыцыі? Матрошак? Талстаеўскага?..
Маскавіты пры Пятры знішчылі Батурын, казацкае барока, цэлы пласт культуры, якой не мелі самі. Украіна стала донарам расійскай палітычнай думкі, а не наадварот. Згадайце Феафана Пракаповіча, які прыдумаў «Расію» як канцэпт для Пятра Першага. Сімяон Полацкі вучыў царскіх дзяцей грамаце і пісаў на Масковіі барочныя вершы. Бо барока там не было — як стылю.
Разумееце?
Феномен Расіі ў тым, што каланізаваныя народы ставалі для метраполіі — донарамі культуры і цывілізацыі. А не наадварот. Бо метраполія ўмела толькі ваяваць і пашырацца. Ніякай цывілізацыйнай місіі ў разуменні Кіплінга там не было і не магло быць. Чым Расія магла ашчаслівіць заваяваныя тэрыторыі? Балалайкамі?.. Спытайце ў Алексіевіч.
Усё, напісанае вышэй — толькі адзін ракурс праблемы. Тут няма пра тое, што мова і культура для сённяшняй Расіі — палітычны інструмент агрэсіі. Пра суверэннае права Украіны самой фармаваць моўную і культурную палітыку.
Урэшце, пра тое, што расійская мова — гэта не пытанне свядомага выбару для постсавецкіх краінаў. Нават для самой Алексіевіч. Гэта пытанне звычкі, прадыктаванай серадовішчам, у якім яна вырасла. «Чырвонай імперыі няма, чырвоны чалавек застаўся», — піша нобелеўская лаўрэатка. Вельмі самакрытычна.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org