У аўтарскай рубрыцы «Казкі жыцця» Яна Вольская распавядае гісторыю пра жанчыну на імя Марыля, якая жыла, як і ўсе: «штодня хадзіла на працу, раз на паўгоду купляла праязны на мэтро, тралейбус і аўтобус, заскоквала пасьля працы ў краму, стаяла ў чарзе, абуралася цэнамі...» Здавалася б, звычайнае, спакойнае жыццё бяскрыўднай жанчыны. Але ці сапраўды ўсё так бяскрыўдна?
Малюнак Лявона Вольскага
Марыля жыла як усе. Ва ўсялякім выпадку, так яна заўсёды адказвала на пытаньні калегаў альбо сяброў.
— Як жыцьцё? — Як ва ўсіх.
— Што добрага? — Што й ва ўсіх.
— Як маесься? — Як усе.
Як усе, Марыля штодня хадзіла на працу, раз на паўгоду купляла праязны на мэтро, тралейбус і аўтобус, заскоквала пасьля працы ў краму, стаяла ў чарзе, абуралася цэнамі, якія штогод падвышаліся, плаціла камуналку, абуралася сумай камуналкі, якая штогод падвышалася, радавалася рэдкай прэміі на працы і штогадоваму адпачынку.
Як усе, хадзіла ў сацыяльную паліклініку і сварылася перад кабінэтам, калі нехта спрабаваў прарвацца, каб «толькі спытаць». Як усе, абуралася цэнамі на выпісаныя лекі і прасіла ў знаёмцаў, якія езьдзілі ў Эўропу, набыць для яе комплексныя вітаміны.
Калі ў школе старэйшаму сыну загадалі перадаць бацькам на подпіс згоду на ўступленьне ў БРСМ, як усе, паабуралася бессэнсоўнасьцю гэтай арганізацыі, у якой абы сплачваць унёскі, нягледзячы на абяцаныя льготы і выгоды. А потым, як і ўсе, падпісала згоду, каб не рабіць са свайго дзіцёнка «белую варону» і каб яго, ворагу не пажадаеш, не пачалі цкаваць у клясе.
Сама яна добра засвоіла бацькоўскі наказ: «не высоўвацца», «быць прасьцей, каб людзі цягнуліся», «не рабіць выгляд, што табе болей за ўсіх трэба», і ведала, што выраз «я чалавек маленькі, мне што кажуць, тое я і раблю» не аднойчы бараніў яе ад спрэчных сытуацыяў і шматкроць памяншаў адказнасьць. Якую, Марыля добра гэта ведала, людзі вакол яе спрабавалі перакінуць на любога, хто апынецца побач.
— Хто вязе, на тым і едуць, — любіла паўтараць Марыля.
Хаця, вядома, дома яна шмат везла на сабе. Прыбрацца, прыгатаваць, памыць, папрасаваць. Ня лічачы працы, гэтых клопатаў хапала па самую макаўку, каб не абцяжарвацца яшчэ й гіпэрадказнасьцю на працы. Але так ужо павялося. І маці Марылі, і ейная бабуля жылі гэтак, цягнучы на сабе і працу, і гаспадарку. А весьці гаспадарку ў вёсцы было шматкроць цяжэй, чым ёй, Марылі, у горадзе.
«Усе так рабілі, і я так раблю», — падтрымлівала яна сябе.
Як усім, Марылі час ад часу хацелася разьняволіцца, схадзіць на канцэрт. Мясцовыя музыкі і гурты пасьля рэвалюцыі параз’яжджаліся, параспадаліся, і выступалі адно расейскія артысты правінцыйнага разьліву. Але што было рабіць, калі хацелася на канцэрт? Зрэшты, Марыля лічыла, што гэтыя канцэрты былі не такія ўжо і кепскія. Ва ўсялякім выпадку, культурна правесьці вечар — ужо задавальненьне.
Раз на пару месяцаў яна выбіралася і ў тэатар. Калі ўсе вакол пачыналі казаць, што зьявілася новая пастаноўка паводле клясычнага твора расейскага аўтара, не выпадала адмаўляцца і не ісьці. І хоць пастаноўка не падавалася Марылі вельмі выбітнай, але, прынамсі, там былі маладыя акторы. А як ёй падабаўся сам рытуал паходу ў тэатар! Кубак кавы з каньяком у антракце, пах тэатральнага дыму... Ну ўсе ж пагодзяцца, што тэатар — гэта сапраўднае мастацтва!
У тэатры, дарэчы, можна было легальна пачуць беларускую мову, якая будзіла ў Марылі ўспамін пра дзяцінства і бабулю. Цяпер, вядома, Марыля гарадзкая і гаворыць, як усе, па-расейску. Але калісьці даўно, калі яна яшчэ бегала малой дзяўчынкай, расейскай яна ня ведала, а размаўляла адно па-беларуску. За што ў гарадзкой школе зь яе злосна кпілі дзеці і называлі яе «каўгасьніцай». Пра гэта яна не забылася, хоць вельмі хацела забыцца, і старанна пазбаўлялася розных беларускіх словаў. Аднак на яе часам дзіўнавата глядзелі, пачуўшы «на калідоры», «шуфлядка» ды «сьпінжак».
Як усе, Марыля заходзіла ў сацыяльныя сеткі, глядзела рэцэпты пірагоў і запяканак, выкладала коцікаў і кветкі зь лецішча. Як хораша летась у яе квітнелі гіяцынты! На зайздрасьць суседкам.
Часам ёй трапляліся розныя навіны — то пра новую кнігу пісьменьніка, які даўно зьехаў з краіны, то пра новую песьню музыканта-эмігранта, чые песьні сьпявалі каля вогнішча ў ейным студэнцтве, то пра моўныя спрэчкі за мяжой.
І тут ужо Марыля давала сабе свабоду. Яна пісала ананімна, бо якая розьніца, як называцца, калі ты выказваеш сваё меркаваньне?!
У камэнтарах Марыля выкрывала ўсіх гэтых дзеячаў. Яна пісала, што тыя прадаліся за грошы Захаду, а паколькі яна мала каго ведала, то часта пакідала камэнтар: «А хто гэта?» — да навінаў пра культуру. У камэнтарах пад гістарычнымі праграмамі па-беларуску яна пісала: «У вядоўцаў расейскі акцэнт», бо яна дакладна магла яго адрозьніць. А салодкаму поп-гурту, які некалі нават езьдзіў на «Эўравізію» і за які Марыля заўзела, яна напісала камэнтар, што пра іх ніхто не памятае, і наогул яны сьпевакі адной няўцямнай песьні.
Іншых закляйміла тым, што яны няздары і здраднікі. А галоўнае, Марыля цярпець не магла двудушных людзей.
«Няма чаго тут прыяжджаць да нас і бегаць па лекарах. Зьехалі — там і лекуйцеся!» — камэнтавала яна.
«Лухта», — часьцей за ўсё адзначала Марыля на навіны з-за мяжы.
На гэтыя ж навіны яна ставіла ванітоўныя смайлікі і дызлайкі. Пакуль аднойчы яе не заблякавалі.
«Ваш акаўнт парушае нормы супольнасьці», — значылася ў паведамленьні.
— Што, праўда вочы коле? — зларадна запыталася Марыля ў экрана.
Празь некалькі тыдняў у яе атрымалася стварыць новы акаўнт. Яна паставіла на застаўку коціка, зрабіла профіль закрытым і напісала свой першы камэнтар пад навіной пра мастацкую выставу:
«Абы-што».
Яна Вольская, Budzma.org
Калі вы працуеце ў Літве, вы можаце падтрымаць «Будзьма беларусамі!», пералічыўшы нам 1,2% ад сваіх падаткаў. Вам уласна гэта не будзе каштаваць анічога.