У навуковай бібліятэцы імя Коласа НАН Беларусі пачала працу выстава «Дзень беларускага пісьменства».
Выстава, якая традыцыйна праходзіць у ЦНБ, знаёміць з найбольш цікавымі публікацыямі за апошнія тры гады па гісторыі беларускага рукапіснага і друкаванага слова, пра мысліцеляў і асветнікаў зямлі беларускай.
На выставе прадстаўлены публікацыі, прысвечаныя гістарычнаму асэнсаванню спадчыны Францыска Скарыны, Еўфрасінні Полацкай, Сімяона Полацкага, Сымона Буднага і іншых рэлігійна-асветніцкіх дзеячоў.
Значная частка матэрыялаў знаёміць з сучаснымі даследаваннямі помнікаў хрысціянскага пісьменства, беларускага летапісання, лексікі старабеларускай мовы, малавядомымі тэкстамі XVIII ст., гісторыяй беларускай літаратурнай мовы і сучасным станам беларускай кніжнай культуры.
Выстава працуе да 25 верасня.
Уваход вольны.