Два гады таму Лявон Вольскі перавыдаў на вініле альбом «Hramadaznaūstva». Гэты альбом быў першым досведам супрацы з прадусарам Снорэ Бэргерудам, паведамляе музыка на сваёй старонцы ў Фэйсбук.
«Psychasamatyka — другі мой альбом, створаны пры ўдзеле Снорэ. Задума была такая: альбом складаецца з дзьвюх частак. Адна зь іх, умоўна кажучы, «акустычная» — мэлядовыя песьні без дысторшну і цяжкіх гітарных рыфаў. Дамінаваць тут мусіла гармонія й мэлёдыя. І другая частка — «рокавая» — якраз з гэтым самым дысторшнам, рыфамі і крыклівым вакалам. То-бок, гэта мусіў быць «двайнік».
Праца пачалася ўвосень 2015-га. Да гэтага часу я ўжо меў дэма некалькіх песень. Мы з Ганнай прыехалі ў Вільню на студыю Снорэ, ён паслухаў і адразу пачаў працаваць. Напярэдадні ён папрасіў не дасылаць яму дэма па адной песьні, а прывезьці адразу некалькі, каб у яго склалася агульнае ўражаньне.
Над рэштай «рокавае» часткі я працаваў у Швайцарыі. На той час было ясна, што Ганна хворая, хутчэй за ўсё, на анкалёгію, але яна наадрэз адмаўлялася зьвяртацца да дзяржаўнае мэдыцыны, а ў нетрадыцыйным цэнтры ёй ня ставілі ніякага дыягназу, адно прызначылі нетрадыцыйнае лекаваньне.
«Акустычную» частку я дапісваў у вёсцы на валожыншчыне. Было вельмі неспакойна і трывожна, Ганна пачувалася ўсё горай і, калі мы напачатку лютага паехалі ў Вільню запісваць мой голас у рокавай частцы, яна ўжо зь цяжкасьцю хадзіла, пакутвала ад моцных боляў.
Так атрымалася, што гэта была апошняя мэнэджэрская праца Ганны.
Яна сыйшла ў сакавіку, і я ў траўні прыехаў запісваць голас у акустычнай частцы ўжо адзін.
Праца над альбомам была для мяне і пакутлівай, бо адбывалася ў найцяжэйшы пэрыяд жыцьця, гэта відаць па тэкстах акустычнае часткі, але, магчыма, дапамагла мне ня ўпасьці ў багну бясконцай беспрасьветнай дэпрэсіі.
Неўзабаве «Psychasamatycy» споўніцца дзесяць гадоў. Снорэ падрыхтаваў ейныя песьні для перавыданьня на вініле, зрабіў рэміксынг і рэмастэрынг.
Спадзяюся, вы дапаможаце перавыдаць гэты вельмі значны для мяне твор», — напісаў Лявон Вольскі ў сваіх сацсетках.
Падтрымаць перавыданне альбому можна па спасылцы.