На сайце Беларускага ПЭНа апублікаваны новы аналітычны матэрыял, прысвечаны свабодзе творчасці і ахове культурнай разнастайнасці.

4 жніўня 2006 года Рэспубліка Беларусь ратыфікавала Канвенцыю ЮНЕСКА, узяўшы на сябе абавязкі прымаць меры для абароны і развіцця культурнай разнастайнасці. Аднак само падпісанне дакумента не гарантуе рэалізацыі яго прынцыпаў. Незалежны маніторынг выканання Канвенцыі ў 2015 годзе ацаніў узровень культурнай палітыкі краіны на 10,3 бала з 30 магчымых (сярэдняе значэнне паводле пяці асноўных вымярэнняў), што адпавядае ўзроўню «нізкі». У 2019 годзе паказчык склаў 11,5 бала, а ў 2023 годзе ўпаў амаль удвая — да 6,6 бала, што знаходзіцца на мяжы паміж «нізкім» і «крайне нізкім» узроўнямі.
Падзел культурнага сектара на дзяржаўны і незалежны, непразрыстасць размеркавання субсідый, умяшанне ў працу творчых аб’яднанняў, прасоўванне ідэалагічна лаяльных дзеячаў культуры і няпісаныя «чорныя спісы» артыстаў існавалі ў Беларусі задоўга да 2020 года. Але масавыя палітычныя рэпрэсіі пасля выбараў толькі ўзмацнілі гэтыя тэндэнцыі: прастора для свабоды творчасці пачала хутка скарачацца, а межы дапушчальнага — яшчэ больш звужацца. Пашырылася колькасць кантрольных органаў, з’явіліся рэестры «добранадзейных» арганізацый і спецыялістаў, пашырыліся спісы нелаяльных артыстаў, грамадскія аб’яднанні былі масава ліквідаваны, а творчыя саюзы прайшлі «нармалізацыю».
Дзеячы культуры апынуліся пад асаблівым ударам: творчасць стала небяспечнай, а мастацкае выказванне можа прывесці да затрымання, зняволення або нават смерці. Пры гэтым пераследуецца не столькі творчасць як такая, колькі крыміналізаваліся асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы: свабода выказвання меркавання, свабода асацыяцый, права на ўдзел у мірных акцыях, распаўсюджванне інфармацыі. Антытэрарыстычнае і антыэкстрэмісцкае заканадаўства выкарыстоўваецца ўладамі як інструмент задушэння іншадумства і абмежавання доступу да інфармацыі.
У сучасным беларускім кантэксце рэпрэсіі носяць комплексны характар: дзеячы культуры часцей трапляюць пад пераслед не за канкрэтнае мастацкае выказванне, а за асабістыя перакананні і палітычныя погляды. Часам падставай робіцца твор (карціна, верш, песня), але наступныя афіцыйныя абвінавачанні звычайна звязаны з меркаванай «палітычнай актыўнасцю». Падрабязнасці многіх крымінальных і адміністрацыйных спраў, звальненняў і фактаў цэнзуры застаюцца не вядомымі: даступныя толькі фармальныя артыкулы абвінавачання ці ўскосныя прыкметы прычыны пераследу. Значная частка выпадкаў ціску — у тым ліку эканамічнага і псіхалагічнага — увогуле застаецца па-за ўвагай і не дакументуецца.
Тым не менш, нават у такіх умовах можна вылучыць асобныя выпадкі, калі менавіта творчае выказванне і прафесійная дзейнасць рабіліся непасрэднай падставай пераследу дзеячаў культуры — іх мы далей і разгледзім.
Ніжэй разгледжаны выпадкі, якія паказваюць, як у Беларусі творчасць і культурная дзейнасць могуць рабіцца цэнтральным элементам абвінавачання, прыводзячы да крымінальнага або адміністрацыйнага пераследу, што з’яўляецца прамым парушэннем свабоды творчасці.
5 гадоў калоніі і смерць за карціны і перформанс
Алесь Пушкін — адзін з самых вядомых беларускіх жывапісцаў-нонканфармістаў, тэатральны мастак, перформер і арт-куратар, аўтар маніфеста сацарту, актыўны ўдзельнік руху нацыянальнага адраджэння, не раз пераследаваны ўладамі за мастацкія выказванні і грамадзянскую пазіцыю.
Алесь Пушкін быў затрыманы 30 сакавіка 2021 года. Праз год, 30 сакавіка 2022-га, суд прыгаварыў яго да пяці гадоў пазбаўлення волі ў калоніі строгага рэжыму. Абвінавачанні былі прад’яўлены паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: распальванне варожасці і разладу (артыкул 130) і глумленне з дзяржаўных сімвалаў (артыкул 370).
Падставай для пераследу стала экспанаванне ў гродзенскім «Цэнтры гарадскога жыцця» партрэта антысавецкага партызана Яўгена Жыхара з аўтаматам на плячы — працы Пушкіна 2014 года. 22 сакавіка 2021 года ў газеце «СБ. Беларусь сегодня» выйшаў матэрыял, у якім біяграфія Жыхара і згадка пра выставу былі пададзены ў прапагандысцкім рэчышчы. Пазней у крымінальнай справе фігуравалі таксама партрэты Міхала Вітушкі і Усевалада Родзькі — іншых удзельнікаў пасляваеннага антысавецкага супраціву ў Беларусі.
Паводле версіі следства, Пушкін «выконваў і размяшчаў у адкрытым доступе партрэты памагатых нацысцкіх злачынцаў у вобразе беларускіх патрыётаў і гераічных асоб», а таксама «публічна дэманстраваў партрэт Яўгена Жыхара падчас выставы ў Гродне», чым, маўляў, здзяйсняў дзеянні, скіраваныя на «рэабілітацыю нацызму».
Абвінавачанне ў глумленні з дзяржаўных сімвалаў было звязана з самым вядомым перформансам мастака — «Гной для прэзідэнта». Вясной 2021 года ў крыху змененым выглядзе Пушкін паўтарыў яго на выставе беларускага пратэснага мастацтва «Кожны дзень», якая адкрылася 25 сакавіка ў Кіеве. Следства сцвярджала, што ён такім чынам «глуміўся з дзяржаўных сімвалаў [...] але, жадаючы пазбегнуць адказнасці, здзяйсняў свае злачынныя дзеянні на тэрыторыі Украіны».

Алесь Пушкін падчас перформанса «Гной для прэзідэнта»
У ноч з 10 на 11 ліпеня 2023 года адміністрацыя турмы № 1 у Гродне паведаміла пра смерць Алеся Пушкіна. Паводле наяўных звестак, палітвязень-мастак памёр у рэанімацыі ад прабадной язвы страўніка ў выніку неналежнага аказання медыцынскай дапамогі ў зняволенні.
Праз некалькі дзён стала вядома, што 30 траўня — незадоўга да трагічнай смерці — Алесь Пушкін быў выключаны з Беларускага саюза мастакоў.
13 гадоў калоніі за прасоўванне беларускай культуры і нацыянальнай сімволікі
Павел Белавус — менеджар культуры і прадпрымальнік, сузаснавальнік незалежнай пляцоўкі «Арт Сядзіба» (2011) і стваральнік крамы нацыянальнай сімволікі і сувеніраў Symbal.by (2014), якая ўлетку 2020 года стала адным з сімвалаў мірнага пратэсту.
Павел Белавус быў затрыманы 15 лістапада 2021 года. Праз паўтара года, 11 траўня 2023-га, суд прыгаварыў яго да 13 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму і да штрафу на суму 18,5 тысяч рублёў. На маёмасць Белавуса і яго сям’і быў накладзены арышт на суму, большую за 50 тысяч рублёў, канфіскаваныя аўтамабілі і частка бытавой тэхнікі.
Абвінавачанні былі прад’яўленыя паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак (артыкул 342), здрада дзяржаве (артыкул 356), стварэнне экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1) і заклікі да дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы (артыкул 361). У аснове ўсіх абвінавачанняў ляжала прафесійная дзейнасць Белавуса: арганізацыя канцэртаў, літаратурных сустрэч, лекцый, папулярызацыя нацыянальнай сімволікі, беларускай культуры і мовы. Паводле следства, ён «на працягу дзесяці гадоў вёў актыўную дзейнасць, скіраваную на змену дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам» і «пад выглядам культурна-гістарычнага развіцця распаўсюджваў ідэі беларускага нацыяналізму».
Павел Белавус у краме Symbal.by
Асобным эпізодам стала абвінавачанне ў «кіраўніцтве экстрэмісцкім фарміраваннем»: следства сцвярджала, што Белавус «уваходзіў у назіральную раду і ўдзельнічаў у кіраўніцтве» Беларускай Рады культуры. Гэтая зарэгістраваная ў ЕС некамерцыйная арганізацыя, якая падтрымлівае беларускіх дзеячаў культуры і культурныя ініцыятывы, у чэрвені 2022 года была абвешчана ў Беларусі «экстрэмісцкім фарміраваннем» — да таго часу Белавус ужо сем месяцаў быў пад вартай.
Палітзняволены Павел Белавус працягвае адбываць пакаранне ў калоніі. Унесены ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў».
Ад 7,5 да 9 гадоў калоніі за песн
іРок-гурт Tor Band утварыўся ў Рагачове ў 2017 годзе, вядомасць набыў у 2020-м, калі яго песні сталі аднымі з сімвалаў масавых пратэстаў.
Музыкі Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык былі затрыманы 28 кастрычніка 2022 года. Праз год, 31 кастрычніка 2023-га, суд прызначыў ім 9, 8 і 7,5 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму, а таксама 3700 рублёў штрафу для кожнага. Абвінавачанні былі прад’яўлены паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: знявага прэзідэнта (артыкул 368), стварэнне экстрэмісцкага фарміравання (артыкул 361-1), распальванне варожасці і разладу (артыкул 130) і дыскрэдытацыя Беларусі (артыкул 369-1). У межах справы ў музыкаў былі канфіскаваны дзясяткі музычных інструментаў і канцэртнага абсталявання.
Палітычны падтэкст песень Tor Band стаў падставай для крымінальнага пераследу ўдзельнікаў гурта. Ніжэй прыведзены радкі некалькіх тэкстаў, якія адлюстроўваюць змест іх творчасці і даюць уяўленне пра характар здзейсненага «злачынства»:
Мы не быдло, стадо и трусы, / мы живой народ, мы — белорусы!
С верой в сердцах, держим мы строй, / знамя свободы над головой!
(«Мы — не народец»)
Уздымай твар, уверх паглядзi, / хопiць трываць — наперад iдзi.
Хопіць жыць так, быццам у гасцях, / вось твая мова, вось родны сцяг!
(«Родная зямля»)
Мы устали от тебя, / Мы не верим твоему слову!
Как не можешь ты понять? / Жить хотим мы по-другому!
(«Уходи»)
Tor Band
Пасля затрымання артыстаў стала вядома, што нібыта яшчэ 29 жніўня 2022 года (прамінулым днём) інфармацыйная прадукцыя калектыву: лагатып гурта, старонкі ў сацыяльных сетках, YouTube-канал і дзесяць песень («Жыве», «Уходи», «Кто, если не ты?», «Маці», «Мы — не народец», «Без вайны», «Беларус беларусу беларус», «Dead Мороз», «Мы станем сильней!» і «Родная зямля») — былі прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі».
Праз два месяцы пасля затрымання ўдзельнікаў гурта, 16 студзеня 2023 года, Камітэт дзяржаўнай бяспекі абвясціў Tor Band «экстрэмісцкім фарміраваннем», а трох музыкаў і Юлію Галавач, жонку Дзмітрыя і прэс-сакратарку калектыву, — «удзельнікамі» гэтага «фарміравання». Так Tor Band стаў першым (але на сённяшні дзень не адзіным) музычным калектывам, унесеным у спіс «экстрэмісцкіх фарміраванняў».
На сённяшні дзень палітзняволеныя музыкі Дзмітрый Галавач, Яўген Бурло і Андрэй Ярэмчык працягваюць адбываць пакаранне ў калоніі. Вядома пра сур’ёзныя праблемы са здароўем у бубнача Яўгена Бурло. Усе трое ўнесены ў спіс «экстрэмістаў».
6 гадоў калоніі (завочна) за жарты
Слава Камісаранка — адзін з найбольш вядомых беларускіх стэндап-комікаў, з 2008 года жыў у Расіі.
Пасля прэзідэнцкіх выбараў 2020 года стэндап-комік Слава Камісаранка адкрыта выказваўся пра фальсіфікацыі і асуджаў гвалт у дачыненні да пратэстоўцаў, а ў сваіх выступах неаднаразова рабіў пародыі на Аляксандра Лукашэнку. Пасля выхаду ў лістападзе 2020 года выпуску YouTube-шоу «Что было дальше?», дзе Камісаранка назваў Лукашэнку «чык-чырыкам» і высмеяў яго з’яўленне перад пратэстоўцамі ў бронекамізэльцы і з аўтаматам [23 жніўня 2020 года], раней выдадзеныя гастрольныя пасведчанні на два канцэрты ў Мінску былі ануляваны. Арганізатары атрымалі паведамленне ад упраўлення культуры Мінгарвыканкама, дзе адзначалася, што рашэнне прынята «пасля вывучэння матэрыялаў выступаў коміка, размешчаных у інтэрнэце». Так Камісаранка фактычна страціў магчымасць выступаць у Беларусі.
У студзені 2022 года, атрымаўшы папярэджанне пра магчымую спробу беларускіх спецслужбаў прымусова вывезці яго ў Беларусь, Камісаранка пакінуў Расію. У лютым стала вядома пра завядзенне супраць яго крымінальнай справы і абвяшчэнне ў вышук.
15 жніўня 2024 года Следчы камітэт пачаў спецыяльнае вядзенне — завочнае расследаванне паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: знявага прэзідэнта (артыкул 368), паклёп у дачыненні прэзідэнта (артыкул 367) і распальванне варожасці і разладу (артыкул 130). 30 снежня 2024 года суд завочна прыгаварыў яго да шасці гадоў пазбаўлення волі.
За свае сатырычныя маналогі Слава Камісаранка завочна асуджаны ў Беларусі, унесены ў спісы «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў», а яго сайт і акаўнты ў YouTube, Instagram і TikTok прызнаны «экстрэмісцкімі матэрыяламі». У красавіку 2025 года ён быў пазбаўлены расійскага грамадзянства. Цяпер жыве ў краінах ЕС.
Слава Камісаранка
28 і 23 сутак адміністрацыйнага арышту за кнігі
Андрэй Янушкевіч — выдавец і аўтар кніг, кандыдат гістарычных навук, у 2014 годзе заснаваў выдавецтва «Янушкевіч», што спецыялізуецца на беларускіх выданнях.
Наста Карнацкая — кніжная блогерка, літаратурная аглядальніца, папулярызатарка беларускай літаратуры, магістарка філалагічных навук.
16 траўня 2022 года прыватнае выдавецтва «Янушкевіч» (якое ўжо перажыло ператрус, канфіскацыю тэхнікі, паўгадавое блакаванне рахункаў і высяленне з офіса) адкрыла ў цэнтры Мінска новую кнігарню «Кнігаўка». У той жа дзень туды прыйшлі прапагандысты Людміла Гладкая, Грыгорый Азаронок і Станіслаў Яскевіч. Яны задавалі Янушкевічу правакацыйныя пытанні, абвінавачвалі краму ў «нацыяналізме» і продажы «экстрэмісцкай літаратуры». Чапляліся да кніг — у прыватнасці, да англамоўнага ілюстраванага выдання пра гісторыю Беларусі, кніг Уладзіміра Някляева «Някляеў. Незавершаная аўтабіяграфія» і Уладзіміра Арлова «Айчына. Маляўнічая гісторыя. Частка першая». Прапагандысты дэманстратыўна дэкламавалі з апошняй наступныя радкі:
Мы — беларусы заўтра і сягоння,
Мы — беларусы праз вякі вякоў.
Нястрымная Літоўская Пагоня
Нас кліча бараніць зямлю бацькоў.
Следам у кнігарню прыйшлі супрацоўнікі спецслужбаў, правялі ператрус, канфіскавалі каля 200 кніг і адправілі 15 з іх на «экспертызу». Краму загадалі закрыць.
Наста Карнацкая і Андрэй Янушкевіч. Фота: t.me/newknihauka
Андрэй Янушкевіч і супрацоўніца кнігарні Наста Карнацкая былі затрыманы і асуджаны паводле артыкула 19.1 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях за нібыта «дробнае хуліганства» — артыкула, які пасля 2020 года часта выкарыстоўваецца, калі рэальнага парушэння няма, але трэба фармальная падстава для арышту. Янушкевіч правёў 28 сутак пад вартай, Карнацкая — 23.
На працягу некалькіх дзён пасля ператрусу дзяржаўныя медыя і прапагандысцкія рэсурсы публікавалі дыскрэдытацыйныя матэрыялы пра выдавецтва і яго супрацоўнікаў, выкарыстоўвалі фармулёўкі накшталт «задумаў адкрыць пратэсную кнігарню ў Мінску» і «говнокнигарни».
У 2022 годзе Андрэй Янушкевіч і Наста Карнацкая пакінулі Беларусь. Сёння яны працягваюць працу ліквідаванага ў Беларусі выдавецтва ўжо ў Польшчы.
Абвяшчэнне «экстрэмісцкім фарміраваннем» за спектаклі
16 жніўня 2020 года акторы і супрацоўнікі Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы запісалі відэазварот, у якім выступілі супраць «тэрору і гвалту» ў дачыненні да мірных пратэстоўцаў. На наступны дзень дырэктар тэатра і былы міністр культуры Павел Латушка быў звольнены. У знак салідарнасці з ім больш за 60 актораў і супрацоўнікаў падалі заявы на звальненне. Тэатр фактычна быў узяты пад кантроль сілавых структур, а Міністэрства культуры не толькі не паспрабавала ўрэгуляваць сітуацыю, але і спрыяла ціску на калектыў. У выніку былыя супрацоўнікі стварылі незалежную трупу «Вольныя Купалаўцы».
З 2021 года незалежная тэатральная група «Вольныя Купалаўцы» працуе ў выгнанні ў Польшчы, працягваючы ставіць спектаклі пра свабоду, ідэнтычнасць, правы чалавека і папулярызаваць беларускую культуру. У яе рэпертуары — «Зэкамерон» паводле кнігі Максіма Знака, «Гусі-людзі-лебедзі» паводле рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Еўропы», «Валізка» паводле п’есы Малгажаты Сікорскай-Мішчук і іншыя пастаноўкі, якія закранаюць адчувальныя для беларускага грамадства тэмы. Менавіта гэтая творчасць і робіцца падставай для пераследу калектыву ўладамі Беларусі.
13 лютага 2024 года старонкі трупы ў Facebook, Instagram, SoundCloud, YouTube, а таксама яе лагатып і адрас электроннай пошты былі ўнесены ў «Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў». 13 снежня 2024 года Міністэрства ўнутраных спраў абвясціла «Вольных Купалаўцаў» «экстрэмісцкім фарміраваннем», а Народную артыстку Беларусі Зою Белахвосцік, актораў Алега Гарбуза, Валянціну Гарцуеву, Сяргея Чуба, Аляксандра Зюленку, Крысціну Дробыш, Міхаіла Зуя і рэжысёра Аляксандра Гарцуева — «удзельнікамі» гэтага «фарміравання».
«Вольныя Купалаўцы». Фота: facebook.com/kupalaucy
Гэта азначае, што любое ўзаемадзеянне з трупай — нават прагляд спектакляў анлайн — можа быць расцэнена як удзел у экстрэмісцкай дзейнасці: гледачы, данатары, падпісчыкі могуць быць прыцягнуты да адказнасці паводле артыкулаў 361-1 і 361-4 Крымінальнага кодэкса. Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Такім чынам, як «Вольныя Купалаўцы», так і іх гледачы ў Беларусі трапляюць пад пагрозу непрапарцыйнага пакарання. З улікам практыкі апошніх гадоў, саміх удзельнікаў трупы напэўна чакае спецыяльнае завочнае вядзенне і завочныя прысуды — механізм, што ўсё часцей выкарыстоўваецца супраць беларускіх дзеячаў культуры, якія працягваюць працу ў эміграцыі.
Да іншых выпадкаў пераследу за прафесійную дзейнасць або мастацкае выказванне адносяцца:
Асобнай увагі заслугоўвае так званая «карагодная справа» ў Брэсце — найбуйнейшая калектыўная крымінальная справа, звязаная са спантанна ўзніклым карагодам у цэнтры горада 13 верасня 2020 года. Падчас акцыі пратэсту вялікая калона людзей раптам спынілася, і калі з пераноснай калонкі загучалі «Тры чарапахі» (галоўны хіт гурта N.R.M. і адна з нефармальных песень пратэсту), удзельнікі ўзяліся за рукі і пачалі вадзіць карагод. Са слоў аднаго з асуджаных, гэта нагадвала карнавал. Для разгону былі выкарыстаны вадамёты, а пазней больш за 140 чалавек сталі фігурантамі крымінальнай справы . У рэтраспектыве гэты эпізод выглядае як форма акцыянізму — імправізаванае мастацка-сімвалічнае выяўленне грамадзянскай пазіцыі.
Асобнай формай ціску з’яўляецца забарона на распаўсюджанне культурнай прадукцыі праз прызнанне песень, тэкстаў, кніг і культурных праектаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а друкаванай прадукцыі — яшчэ і «здольнай нанесці шкоду нацыянальным інтарэсам». Пераследаваным кнігам прысвечаны асобны рэсурс — Belarus. Banned Books.
Культура — гэта не проста адна са сфер грамадскага жыцця, а фундамент міжнароднага міру, устойлівага развіцця і паразумення ўнутры грамадства і паміж народамі. Будучы непасрэдна звязанай з правамі чалавека, яна можа паўнавартасна развівацца толькі там, дзе захоўваюцца базавыя правы і гарантуецца свабода творчасці і заснаваная на ёй культурная разнастайнасць.
У сучаснай Беларусі, дзе не пільнуюцца такія фундаментальныя правы чалавека, як права на жыццё, свабоду выказвання меркавання, свабоду асацыяцый і распаўсюджвання інфармацыі, прастора культурных правоў імкліва скарачаецца. Нягледзячы на міжнародныя абавязкі, у тым ліку ратыфікаваную Канвенцыю ЮНЕСКА аб ахове і заахвочванні разнастайнасці формаў культурнага самавыяўлення, дзяржаўная палітыка апошніх гадоў скіравана не на падтрымку культурнай разнастайнасці, а на яе задушэнне. Адсюль узнікаюць фармулёўкі накшталт «пікетаванне з дапамогай песень» ці «экстрэмізм з дапамогай гітары», якія наглядна дэманструюць абсурдную логіку выкарыстання заканадаўства, у тым ліку ў дачыненні да творчасці.
Сённяшні пераслед мастакоў, музыкаў, пісьменнікаў, менеджараў культуры, тэатральных калектываў і іншых удзельнікаў культурнага працэсу найчасцей звязаны з іх грамадзянскай пазіцыяй і поглядамі; у асобных выпадках — непасрэдна з мастацкім выказваннем або прафесійнай дзейнасцю. Гэта могуць быць вострыя тэксты і карціны, сатырычныя пародыі, спектаклі на адчувальныя тэмы, папулярызацыя нацыянальнай сімволікі, мовы або беларускай кнігі — што наглядна паказваюць разгледжаныя ў матэрыяле прыклады. Палітычныя песні, сатырычныя выказванні і нават рэзкая эмацыйная крытыка ўлады з’яўляюцца формамі свабоднага выказвання меркавання, якія падпадаюць пад абарону свабоды творчасці і свабоды слова.
Рэпрэсіі і цэнзура ў дачыненні да дзеячаў культуры ў Беларусі носяць не толькі персанальны, але і сістэмны характар: прыгнятаючы асобных аўтараў і калектывы, дзяржава адначасова абмяжоўвае грамадства ў доступе да разнастайных культурных формаў і альтэрнатыўных пунктаў гледжання. Гэта вядзе да збяднення культурнай прасторы і разбурэння механізмаў свабоднага абмену ідэямі, без якіх немагчымае развіццё мастацтва, культуры і паўнавартаснае развіццё самога грамадства.
У такой сітуацыі важным застаецца ўнёсак арганізацый, што абараняюць права на творчасць і дакументуюць парушэнні, разглядаючы свабоду творчасці як частку шырэйшай сістэмы грамадзянскіх і палітычных правоў.
За некалькі дзён да затрымання, якое стала для яго фатальным, Алесь Пушкін сказаў, што «беларуская рэвалюцыя годнасці — мастацкая». Сёння гэтыя словы не губляюць актуальнасці і нагадваюць: менавіта творчасць застаецца той прасторай асабістай і калектыўнай свабоды, якую не здольны цалкам падпарадкаваць ніводзін палітычны рэжым.