Выстава «Ахвярую сваім “Я”… » да 125-годдзя Максіма Гарэцкага

27.02.2018 17:00 - 17:00 Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. М.Багдановіча, 13) Уваход вольны

27 лютага ў 17.00 у Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры  адбудзецца прэзентацыя выставы «Ахвярую сваім “Я”… », прымеркаванай да 125-годдзя з дня нараджэння Максіма Іванавіча Гарэцкага і 100-годдзя заканчэння Першай сусветнай вайны.

Максім Гарэцкі належыць да ліку выдатных дзеячаў беларускай культуры. Яго творчасць уяўляе змястоўную і яскравую старонку ў гісторыі нацыянальнага прыгожага пісьменства. Максім Гарэцкі – асоба надзвычай шырокага творчага дыяпазону – таленавіты мастак слова, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, буйны вучоны, гісторык і тэарэтык літаратуры, палымяны публіцыст, нястомны змагар за нацыянальнае адраджэнне, клапатлівы педагог, арганізатар літаратурнага руху, лексікограф, перакладчык, збіральнік і прапагандыст вуснай народнай творчасці. Максім Гарэцкі – гэта гонар і сумленне беларускай нацыі, яе духоўны настаўнік, які ўнёс велізарны ўклад у фарміраванне нацыянальнай свядомасці беларусаў.

Максім Гарэцкі з’яўляецца аўтарам першай “Гісторыі беларускае літаратуры”, “Хрэстаматыі беларускае літаратуры. ХІ век – 1905 г.”,  літаратурна-крытычнай працы “Маладняк” за пяць гадоў. 1923-1928”, эпапеі “Камароўская хроніка”, рамана “Віленскія камунары”, аповесцей “Ціхая плынь”, “Дзве душы” і інш. У 1928 годзе выйшаў зборнік “Народныя песні з мелодыямі”, падрыхтаваны М.Гарэцкім у сааўтарстве з кампазітарам А.Ягоравым, у якім змешчана 318 беларускіх песень, запісаных Гарэцкім ад маці.

Шляхі Максіма і Гаўрылы Гарэцкіх ішлі побач. Гаўрыла Іванавіч Гарэцкі  – доктар геолага-мінералагічных навук, акадэмік АН БССР. Заслужаны дзеяч навукі БССР. Гаўрыла Гарэцкі апублікаваў больш за 160 навуковых прац, у тым ліку і ўспаміны пра брата Максіма. Сям’я Гарэцкіх – вялікая з’ява ў літаратуры, культуры, у жыцці нашага грамадства.

У мерапрыемстве прымуць удзел: Гарэцкі Радзім Гаўрылавіч – пляменнік  Максіма Гарэцкага, даследчыкі творчасці М.Гарэцкага, пісьменнікі.

У выкананні дыктара Першага нацыянальнага канала Беларускага радыё Вінярскага Алега Аляксандравіча прагучаць урыўкі з твора М.Гарэцкага “Запіскі на імперыялістычнай вайне”.

Месца правядзення: Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры

(вул. М.Багдановіча, 13).

Кантактныя тэлефоны:  (017) 335-44-47.

Электронная пошта: bellitmuseum@tut.by


Вам можа быць цікава

Дзяніс Дудзінскі ва Уроцлаве

18.01.2026 17:00 - 18.12.2026 18:00 Клуб Proza (Przejście Garncarskie 2)

Выстава «Віцебск у лініях Давіда Якерсона» ў Віцебску

17.03.2026 10:00 - 14.06.2026 17:00 Музей гісторыі Віцебскага народнага мастацкага вучылішча (вул. Марка Шагала, 5А)

Выстава «Графічныя афарызмы Міхаіла Лісоўскага» ў Мінску

17.03.2026 16:00 - 31.12.2026 17:00 Музей гісторыі беларускай літаратуры (вул. Багдановіча, 13)

Стэндап на мовах у Гданьску

03.04.2026 (19:00 - 21:00) Velvet Show & Dinner (Wajdeloty 13)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ