Вянок дружбы: Арменія

07.04.2019 16:00 - 16:00 Літаратурны музей Максіма Багдановіча (вул. Багдановіча, 7а) Уваход вольны

Літаратурны музей Максіма Багдановіча распачынае новы праект – “Вянок дружбы”.

Вянок – спляценне кветак, стварэнне непаўторнага ўзору, новага вобраза. “Засушыў я на паперы краскі, свежыя калісьці, думак шчырых і чуцця.” – пісаў Максім Багдановіч у эпіграфе да зборніка вершаў “Вянок”. Кожная краска-кветка мае свой непаўторны водар, свой характар. Так і ў кожнага народа свая адметная культура, традыцыя, звычаі. У межах праекта “Вянок дружбы” мы будзем знаёміцца з адметнасцямі розных народаў і краін. У тым ліку тых, хто на працягу ўжо многіх стагоддзяў жыве на беларускай зямлі, чые традыцыі сталі элементам нашай культуры, і наадварот апынуліся пад уплывам беларускага каларыту.

Распачынаем серыю сустрэч са знаёмства з Арменіяй. Першую сустрэчу зладзім сумесна з Мінскім гарадскім армянскім культурна-асветніцкім таварыствам “Айастан”.

7 красавіка армянскі народ адзначае нацыянальнае свята – Дзень мацярынства і прыгажосці, які супадае з Дабравешчаннем Прасвятой Багародзіцы. Гэтае свята – яскравы прыклад яднання хрысціянскай традыцыі з нацыянальнай культурай у паўсядзённым жыцці. Менавіта ў гэты дзень у Арменіі завяршаецца “Месяц ушанавання жанчын”: гучаць віншаванні і словы падзякі матулям, родным і каханым жанчынам.

7 красавіка а 16-й гадзіне запрашаем вас на музычна-забаўляльную і пазнавальную праграму “Вянок дружбы: Арменія”!

У межах сустрэчы вас чакаюць майстар-класы па вырабе традыцыйнага армянскага хач астха, расповеды пра гісторыю, культуру, мову, літаратуру, танцавальныя і спеўныя выступы ад выкладчыкаў і навучэнцаў Мінскай аднадзённай  Армянскай школы. А таксама расповед пра нацыянальны строй і традыцыйныя рамёствы, гульня ў нарды, танцавальны майстар-клас і флэшмоб.

Са скарбніц музея ўсяго толькі на адзін дзень будзе выстаўлены на экспрэс-выставе арыгінальны слуцкі пояс: як вядома, да вытворчасці слуцкіх паясоў спрычыніліся прадстаўнікі армянскага народу.

У мерапрыемстве возьмуць удзел вакальна-танцавальны ансамбль “Наири”, Карінэ Дрнаян, музычны праект “BON Voyage”, армянскі фальклорны танцавальны ансамбль “Эребуни”.

Запрашаем прыходзіць усёй сям’ёй! Для маленькіх наведвальнікаў будзе працаваць адмысловая пляцоўка з гульнямі, мультфільмамі ды іншымі забавамі.

Дэталі і падрабязная праграма мерапрыемства на нашых старонках у сацыяльных сетках: Вконтакте і Facebook.

Месца правядзення: Літаратурны музей Максіма Багдановіча (г.Мінск, вул. М.Багдановіча, 7А  – Траецкае прадмесце).

Дата і час: 7 красавіка, 16.00. Уваход вольны.

Даведкі па тэлефонах: (8 017) 334-07-61, (8 017) 334-42-69.


Вам можа быць цікава

Выстава «У дарозе» ў Беластоку

26.03.2026 18:00 - 18.04.2026 19:00 Galeria Sztuki Marchand (ulica Jana Kilińskiego 12)

Майстар-клас па выцінанцы-выбіванцы ў Іўі

07.04.2026 (16:00 - 18:00) Іўеўскі музей нацыянальных культур (вул. 17 Верасня, 9)

Лайтовы ў Мінску

10.04.2026 (19:00 - 21:00) прастора «Рэха» (пр-т Незалежнасці, 95 к. 5)

«Belarus Outside Sound System: Echoes of Chornobyl» у Варшаве

24.04.2026 23:30 - 25.04.2026 05:00 Klub Mechanik (ul. Narbutta 8)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ