Выстава «Айвазоўскі і марыністы»

31.08.2017 11:00 - 19:00 Нацыянальны мастацкі музей (вул. Леніна, 20) Бясплатнае

Нацыянальны мастацкі музей Рэспублікі Беларусь рэалізуе выставачны праект «Айвазоўскі і марыністы», прымеркаваны да 200-годдзя з дня нараджэння знакамітага пейзажыста.

Як заўважыў Айвазоўскі, «…паэзію прыроды заўсёды адчуваў, адчуваю і стараюся перадаць маім пэндзлем. Чароўнасць паўднёвай ночы, неба, паўднёвага захаду, жах, які наганялі на душу бура ці ураган, – вось тыя пачуцці, якія натхняюць мяне, калі я пішу».

Адзначаючы ў Айвазоўскага рамантычны пачатак, мы нярэдка забываемся пра тое, што самы актыўны і працяглы перыяд яго творчасці прыпаў на другую палову XIX стагоддзя. А ў гэты час знатакі прыгожага нярэдка аддавалі перавагу не яго карцінам, а творам жывапісцаў, што імкнуліся да больш пэўнага адлюстравання прыроды. Так, у Аляксея Багалюбава можна адзначыць эмацыянальную стрыманасць і строгасць кампазіцыі («Парад рускага флоту», 1888), а таксама імпрэсіяністычнасць («Пажар у Кранштаце», 1875). Вастрыня, непасрэднасць успрымання адрозніваюць «Амстэрдам» (1885) Валянціна Сярова. У творах Мікалая Дубаўскога, з аднаго боку, адчуваецца лёгкасць («Бераг мора. Параход. Эцюд», 1900; «Марскі пейзаж», 1910-я), з другога – напружанасць («Мора», 1914). І ў тым, і ў іншым выпадку эфект дасягаецца дзякуючы працы колеру.

Леў Лагорыа, з’яўляючыся вучнем Айвазоўскага, не стаў прадаўжальнікам рамантычнай, выключна акадэмічнай традыцыі ў мастацтве. Як і шэраг яго сучаснікаў, ён імкнуўся да большай прастаты прасторавай пабудовы і спакойнай каларыстычнай гамы («На марскім беразе», 1871; «Бераг мора»). Другі вучань Айвазоўскага – Габрыель Касэсі – быў бліжэй да акадэмічнай традыцыі («Маяк», канец 1870 – пачатак 1880-х), надаючы ўвагу эфектам асвятлення і тэхніцы пісьма. Да акадэмізму імкнуўся Павел Тызенгаўзен («Бура», 1876) – марыніст з больш экспрэсіўнай манерай і дынамічнай кампазіцыяй.

І ўсё ж праз некаторы час самым буйным рускім марыністам застаўся менавіта Іван Айвазоўскі, які аднойчы падкрэсліў: «Мора – гэта маё жыццё».

Шматлікія палотны вядомага марыніста складаюць энцыклапедыю, дзе пра мора, пра разнастайнасць яго станаў сказана практычна ўсё. Мора ў Айвазоўскага то спакойнае («Туманная раніца», 1853; «Марына», 1858; «Раніца на моры», 1883), то зачаравальнае, таямнічае («Месячная ноч у Амальфі», 1845; «Ноч на востраве Родас», 1850), то грознае, бушуючае («Бура», 1852 і адрэстаўрыраваная спецыяльна да выставы «Бура на Азоўскім моры ў красавіку 1886 года», 1887). Кожны з гэтых станаў перададзены віртуозна, паэтычна. «Сюжэт карціны складаецца ў мяне ў памяці, як сюжэт верша ў паэта; зрабіўшы накід на кавалку паперы, я прыступаю да працы і да тых часоў не адыходжу ад палатна, пакуль не выкажуся на ім маім пэндзлем ». Творы Івана Айвазоўскага – гэта моцныя пачуцці і яркія перажыванні.

Выстаўка працуе да 31 жніўня 2017 г.


Вам можа быць цікава

Выстава «Вечная жаноцкасць» у Мінску

13.06.2025 18:00 - 24.08.2025 20:00 галерэя «Арт-Беларусь» (вул. Казлова, 3)

Экскурсія па Спасавай слабадзе ў Гомелі

12.07.2025 (10:00 - 13:00) філіял Веткаўскага музея (пл. Леніна, 4а)

Выстава Валерыі Антаніхінай у Магілёве (12+)

16.07.2025 (17:30 - 21:00) Арт-цэнтр «У Малчанава» (пр. Міру, 2А)

Апошняе
на Budzma.org

чытаць яшчэ