«Тузін. Немаўля». Беларуская прэм’ера

22.11.2012 19:00 - 22:00 Loft cafe (вул. П. Броўкі, 22) Бясплатнае

22 лістапада (чацвер). Loft cafe (вул. П. Броўкі, 22)

Сяргей Пукст — «Кастусь Каліноўскі» (19:00)

Re1ikt — «У агні народжаная» (20:30)

Кошт квітка: 80 000 (танцпляц), 90 000 (столік)

Квіткі прадаюцца толькі ў дзень канцэрту!

Замовіць столік: +375 (29) 380 00 10

Інтэрнэт-партал Tuzin.fm прадстаўляе ўнікальны праект «Тузін.Немаўля». Сучасныя беларускія выканаўцы выступяць у якасці тапёраў і агучаць першыя беларускія нямыя кінастужкі, знятыя ў 20-х гадах мінулага стагоддзя. Беларуская прэм’ера праекту адбудзецца 22, 24 і 25 лістапада.

«Тузін.Немаўля» – новая крэатыўная задума інтэрнэт-парталу Tuzin.fm. Паводле яе, сучасныя беларускія выканаўцы ствараюць свой саўндтрэк да першых беларускіх нямых фільмаў і прадстаўляюць яго ўжывую на сцэне ў фармаце кінаканцэрта. «Нам здаецца, што найбольш яскрава перадае нашу ідэю слова «немаўля», дзе абыгрываецца і малы век тагачаснага беларускага кінематографа і тая асаблівасць, што стужкі былі па першым часе нямыя, а апошнія дзве літары да ўсяго намякаюць на музычны складнік праекту», – кажа кіраўнік праекту Сяргей Будкін. Міжнародная прэм’ера «Тузін.Немаўля» адбылася ў кастрычніку ў Падляшскай оперы ў Беластоку, а цяпер пройдзе ў клубным фармаце ў Мінску.

Для працы над праектам былі абраныя музыканты, якія маюць бездакорны музычны густ. 22 лістапада у Loft café пройдзе адразу два кінаканцэрты. Сяргей Пукст прадставіць сваё музычнае бачанне  фільма «Кастусь Каліноўскі» (1927), а гурт Re1ikt агучыць гісторычную эпапею пра падзеі 1919-1920гг. «У агні народжаная» (1929). 25 лістапада будзе паказана стужка «Прастытутка» (1926), якую ўжывую агучыць гурт з Беластоку Ilo&friends. Беларускамоўная каманда з Польшчы ўпершыню выступіць у Беларусі. Акрамя таго, 24 лістапада Ілона Карпюк з сябрамі дае экслюзіўны канцэрт у клубе “Графіці” з нагоды адкрыцця выставы плакатаў беларускага нямога кіно.

Перад удзельнікамі праекту стаяла няпростая задача, бо з дапамогай музыкі яны меліся па-свойму пераасэнсаваць змест фільмаў і паглядзець на іх з пазіцыі чалавека нашага часу. З гэтай задачай удзельнікі праекту «Тузін.Немаўля» справіліся на выдатна. «Нам часта казалі пра тое, што мы мусім саўндтрэкі пісаць, бо ствараем вельмі атмасферную музыку, – кажа лідар гурта Re1ikt Аляксандр Дзямідзенка. – Так выйшла, што давялося пайсці нават далей за гэта, бо агучванне фільма вымагала вельмі творчага падыходу, пашыранага погляду на музыку і выкананне. Мы зрабілі сур’ёзную карпатлівую працу і засталіся вельмі задаволеныя тым, што атрымалася».


Вам можа быць цікава

Рэтраспектыва Валерыя Рубінчыка ў Мінску

02.05.2025 17:00 - 30.05.2025 19:00 Музей гісторыі беларускага кіно (вул. Свярдлова, 4)

Спектакль «Зэкамерон» у Варшаве

05.06.2025 19:00 - 06.06.2025 21:00 Scena Przodownik (Olesińska 21)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ