Фрагменты падмурка будынка часоў Льва Сапегі знайшлі археолагі ў Ружанах

Фрагменты падмурка будынка часоў Льва Сапегі знайшлі археолагі ў гарадскім пасёлку Ружаны, піша БЕЛТА.

Frahmienty padmurka
Фота brestcity.com

«У дадзены момант ідзе чарговы этап рэстаўрацыі нашага комплексу. Ён у першую чаргу звязаны з пракладкай камунікацый да тэатральнага корпуса і для далейшага тэхнічнага абслугоўвання комплексу. У адзін з дзён будаўнікі выявілі фрагменты падмурка будынка. Калі прыехалі археолагі, яны вывучылі цагляны мур і прыйшлі да высновы, што, хутчэй за ўсё, гэта фрагменты будынкаў, якія існавалі ў маёнтку Льва Сапегі. Гэта значыць яны былі пабудаваны побач з замкам», — растлумачыла дырэктар Ружанскага палацавага комплекса Алена Кубарка.

Абарончы замак у Ружанах Леў Сапега пачаў узводзіць у 1602 годзе. Да нашых дзён дайшлі звесткі, што разам з ім былі яшчэ тры дамы — вялікі, малы, сярэдні.

«Хутчэй за ўсё, знашлі фрагменты гэтых будынкаў, — дапускае дыржктар Ружанскага палаца. — Гэта ўнікальная знаходка. Па сутнасці, да гэтага моманту мы не ведалі, дзе менавіта знаходзіўся маёнтак, што ўваходзіла ў яго склад, яго межы. Ведалі, што галоўны корпус палаца стаіць на месцы абарончага замка, і ўсё. Гэтая знаходка дае нам ўяўленне, наколькі вялікім был маёнтак. Даследаванні могуць паказаць, што гэта былі за будынкі. Хутчэй за ўсё, гэтая знаходка даказвае, што Ружаны ў асноўным размяшчаліся каля падножжа замка».

Рэстаўрацыя Ружанскага палаца пачалася ў 2008 годзе. З тых часоў абноўлены цэнтральныя ўязныя вароты і адноўлены бакавыя флігелі, у якіх створаны музей. Праведзена рэстаўрацыя паўночна-ўсходняй аркады. Завершаны знешнія работы па рэстаўрацыі двухпавярховага Усходняга (тэатральнага) корпуса. Там плануецца размясціць музейнае памяшканне, фондасховішча, шматфункцыянальную залю, гатэль і кафэ.

Леў Сапега быў вядомым палітычным, грамадскім і ваенным дзеячам. Ён займаў высокія пасады ў Вялікім княстве Літоўскім, быў канцлерам ВКЛ і вялікім гетманам. Адзін з найбагацейшых і ўплывовых магнатаў княства быў вядомы яшчэ і як мецэнат.